Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРЦЫ БЕЛАРУСІ ЗАМІНАЕ СТРАХ КІРАЎНІКОЎ?


Казімер Яноўскі, Гомель

Выкліканы на трыбуну даць справаздачу пра рэфармаваньне сельскай гаспадаркі рэгіёну на падставае указаў кіраўніка дзяржавы і пастановаў Саўміну, старшыня Гомельскага аблвыканкаму Аляксандар Якабсон прызнаўся: калі б ён дасканала ведаў, як праводзіць рэформы, то за гэта яму б належала даць Нобэлеўскую прэмію. Прызнаньне выклікала сьмех і ў прэзыдыюме, і ў залі, дзе знаходзіліся міністры, кіраўнікі сельгасворганаў, раёнаў і нават асобных гаспадарак. Але “вэртыкальшчыку” было не да смеху.

Сельская гаспадарка Гомельшчыны мае зараз 185 мільярдаў рублёў крэдытных даўгоў, альбо 465 мільёнаў рублёў – на кожную гаспадарку. Ёсць толькі асобныя сельгаспрадпрыемствы, кшталту “Зары” Мазырскага раёну, якія жывуць без пабочнай дапамогі. Большасьць гаспадарак занядбаныя. У калгасе “Звязда” Жлобінскага раёну летась наогул сабралі 5 цэнтнэраў збожжа на гектар – за што, паводле слоў прэм’ера Генадзя Навіцкага, кіраўніка гаспадаркі трэба наогул прыцягваць да крымінальнай адказнасьці.

І прэм’ер, і ягоныя намесьнікі Аляксандар Папкоў, Андрэй Кабякоў і кіраўнік камітэту дзяржкантролю Анатоль Тозік дапытваліся ў старшыні аблвыканкаму Якабсона, чаму, нягледзячы на ўсе ўказы і пастановы, у вобласьці рэальна не вядзецца рэаганізацыя сельгасвытворчасьці.

Спадар Тозік наогул абураўся, заявіўшы, што “урад карачыцца, сяк-так яшчэ варушацца ў райвыканкамах, а ў калгасах ціха”. Усе чакаюць нейкай чарговай адмашкі, хаця іх было ужо шмат.

Аляксандар Якабсон зноў-такі шчыра прызнаўся, што кіраўнікі баяцца праяўляць ініцыятыву. Трымаюцца прынцыпу: сёньня зраблю, а заўтра – загадаюць назад перарабляць. Альбо наогул пакараюць.

На гэта старшыня дзяржкантролю Анатоль Тозік запярэчыў, маўляў, за ініцыятыву ў краіне яшчэ ніводнага кіраўніка АПК не пасадзілі. Што страх спрычыняецца да бязьдзеяньня – з гэтым пагаджаецца і прэм’ер-міністар Генадзь Навіцкі. Вось што ён заявіў у гэтай сувязі вашаму карэспандэнту:

(Навіцкі: ) “У вас правільнае ўражаньне складваецца. Прынамсі, яно супадае з маім, што страх, можа й ня страх, а проста мэнталітэт такі, што чакаюць, каб зьверху далі каманду – гэта сядзіць у нас ад мінулага. Вы заўважылі, што сёньня я праводжу прэзыдыюм досыць свабодна. Спрабую якраз пераадолець гэты бар’ер, наколькі магчыма,” – сказаў прэм’ер Генадзь Навіцкі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG