Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІМІ КЛОПАТАМІ ЖЫВЕ ДРОБНЫ БІЗНЭС КРАІНЫ?


Міхал Стэльмак, Менск

(Карэспандэнт: ) “На што вы спадзяецеся ў 2002 годзе?”

(Максім: ) “Я Максім. Каб горш ня было. Бо з кожным годам усё цяжэй працаваць. А на паляпшэньне наўрад ці хто спадзяецца”.

(Карэспандэнт: ) “З гэтага вынікае, што мінулы год быў для вас складаным?”

(Максім: ) “Было цяжэй, чым у 2000 годзе”.

(Карэспандэнт: ) “Вы спадзяецеся, што 2002 год будзе для вас пасьпяховым?”

(Сьвятлана: ) “Не, на гэта мы не спадзяемся. Таму што робіцца ўсё горш і горш. Пакупніцкая здольнасьць насельніцтва ўсё меншае. Шмат хто ня ходзіць на рынак, бо ў людзей грошай няма”.

(Карэспандэнт: ) “Вы даўно ў бізнэсе?”

(Віктар: ) “Сем гадоў”.

(Карэспандэнт: ) “За гэты час вашы справы палепшыліся ці пагоршыліся?”

(Віктар: ) “Горшаюць з кожным годам”.

(Карэспандэнт: ) “На што вы спадзяецеся ў 2002 годзе?”

(Віктар: ) “На зьмяншэньне падаткаў. На нармалёвую палітыку. Што хлусьня спыніцца па тэлевізіі — а то па тэлевізіі гавораць адно, але народ жа бяднее”.

(Карэспандэнт: ) “Вас турбуе пакупніцкая здольнасьць насельніцтва?”

(Віктар: ) “Ня толькі. Мяне турбуе жыцьцёвы ўзровень насельніцтва, каб народ лепш жыў. Таму што наперадзе беспраглядная цемра”.

(Карэспандэнт: ) “Якія законы ў краіне трэба прыняць, каб жыцьцё дробнага бізнэсоўца зрабіць лепшым?”

(Спадарыня: ) “Трэба зьменшыць падаткі й арэндную плату. Нідзе ў сьвеце арэнды на выставе коштам 800 даляраў за месца, як у нас, няма. У мяне ёсьць знаёмыя іншаземцы, якіх вельмі зьдзіўляе, што такое можа быць”.

(Карэспандэнт: ) “Вас турбуе арэндная плата?”

(Ірына: ) “Турбуе. За адзін мэтар квадратны я плачу 103 даляры на месяц. Гэта вельмі дорага. Затым я яшчэ плачу й падатак 100 даляраў. Гэта азначае, што 200 даляраў трэба аддаць дзяржаве. Што ж тады застаецца сабе? Я адна, бяз мужа, гадую дзіця. Як мне можна ўтрымліваць сям’ю?!”

(Карэспандэнт: ) “Назавіце сябе, калі ласка”.

(Ірына: ) “Мне 50 гадоў, на іншую працу я не магу ўладкавацца, бо ўжо ўзрост. Як скажаш, што пяцьдзясят гадоў, дык нікому такі работнік не патрэбны. І я вымушаная стаяць тут на рынку”.

(Карэспандэнт: ) “Вы даўно ў бізнэсе?”

(Аляксандар: ) “Так. Пачынаў з каапэратыўнага руху. Дробнай вытворчасьцю займацца тут немагчыма. Пасьля таго, як збанкрутавалі каапэратывы, я прыйшоў сюды. Я гаспадар. Трэба дапамагаць цешчы, бацькам, сына вучыць”.

(Карэспандэнт: ) “Што трэба зрабіць, каб зьмяніць беларускі бізнэс?”

(Аляксандар: ) “Трэба прыняць разумныя законы. Параўнайце з Расеяй. Вось яна рухаецца ў Эўразьвяз, а мы — у супрацьлеглы бок”.

(Карэспандэнт: ) “У вас ёсьць прапановы наконт паляпшэньня жыцьця беларускіх прадпрымальнікаў?”

(Віталь: ) “У такой краіне і з такім прэзыдэнтам — няма. У наступныя 20 гадоў”.

(Спадарыня: ) “Улада нас не заўважае. Як вынік — нам дрэнна”.

(Аляксандар: ) “Я Аляксандар. Я зараз працую ў школе, а тут выжываю. Працую тут не ад добрага жыцьця. Але й тут няма нічога добрага”.

(Карэспандэнт: ) “Што трэба зрабіць, каб палепшыць беларускі бізнэс?”

(Аляксандар: ) “Патрэбная лібэралізацыя эканомікі краіны. Бо па цяперашніх законах працаваць немагчыма — ні вялікаму бізнэсу, ні малому”.

(Карэспандэнт: ) “Вашыя рэкамэндацыі?”

(Аляксандар: ) “Уладу зьмяніць”.


XS
SM
MD
LG