Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛОВА ГРАМАДЗЯНАЎ НЕ ПАДАЛА ДЭКЛЯРАЦЫІ АБ ДАХОДАХ


Валер Каліноўскі, Менск

У апошнія дні лютага дзяржаўнае радыё і тэлебачаньне значна ўзмацнілі прапагандысцкую падатковую кампанію — каб грамадзяне падалі дэклярацыі аб даходах і заплацілі падаткі. Дэклярацыі прымаюць да 1 сакавіка. Аднак ля падатковых інспэкцыяў асаблівых чэргаў няма.

Усяго падатковымі органамі зарэгістравана больш за 350 тысяч чалавек падаткаплатнікаў. Летась яны падалі 271 тысячу дэклярацыяў. Сёлета ж на 20 лютага дэклярацыі падалі толькі 153 тысячы грамадзянаў. Намесьнік міністра падаткаў і збораў Аляксандар Дарашэнка лічыць, што рэшта пойдзе ў інспэкцыі ў апошнія дні.

Тым ня менш відавочны крызыс. Сведчаньнем таму і той факт, што падатковыя інспэкцыі цяпер працуюць да позьняга вечара і без выхадных, што падаткавікі самі прыяжджаюць на буйныя прадпрыемствы, дапамагаюць пісаць дэклярацыі й прымаюць іх на месцы.

Аляксандар Дарашэнка паведаміў, што пры налічэньні падаткаў у Беларусі па-ранейшаму кіруюцца прынцыпам “сацыяльнай справядлівасьці” — чым большы даход, тым большы падатак.

“Гэта скапіявана з заходніх краінаў, дзе розьніца даходаў значная, а ў Беларусі ж звычайныя суадносіны даходаў 20% самых бедных і 20% самых багатых складаюць ўсяго 1 да 3”, — зазначыў Свабодзе вядомы незалежны эканаміст Леанід Заіка.

(Заіка: ) “Калі ж быць больш дакладным, то ў нас багатыя і бедныя — яны ўсе бедныя, бо багатым у нас лічыцца той, хто атрымлівае 200 даляраў. Таму ўся тэхналёгія й працэдура збору падатку з сукупнага гадавога даходу ня мае ў Беларусі ніякага сэнсу. Затраты на гэта не акупляюцца самімі падаткамі, і гэта ператвараецца ў цэлым у вялікую бязглузьдзіцу”, — лічыць Леанід Заіка.

Фактычна падатак з сукупнага гадавога даходу плацяць настаўнікі, лекары, навуковыя супрацоўнікі.

Паводле падлікаў Леаніда Заікі, у Беларусі ў сярэднім падаткі зь фізычных асобаў складаюць каля 9%. Таму правільна было б увесьці адзіны падатак 10%, была б відавочная эканомія на бюракратыі. Прыблізна так зрабілі ў Расеі, дзе адзіная стаўка падатку складае 13%.

Урад Беларусі ўжо абяцаў гэта зрабіць, але намесьнік міністра падаткаў і збораў Аляксандар Дарашэнка гаворыць, што яшчэ рана:

(Дарашэнка: ) “Гэтае пытаньне разглядаецца, яно ў стадыі абмеркаваньня. Калі гэта будзе, давайце спытаемся ў дэпутатаў”.

Цяпер максымальная стаўка падатку на фізычных асобаў у Беларусі складае 30%. На думку Леаніда Заікі, большасьць грамадзян лічыць гэта несправядліва высокім узроўнем і стараецца не плаціць. Летась падатковыя органы прыцягнулі да адказнасьці за ўхіленьне ад уплаты падаткаў каля 8 тысяч грамадзянаў.

XS
SM
MD
LG