Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАМЕСТ “БАЛТЫКІ”, ЯКАЯ СЫШЛА З ДЫСТАНЦЫІ, НА ПІЎНЫ РЫНАК БЕЛАРУСІ ІМКНЕЦЦА “ОЧАКОВО”


Ігар Карней, Менск

Слуцкі бровар — адзін з шаснаццаці дробных беларускіх заводаў, якія разам даюць той жа аб’ём піва, што й сталічная “Крыніца”. Тым ня менш, менавіта Слуцак прывабіў чарговых расейскіх інвэстараў. На пачатку году горад наведала прадстаўнічая маскоўская дэлегацыя. Ніякіх значных дакумэнтаў падпісана не было, бо мэтай візыту было толькі азнаямленьне.

І ў Маскве, і ў Слуцку кіраўнікі бровараў ухіляюцца ад камэнтароў наконт пэрспэктываў супрацоўніцтва. Такім чынам, колькі сродкаў “Очаково” гатовае ўкласьці ў піўны бізнэс у Беларусі — пакуль невядома. Прычыну ж упартага маўчаньня на двух полюсах тлумачыць эканаміст Леанід Злотнікаў:

(Злотнікаў: ) “Там, дзе ёсьць прыбытак, туды капітал будзе ісьці. Мабыць, прыбытак у Слуцку акрэсьліваецца. Другое — магчымая рызыка. Калі рызыка вялікая, і да таго ж, яна палітычная, капітал ня пойдзе. Бо паўтарыць сцэнар з “Балтыкай”, калі капітал прапаў, альбо яшчэ прападзе, ніхто не захоча. Відавочна, пакуль што прапрацоўваецца бізнэс-плян і тыя ўмовы, на якіх іх сюды пускаюць. А потым яны зробяць высновы”.

Натуральна, што паводле ўсіх кампанэнтаў “Очаково” і Слуцкі бровар ніяк не параўнальныя, таму разьмеркаваньне пазыцыяў у сэнсе таго, хто будзе дыктаваць умовы ў магчымым інвэстыцыйным праекце — не выклікае сумневу. “Очаково” ўваходзіць у тройку найбуйнейшых вытворцаў піва ў Расеі з паказчыкам 50 мільёнаў піўных дал на год.

І хоць гэта амаль у дзесяць разоў меней за магутнасьці “Балтыкі”, затое шматразова больш за паказчыкі ўсіх беларускіх бровараў разам. Да ведама. У Слуцку вырабляюць меней за мільён дал піва на год. Да таго ж, сам завод вельмі стары, абсталяваньне цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў не аднаўлялася.

Але ў Слуцку прарошчваецца найлепшы ня толькі ў Беларусі, але і ў параўнаньні з шэрагам расейскіх рэгіёнаў солад, які дагэтуль з задавальненьнем купляюць многія расейскія вытворцы піва.

Між тым, сёньня прэсавы сакратар “Крыніцы” Аляксандар Ліманоўскі пацьвердзіў, што ніякіх зрухаў у супрацьстаяньні паміж кіраўніцтвам Беларусі і “Балтыкі” няма. Адкліканыя “Балтыкай” адмыслоўцы, якія займаліся мантажом новага абсталяваньня, застаюцца ў Санкт-Пецярбурзе.

Пагрозы кіраўніцтва расейскага бровару зьвярнуцца ў Міжнародны арбітражны суд, каб вярнуць укладзеныя ў “Крыніцу” 10 мільёнаў даляраў, так і застаюцца пагрозамі. Эмісія акцыяў, чаго цягам усяго часу патрабуе расейскі бок, бліжэйшым месяцам таксама не плянуецца.

Паводле спадара Ліманоўскага, калі нейкія рашэньні й будуць прымацца, то выключна на ўзроўні двух зацікаўленых асобаў — Лукашэнка–Балоеў. А вось дырэктар “Крыніцы” Ўладзімер Бадроў у гэтым трохкутніку лішні, і ніякай ролі ў падзеле ўласнасьці ня грае.


XS
SM
MD
LG