Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ЗАКЛІКАЕ РАЗЬВІВАЦЬ АЙЧЫННУЮ ТЫТУНЁВУЮ ПРАМЫСЛОВАСЬЦЬ. ЭКСПЭРТЫ ЛІЧАЦЬ БЕЛАРУСКІЯ ЦЫГАРЭТЫ НАЙГОРШЫМІ Ў СЬВЕЦЕ


Ігар Карней, Менск

У часе нарады Аляксандар Лукашэнка заявіў, што "нікому не дазволіць нажывацца на шкодных звычках людзей на страту дзяржаве". Лукашэнка чарговым разам падкрэсьліў, што вытворчасьць і рэалізацыя тытунёвых вырабаў зьяўляецца той сфэрай, якая моцна ўплывае на фармаваньне бюджэту й дабрабыт грамадзянаў. А таму, маўляў, патрэбна цалкам пераарыентавацца на вытворчасьць айчынных цыгарэтаў.

Галоўным фаварытам у гэтай праграме зьяўляецца Гарадзенская тытунёвая фабрыка, якая пасьля наведваньня Лукашэнкам у 1999 годзе нават была вызваленая ад акцызнага падатку да канца 2002 году. Аднак сёньня кіраўніцтва фабрыкі атрымала папрок за адсутнасьць спажывецкага попыту: запас гатовых вырабаў на складах роўны аб'ёму вытворчасьці за два месяцы.

Тымчасам адмыслоўцы перакананыя, што праблема палягае ў тым, што якасьць беларускіх цыгарэтаў значна горшая за замежныя, а дзяржава робіць усё, каб не перашкодзіць замежным інвэстарам. Маўляў, будзе страчаны кантроль за гэткай важнай галіной дзяржаўнага сэктару. У выніку тытунёвая вытворчасьць недастаткова фінансуецца, састарэлі тэхналёгіі і абсталяваньне.

Якасьць прадукцыі не вытрымлівае ніякай крытыкі: паводле ўтрыманьня смолаў і нікатыну беларускія цыгэрэты ня маюць ніякіх шанцаў трапіць на зьнешні рынак. Гаворыць супрацоўнік хімічнай лябараторыі БДУ Сяргей Асіповіч.

(Асіповіч: ) "Цяпер, калі ёсьць магчымасьць паліць цыгарэты іншай якасьці, прыкладам, Marlboro, Winston, Chesterfield, цяжка глядзець у бок айчынных марак — "Прымы", "Арбіты", нават "Космасу", які ў свой час лічыўся найлепшым у Саюзе. Чаму так адбываецца? Беларускія цыгарэты ўтрымліваюць гэткую вялікую колькасьць смолаў і нікатыну, што на Захадзе ніводная арганізацыя аховы здароўя не дазволіла б іхнага спажываньня. За мяжой тытунёвыя кампаніі робяць усё, каб колькасьць прадуктаў гарэньня зьнізіць; у нас жа ўсё засталося так як і 15-20 год таму. І гэта вельмі небясьпечная абыякавасьць: чым болей смолаў утрымлівае ў сваім складзе кожная цыгарэта, тым болей верагоднасьць захворваньня на рак лёгкіх".

Каб не пужаць народ, зьвесткі пра дапушчальныя нормы смолаў нікатыну на цыгарэтных пачках айчынных вытворцаў адсутнічаюць. Ад 1993 году было пяць спробаў інвэставаць грошы у гарадзенскую тытунёвую фабрыку — гэта спрабавалі зрабіць British American Tobacco, Reynolds, Philip Morris, "Булгартабак" і турэцкі "Тэкел". Ніводзін з праектаў беларускім бокам ня быў ўхвалены на той падставе, што ўсе кампаніі прэтэндавалі на пэўную долю ўласнасьці.

Таму зараз пераабсталяваньнем магутнасьцяў гарадзенскай фабрыкі ў загадным парадку займаюцца амаль выпадковыя структуры: 13 млн эўра на набыцьцё абсталяваньня для тытунёвага цэху мусіць пералічыць "Белзьнешэканамбанк", яшчэ 37 мільёнаў нямецкіх марак павінен прыцягнуць урад ад іншых беларускіх банкаў. Пры тым, што дагэтуль памеры інвэстыцыяў замежных тытунёвых кампаніяў вагаліся ад 60 да 100мільёнаў даляраў. Тымчасам, тытунёвыя гіганты ўклалі свае грошы ў вытворчасьць цыгарэтаў у суседніх зь Беларусьсю краінах.

Атрымаўшы адмову ад беларускага кіраўніцтва, той жа British American Tobacco уклаў 200 мільёнаў даляраў у завод у польскім Аўгустове, што зусім побач зь мяжой Беларусі. І гэтакія ж сумы інвэставаў адпаведна ў маскоўскую "Яву", саратаўскую тытунёвую фабрыку, украінскую фабрыку "Прылукі" і нават стварыыў сумеснае прадпрыемства ва Ўзбэкістане — "УзБАТ".

Цяпер значная колькасьць цыгарэтаў з тых заводаў кантрабанднымі шляхамі трапляе на беларускі рынак. Так, паводле самых прыблізных ацэнак экспэртаў, больш за 6 мільярдаў штук цыгарэтаў абарочваецца ў Беларусі нелегальна. А "празрыстая" беларуска-расейская мяжа спрыяе гэтаму як найлепей.


XS
SM
MD
LG