Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСЬЛЯ ВЫБАРАЎ УЛАДЫ СТРАЦІЛІ ЎСЯЛЯКІ ІНТАРЭС ДА КАЛГАСАЎ


Ігар Карней, Менск

З большасьцю гаспадарак дзяржава дагэтуль не разьлічылася за рэалізаваную імі прадукцыю. Адсюль — адсутнасьць у калгасаў вольных сродкаў. Экспэрт у галіне сельскай гаспадаркі, былы кіраўнік Беларускай сялянскай партыі Яўген Лугін бачыць прычыны сытуацыі ў наступным:

(Лугін: ) "У часе падрыхтоўкі да выбараў усе сродкі йшлі на гэта. Што было — падчысьцілі, пусьцілі на выбары, а сялянаў тым часам "кармілі" абяцаньнямі. Урэшце атрымалася як звычайна. Збожжа сабралі значна меней, чым плянавалі. Нягледзячы на адзін з самых ураджайных гадоў, атрымалі фактычна столькі ж, колькі ў неспрыяльны леташні год. Зусім мала сабралі бульбы: 100 цэнтнэраў з гектару супраць 200-250 цэнтнэраў раней".

Адметна, што, калі меркаваць паводле бугальтарскіх справаздачаў, заробак калгасьнікаў істотна падвысіўся. У гаспадарках, што мелі добрыя паказчыкі па выніках жніва, заробкі павінны складаць ад 200 да 300 тысяч рублёў. Але гэта на паперы. Пераважная большасьць калгасьнікаў чакае абяцанага вось ужо тры месяцы. Паказальна, што ўпершыню за некалькі год пачаліся затрымкі з пэнсіямі сялянам — асноўнаму электарату Лукашэнкі.

(Лугін: ) "Праблема палягае ў тым, што дзяржава цягам усіх апошніх гадоў ажыцьцяўляла "рабавальніцкую" палітыку адносна сялянства. Даваліся невялікія крэдыты на сяўбу ды ўборачную, але аўтаматычна лічылася так: усё, што сабранае — гэта ўжо дзяржаўнае, а не калгаснае — і, адпаведна, павінна быць здадзенае дзяржаве. Калгасы выконвалі гэтую волю, бо першым актам парушэньня законнасьці й Канстытуцыі, які зьдзейсьніў Лукашэнка, стаўся дэкрэт №51 ад лютага 1995 году. Паводле яго, усталёўвалася кантрактная сыстэма працы са старшынямі калгасаў. Фактычна гэтым актам старшыняў зрабілі дзяржаўнымі наймітамі, якія ня могуць праводзіць сваю гаспадарчую палітыку. Што загадае раённы чыноўнік, тое яны і выконваюць".

Пасьля выбараў улады згубілі да калгасаў усялякую цікаўнасьць. Гэтымі днямі я размаўляў з намесьнікам старшыні аднаго з калгасаў на Гарадзеншчыне, і той распавёў, што ад верасьня гаспадаркі літаральна кінутыя на самавыжываньне. Грошы за зрэалізаваную дзяржаве прадукцыю не паступаюць, пра дапамогу ў аднаўленьні парку сельгасмашынаў ніхто ня хоча нават гутарыць, а днямі наогул быў пазбаўлены электрычнага сілкаваньня шэраг калгасаў вобласьці. Спадар Лугін упэўнены, што гэтыя тэндэнцыя захаваюцца і надалей.

(Лугін: ) "Будуць пазбаўляцца ад тых калгасаў, якія маюць вялікія запазычанасьці і зьяўляюцца стратнымі".

(Карэспандэнт: ) "У тым ліку й шляхам эканамічнага прыгнёту?"

(Лугін: ) "Спрабавалі некалькі варыянтаў. Найперш далучалі "паміраючыя" калгасы да больш-менш жывучых. Па-другое, аддавалі гаспадаркі дзе сельгасхіміі, дзе мэблявай фабрыцы, але гэта кардынальна сытуацыі не зьмяніла. Трэці варыянт — пачалі аддаваць калгасы ў арэнду фэрмэрам, бо акцыянаваньне — гэта занадта складаны для ўлады працэс".
XS
SM
MD
LG