Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ РЭЗКА ВЫРАС КУРС ДАЛЯРА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Нацыянальны банк Беларусі ўсталяваў сёньня абменны курс продажу на 1590 рублёў за адзін даляр ЗША. У абменных пунктах розных камэрцыйных банкаў гэты курс быў значна вышэйшы — ад 1600 да 1650 рублёў за даляр.

Я сёньня наведаў некалькі абменных пунктаў, і самы нізкі курс продажу даляра — 1600 рублёў, а пакупкі — 1660 рублёў — быў усталяваны ў “Беларусбанку”. У “Слаўнафтабанку” даляр куплялі за 1625 рублёў. Гаворыць касырка гэтага банку:

(Касырка: ) “Кожны банк з дазволу Нацбанку ставіць свой абменны курс. Наш банк таксама выстаўляе сваю пакупку й продаж”.

(Карэспандэнт: ) “А народ не імкнецца здаць свае даляры?”

(Касырка: ) “Не, наадварот больш купляюць”.

Супрацоўніца Менскага транзытнага банку вось што мяркуе пра тое, чаму людзі сталі актыўна купляць даляры:

(Супрацоўніца: ) “Відаць, грошы людзі атрымалі — можа, зарплату да Новага году далі, ня ведаю”.

У іншых банках абменны курс вагаўся каля 1630 рублёў. На чорным жа рынку ён сягаў 1650 рублёў.

Шэф прэсавай службы Нацыянальнага банку Беларусі Анатоль Драздоў кажа, што ўзмоцнены попыт на даляры насельніцтва заўсёды праяўляе пасьля такіх сьвятаў як Новы год і Раство. Паводле сп. Драздова, Нацыянальны банк адпаведна хутка адрэагуе на гэтую зьяву й цягам бліжэйшых дзён істотна перагледзіць стаўку рэфінансаваньня.

Экспэрт Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Валер Дашкевіч таксама лічыць, што пасьлянавагодні рост абменнага курсу даляра — зьява часовая. Проста людзі, якія перад сьвятамі атрымалі зарплаты, прэміі (уключна з запазычанасьцямі), на сьвяты больш трацілі беларускія рублі, цяпер на рэшту рублёў пачалі актыўна купляць даляры. Гаворыць Валер Дашкевіч:

(Дашкевіч: ) “Гэта паўтараецца кожны год. Пасьля навагодніх сьвятаў на рынках быў вялікі продаж тавараў за беларускія рублі. Пасьля Новага году іх пачынаюць зноў канвэрсаваць у валюту, каб закупіць новую партыю. Пэўны ціск аказвае ценявы рынак. Акрамя таго, Нацбанк рабіў грашовую эмісію, дзеля пагашэньня даўгоў сельгаспрадпрыемстваў. Была значная эмісія, выдадзеная ў наяўных грошах. Празь некаторы час гэтыя грошы атрымалі людзі, якія сьпяшаюцца, каб пазьбегнуць інфляцыі, перавесьці іх у наяўную валюту”.

Прадстаўнікі Нацбанку сьцьвярджаюць, што сёлета вялікай інфляцыі быць не павінна, і паводле старшыні банку Пятра Пракаповіча ў канцы 2002 году даляр будзе каштаваць ня больш за 1860 рублёў.

Незалежны экспэрт Валер Дашкевіч менш аптымістычны — ён лічыць, што да канца гэтага году даляр будзе каштаваць ня менш як 2200 рублёў, і гэта пры той умове, калі ў Беларусі не адбудзецца значных эканамічных і фінансавых катаклізмаў.

XS
SM
MD
LG