Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СПЭЦЫЯЛІСТАМ ГОМЕЛЬСКАГА РАДЫЁЗАВОДУ ПРАПАНОЎВАЮЦЬ ЗЬБІРАЦЬ ВАРОНЕЖСКІЯ ЯБЛЫКІ Ка


Казімір Яноўскі, Гомель

Як паведаміў начальнік аддзелу кадраў радыёзаводу Віктар Чарняўскі, сёлета да пачатку кастрычніка завод ужо звольніў 370 рабочых і інжынэрна-тэхнічных спэцыялістаў. Пад чарговае скарачэнне трапляюць яшчэ 120 чалавек. Найперш гэта спэцыялісты аддзелаў і розных тэхнічных службаў, бо папярэднія скарачэньні закранулі больш за ўсё вытворчыя цэхі.

У рабочым асяродку наагул негатыўнае стаўленне да інжынэрна-тэхнічнага пэрсаналу. Укаранілася меркаванне, што менавіта з-за значнай колькасці інжынэраў, тэхнолягаў ды іншых спэцыялістаў не ўдаецца стабілізаваць сытуацыю на заводзе.

Раней радыёзавод уваходзіў ў вайскова-прамысловы комплекс былога Саюзу і займаўся выпускам сродкаў сувязі.

Цягам 10 наступных гадоў завод так і ня здолеў знайсці сваё трывалае месца на беларускім рынку. Даўгі за энэрганосьбіты, крэдыты, падаткі перавысілі 3 мільярды рублёў. Колькасць рабочых на заводзе была скарочана больш як ў тры разы, але дырэкцыя працягвае пазбаўляцца ад пэрсаналу і зараз.

Гарадзкі цэнтар занятасьці насельніцтва прапануе дырэкцыі радыёзаводу не звальняць частку рабочых і спецыялістаў, а накіраваць на працу на расейскі агрэгатны завод у невялікім гарадку Людзінава Калужскай губэрні. Іншым звольненым прапанавана ехаць на збор яблык у Варонежскую губэрню.

Кіраўнікі агрэгатнага заводу з Людзінава мелі перамову з дырэктарам радыёзаводу Анатолем Кірыкавым. Аднак канкрэтная дамова пакуль не дасягнута. Расейцам для выканання заказу сваёй горна-здабыўнай прамысловасьці патрэбныя высокакваліфікаваныя рабочыя пэўных спэцыяльнасцей. Аднак іх пасьля масавых звальненьняў не хапае на самым радыёзаводзе. Да таго ж расейцы прапануюць толькі часовую працу вахтавым мэтадам, што таксама абцяжарвае пошук жадаючых.

Пошукі працы ў суседняй Расеі ня рэдкасць для гамельчукоў, асабліва тых, якія падпалі пад скарачэнне альбо проста ня могуць пракарміць свае сем’і
з-за нізкіх заробкаў. Гамельчукі ўдзельнічалі нават у будаўніцтве храма Хрыста Збаўцы ў Маскве.

Праўда, нягледзячы на саюзныя дачыненьні Беларусі і Расеі, беларускія грамадзяне, якія наняліся на працу ў суседзяў, вымушаны ў два з лішкам разы плаціць з заробку падаткаў болей, чымсьці расейскія рабочыя”.
XS
SM
MD
LG