Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАСТУП НА ДРОБНЫХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ ПРАЦЯГВАЕЦЦА


Міхал Стэльмак, Менск

У Менску пачатак 2002 году прынёс шмат непрыемнасьцяў многім прадпрымальнікам, якія займаліся дробным гандлем. Вось што паведаміла сёньня нашаму радыё прадпрымальніца Ніна Аўдзеева:

(Аўдзеева: ) “Нам дазволілі працаваць да 31 сьнежня на вакзале ў шапіках, а зараз узялі ды адключылі электраэнэргію, хаця ў нас і дамова ёсьць. Адключылі электрычнасьць ня толькі мне, а й фірме “Фрутабел”, прыватнаму прадпрымальніку Калацкаму.

Гэта зроблена ў сувязі з тым, што гарвыканкам вырашыў прыбраць з вуліцаў Менску многія шапікі. Яны ня могуць падчапіць мой шапік і зрушыць яго зь месца бульдозэрам, бо пабойваюцца, таму што гэта прававы акт, які мае наступствы”.

Паводле словаў спадарыні Аўдзеевай, пасьля навагодніх сьвятаў пагроза закрыцьця навісла над сотнямі прадпрымальнікаў, якія вялі гандаль на вуліцах сталіцы. Спроба ўладальнікаў шапікаў пераканаць гарадзкое начальства ў памылковасьці рашэньня пакуль што ня мела посьпеху. Дробныя чыноўнікі спасылаюцца на ўказаньне мэра Менску Міхаіла Паўлава. Той, аднак, паводле словаў спадарыні Аўдзеевай, катэгарычна адмаўляецца ад перамоваў.

Шмат клопатаў абяцае новы год і прадпрымальнікам, якія гандлююць на рынках Менску. У прыватнасьці, улады зьбіраюцца закрыць рынак “Байкальскі”, на тэрыторыі якога ў лістападзе адбыліся масавыя пратэсты гандляроў і мясцовага насельніцтва. Таму прадпрымальнікі, як паведаміла іхная лідэрка Вольга Селязьнёва, і сёлета ставяць перад сабою цьвёрдую мэту.

(Селязьнёва: ) “Дамагчыся даго, каб рынак пакінулі. Таму што можам застацца безь нічога. А пакуль што ў новым годзе ў нас павялічыліся выплаты. І арэнда падаражэла, і падатак большы стаў”, — паведаміла спадарыня Селязьнёва.

Гэтак жа востра праблема выжываньня стаіць і перад бізнэсоўцамі, што жывуць і працуюць у рэгіёнах. Вось, напрыклад, як пракамэнтаваў гэтую праблему лідэр аршанскіх прадпрымальнікаў Аляксандар Сталяроў:

(Сталяроў: ) “Ворша — бедны рэгіён. З заробкаў людзям толькі авансы далі. А гандаль жа залежыць ад колькасьці грошай у людзей. Узровень жа іхнага дабрабыту рэзка зьнізіўся. Мы, прадпрымальнікі, гэта як ніхто іншы адчуваем. Таму многія пайшлі ў адпачынак са студзеня — да 7-га, да 10-га студзеня”.


XS
SM
MD
LG