Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЛІСТАПАДЗЕ Ў БЕЛАРУСІ ЎЗРАСТУЦЬ КОШТЫ НА ЎСЁ


Ігар Карней, Менск

Найбольш балючы ўдар у кастрычніку адчулі пасажыры, якія карыстаюцца міжгародным транспартам. Кошт квіткоў на аўтобусы мясцовых фармаваньняў і электрацягнікі падвысіўся ў сярэднім на 30%. Адмыслоўцы кажуць, што найперш гэта сталася вынікам папулісцкай палітыкі, калі напярэдадні выбараў усе студэнты атрымалі бясплатны праезд — быццам бы на час капаньня бульбы. У выніку, страты адно толькі беларускай чыгункі склалі больш за 80 мільёнаў рублёў. Цяперашнім радыкальным падвышэньнем улады плянуюць кампэнсаваць ранейшую авантуру.

З 1 лістапада істотна вырастуць выдаткі ў жыхароў гарадзкіх кватэраў. Разьлік камунальных плацяжоў за кастрычнік прадугледжвае індэксацыю цэлага шэрагу тарыфаў. Апроч гэтага, ва ўрадзе разглядаюць прынцыпова новыя падыходы да аплаты за кватэру, калі за адзінку вымярэньня будзе ўзятая не карысная, а агульная плошча жытла.

Чакаецца, што ўжо сёлета кошты паслугаў вырастуць удвая. У прыблізных лічбах штомесячная аплата будзе роўная 20–40 далярам. Пры цяперашніх заробках пэрспэктыва для многіх вельмі сумная. Затое супрацоўнікі агенцтваў нерухомасьці ўжо прагназуюць падвышэньне попыту на аднапакаёвыя кватэры, і адпаведна, іхнага кошту.

З самым надзённым пытаньнем — "чаму падвышаюцца кошты?" — я зьвярнуўся да эканаміста, былога старшыні Нацыянальнага банку Станіслава Багданкевіча.

(Багданкевіч: ) "Зь якой прычыны растуць кошты? Найперш, робіцца безрэсурсавая крэдытная эмісія. За мінулы год грашовая маса ў рублях вырасла на 234%, спажывецкія кошты на 207%, гэта значыць, яны павялічыліся ў два разы. Адна з прычынаў: Нацыянальны банк пад уплывам улады займаецца дзяржаўным фальшываманэтніцтвам. Гэта цягне інфляцыю і інфляцыйны падатак на ўсіх грамадзянаў Беларусі. У сваю чаргу рост коштаў найбольш моцна б'е па самых нізкааплачваных. Хто мае добры заробак, удзельная вага спажываньня на таго невялікая, а вось для пэнсіянэраў гэтая вага вельмі адчувальная".

Сярод прыкладаў неадпаведнасьці перадвыбарчых абяцаньняў і рэаліяў варта адзначыць двухразовае падвышэньне кошту падпіскі на пэрыядычныя выданьні. Адсутнасьць рэклямадаўцаў, а таксама вялізныя выдаткі на паслугі прадпрыемства "Белпошта" вымушаюць практычна ўсіх выдаўцоў ісьці на непапулярныя меры. Прычым, гэтым разам пра радыкальнае падаражэньне абвесьцілі як дзяржаўныя, гэтак і прыватныя выданьні.

Агульная сытуацыя ўскладняецца тым, што ў краіне застаецца вялізная запазычанасьць па заробках — за мінулы месяц гэта лічба склала 33 мільярды рублёў. Кіраўніца фонду "Жанчыны за сацыяльныя пераўтварэньні", настаўніца Тамара Шчапёткіна кажа, што ў адказ яна вымушаная карыстацца тымі ж мэтадамі, якімі звыкла карыстаецца ўлада.

(Шчапёткіна: ) "Затрымалі заробак разы два ці тры, дык мы хутка склалі ліст: патрабуем своечасовай аплаты. Маўляў, у іншым выпадку пакідаем за сабой права грамадзянскага непадпарадкаваньня ў форме страйку. Усе адразу забегалі і з таго часу пачалі выплачваць своечасова... Цяжкія справы, вельмі дрэнна жывем. Я хоць у Польшчы была, школы наведвала, з настаўнікамі сустракалася, з прафсаюзамі. Распавядаю сваім пра тое, што сама бачыла. Бо ніхто ж нікуды не выяжджае. Ды й настаўнікі вельмі кансэрватыўныя".

XS
SM
MD
LG