Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ЎЖО НЯ ЛІЧЫЦЬ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ “ЖУЛІКАМІ”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Аляксандар Лукашэнка больш ня лічыць усіх беларускіх прадпрымальнікаў "жулікамі" ды "вашывымі блыхамі". Тон сёньняшняй размовы кіраўніка дзяржавы з прадстаўнікаімі беларускага бізнэсу быў значна лепшы, калі параўнаць зь мінулымі сустрэчамі.

Лукашэнка ўжо напачатку сваёй прамовы заявіў, што "нармальна" ставіцца да прадпрымальнікаў, а потым нават зрабіў рэвэранс на іхны адрас: "Вас неабходна падтрымаць за тое, што праламлівалі гэтую сьцяну, разьвіваючы прадпрымальніцтва", — сказаў Лукашэнка, фактычна прызнаўшы, што на шляху бізнэсу была створаная сьцяна.

Пасьля ён палічыў патрэбным патлумачыць, каго і за што ў свой час называў "жульлём". Аказваецца, ён ня меў на ўвазе ўсіх прадпрымальнікаў, а толькі тых, хто вядзе свае справы "нячэсна". Паводле Лукашэнкі, калі б Беларусь пайшла ў разьвіцьці бізнэсу расейскім шляхам, многіх з прысутных на сустрэчы "ўжо расстралялі б".

Распавядаюць, што ў кулюарах удзельнікі мерапрыемства у адказ на гэтую заяву згадвалі лёс бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, які бясьсьледна зьнік ужо два гады таму. Што да Лукашэнкавай прапановы стварыць спрыяльныя ўмовы для вяртаньня ў Беларусь схаванага ў замежжы капіталу, у кулюарах прыгадвалі прозьвішчы такіх вядомых айчынных прадпрымальнікаў як Пупейка, Кругавы, якія пасьпяхова вядуць свае справы ў Польшчы, а ў нас іх перасьледуюць.

Аднак уголас гэтыя тэмы не гучалі, бо на сустрэчу падбіралі паводле ляяльнасьці. Прыкладам, кіраўнік асацыяцыі "Дзелавая ініцыятыва" Міхаіл Марыніч запрашэньня на сустрэчу не атрымаў — ён лічыць, што з палітычных прычынаў. Між тым, спробу Лукашэнкі паскорыць разьвіцьцё прыватнага бізнэсу ў Беларусі Марыніч вітае, хаця й лічыць, што Лукашэнка вінаваты ў тым, што беларускі бізнэс занядбаны.

(Марыніч: ) "Ён адчувае цяжар адказнасьці, і гэты цяжар ён стварыў сам сваімі дзеяньнямі. Добра, што хоць сёньня такая сустрэча адбылася, вельмі хацелася б, каб яна мела плён. Эканамічны стан Беларусі проста абавязвае рабіць крокі дзеля лібэралізацыі ды стварэньня нармальных умоваў для дзелавога сьвету, існаваньня дробных і сярэдніх прадпрымальнікаў. На жаль, за сем гадоў гэты слой ніяк не разьвіваўся".

Марыніч назваў "дэмагагічным" заклік Аляксандра Лукашэнкі да беларускіх прадпрымальнікаў больш актыўна ўдзельнічаць ў прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў.

(Марыніч: ) "Зразумела, чаму гучыць такі заклік, чаго баіцца Лукашэнка. Баіцца, што ў прыватызацыі, безь якой не абысьціся, рэальны ўдзел здольны прыняць толькі расейскі прыватны капітал, а ў беларускіх прадпрымальнікаў няма сродкаў. Усе апошнія гады іх вялі да банкруцтва, выціскалі з краіны, перасьледавалі за ініцыятыву, а цяпер хочуць, каб яны стварылі альтэрнатыву "людзям з-за бугра... Калі будзе працягвацца сёньняшняя эканамічная палітыка — гэта нерэальна, а рэальных зьменаў у эканоміцы пакуль ня бачна, адныя заявы", — лічыць Міхаіл Марыніч.

Марыніч мяркуе, што гарантыяй вяртаньня ў Беларусь вывезенага капіталу і актывізацыі мясцовага бізнэсу ў прыватызацыі могуць стаць "толькі адпаведныя законы, але ні ў якім выпадку не дэкрэты".

XS
SM
MD
LG