Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УРАД РЫХТУЕ ЛІБЭРАЛІЗАЦЫЮ ЭКАНОМІКІ Й ГЛЯДЗІЦЬ НА ЗАХАД


Юры Сьвірко, Менск

Сёньня кіраўнік беларускага ўраду сустрэўся з новым амбасадарам Нямеччыны ў Менску Гельмутам Фрыкам і заявіў яму, што двухбаковыя стасункі маюць добрыя пэрспэктывы для ўсебаковага разьвіцьця.

Генадзь Навіцкі нават выказаў спадзяваньне, што беларуска-нямецкія дачыненьні будуць заўважна прасунутыя наперад, а спадар Фрык у адказ заявіў, што дзьве краіны могуць "дасягнуць новага прагрэсу" на ўсіх напрамках.

Сёньня ж, выступаючы ў Авальнай залі Дома ўраду перад сябрамі гэтак званага Нацыянальнага сходу, прэм'ер Навіцкі быў больш канкрэтным.

(Навіцкі: ) "Вядома ж, нас не чакаюць на заходніх рынках. Мы мусім туды настойліва прабівацца. Тым больш, што сёлета нашыя экспартэры пачынаюць замацоўвацца на рынках такіх разьвітых краінаў як Нямеччына, Польшча, Італія, Вялікабрытанія, Нідэрлянды. Гэта нашая стратэгія ўраду, і зрабіць мы мусім усё мажлівае для яе рэалізацыі дзеля падвышэньня канкурэнтаздольнасьці айчыннае прадукцыі.

Я хацеў бы сказаць, што 1998-ы год і гэты крызыс, які нас вымушана завярнуў на заходнія рынкі, паказаў, што нашая эканоміка сапраўды выявілася, па-першае, падрыхтаванаю, і дынаміка гэтых стасункаў была заўважнай, а па-другое, гэта сапраўды мусіць быць нашая стратэгія, таму што ўрэшце канкурэнтаздольнасьць нашае прадукцыі на міжнародным рынку залежыць менавіта ад гэтага напрамку", — заявіў прэм'ер-міністар Генадзь Навіцкі, які выклаў і новы падыход да расейскае тэмы.

Адметна, што пра супрацоўніцтва з краінамі-суседзямі прэм'ер пачаў распавядаць з Украіны, дзе ён нядаўна быў зь візытам, а наконт Расеі выказаўся за сувязі наўпрост зь яе рэгіёнамі, зь якіх ён згадаў горад Маскву, Маскоўскую вобласьць і Санкт-Пецярбург.

Прэм'ер Навіцкі паведаміў таксама, што ягоны ўрад падрыхтаваў сур'ёзны пакет дакумэнтаў што да лібэралізацыі эканомікі. Гэта будзе палягаць у скасаваньні дзяржаўнага ліцэнзаваньня пэўных відаў дзейнасьці, дазволе на рэгістрацыю прыватных прадпрыемстваў паводле адрасу фізычнае асобы, скасаваньні перарэгістрацыі гаспадарчых суб'ектаў. Плянуецца, што права на рэгістрацыю такіх суб'ектаў атрымаюць ня толькі абласныя выканкамы, але гарадзкія адміністрацыі ўсіх 5 абласных цэнтраў.

Савет Міністраў ужо ў гэтым месяцы плянуе прадставіць Аляксандру Лукашэнку прапановы наконт спрашчэньня працэдураў рэгістрацыі ды ліквідацыі гаспадарчых суб'ектаў, але, паводле Генадзя Навіцкага, з адначасовым падвышэньнем іхнай адказнасьці за выкананьне закону.

Паводле прэм'ер-міністра, пасьля скасаваньня абавязковага дэкляраваньня крыніцаў інвэстыцыяў на суму да 10 тысяч даляраў спадар Лукашэнка падтрымаў "далейшую лібэралізацыю гэтага працэсу", аднак новую грашовую мяжу спадар Навіцкі не назваў.

Пра лібэралізацыю сёньня казаў і міністар эканомікі Ўладзімер Шымаў, які паведаміў пра паступовую ліквідацыю субсыдаваньня жыльлёва-камунальных паслугаў для насельніцтва за кошт прадпрыемстваў:

(Шымаў: ) "Падпісаная пастанова Міністэрства эканомікі, адпаведна якой ўжо на падставе рэалізацыі гэтае праграмы ліквідацыі крыжаванага субсыдаваньня шэрагу энэргаёмістых і цеплаёмістых вытворчасьцяў істотна зьніжаныя тарыфы на цяпло".

Іншымі словамі, прадпрыемствы за ацяпленьне будуць плаціць менш, а насельніцтва больш.

Сёньня ж першы намесьнік міністра транспарту й камунікацыяў Васіль Чалоўскі паведаміў журналістам, што з панядзелка цана квіткоў на прыгарадных і міжгародных маршрутах аўтобусаў падвышаецца на 30%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG