Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УПЕРШЫНЮ Ў БЕЛАРУСІ ЗА АСНОВУ ДЫСЭРТАЦЫІ ЎЗЯЛІ МАТЭРЫЯЛЫ ЧАСОЎ НЭПУ


Ігар Карней, Менск

Яшчэ ў 1920-я гады Гаўрыла Гарэцкі так выказаўся адносна Беларусі: "Бяз рынкавых пераўтварэньняў будучае Беларусі цьмянае". Гэтае выказваньне актуальнае й зараз.

Доктар эканамічных навук з Інстытуту эканомікі Віталь Бусько ўпэўнены, што многія беларускія эканамісты тае далёкае эпохі аказаліся вельмі прадбачлівымі. І захады сучасных эканамістаў яны наўрад ці ўхвалілі б. Сёньня спадар Бусько нарэшце паставіў кропку ў сваім працяглым дасьледаваньні.

(Бусько: ) "Над гэтай дысэртацыяй я працаваў 15 гадоў. Чаму менавіта гэты кірунак? Зацікавіла гісторыя эканамічнай навукі Рэспублікі Беларусі. Як правіла, лічылася, што ў нас не было відных навукоўцаў, што мы цалкам знаходзіліся пад каўпаком Расеі. А я паказаў, што мы былі на дастойным узроўні ў галіне тэорыі й практыкі эканамічнай навукі".

Я запытаў у спадара Бусько, чаму ягоныя дасьледаваньні базаваліся на працах пераважна Гаўрылы Гарэцкага, якога большасьць беларусаў добра ведае як выбітнага геоляга.

(Бусько: ) "Ён пачынаў як эканаміст і быў да арышту абраны акадэмікам па спэцыяльнасьці "эканоміка". Тое, што потым стаў геолягам, я мяркую, невыпадкова. Геалёгія — усё ж больш нэўтральная навука, асабліва ў 1930-я гады, самі разумееце".

(Карэспандэнт: ) "Ці наша эканоміка таго часу, у 1920-я гады, была прадстаўленая дастаткова яскравымі асобамі?"

(Бусько: ) "Яскравымі, выбітнымі асобамі. Натуральна, нельга казаць, што мы вышэй за іншых, але для такой невялікай рэспублікі — усяго 1,5–2 мільёны (а тады гэта наогул была адна Менская губэрнія — да аб'яднаньня з Гомельшчынай і Віцебшчынай) былі такія відныя манаграфіі й відныя асобы".

(Карэспандэнт: ) "Хто яшчэ, апроч Гарэцкага, якія прозьвішчы?"

(Бусько: ) "Пятровіч, Смоліч (гэта адзін з кіраўнікоў БНР), Гарэцкі — гэта найбольш відныя ў 1920-я гады эканамісты", — кажа навуковец Інстытуту эканомікі доктар навук Віталь Бусько.

XS
SM
MD
LG