Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ СПЫНІЎ ПРАЦУ ТРАКТАРНЫ ЗАВОД


Міхал Стэльмак, Менск

Адміністрацыя абвесьціла на МТЗ вымушаны двухдзённы перапынак. Як патлумачылі рабочым, гэта выклікана вытворчымі праблемамі. Паводле вэрсіі кіраўніцтва, на заводзе дэфіцыт камплектных дэталяў. За два дні гэты дэфіцыт абяцалі зьліквідаваць і аднавіць вытворчасьць.

У рабочых дзеяньні начальства ня выклікалі пратэсту. Учора на прадпрыемстве скончылі выдачу жнівеньскіх заробкаў. З гэтай прычыны, як вынікае з тлумачэньняў трактаразаводцаў, у іх зараз няма падставаў для незадавальненьня. Аднак, паводле прафсаюзных зьвестак, ужо празь некалькі тыдняў на МТЗ магчымыя новыя стыхійныя выступы, выкліканыя новымі затрымкамі заробкаў.

Як лічыць старшыня Свабоднага прафсаюзу Вячаслаў Козел, на МТЗ цяпер востры дэфіцыт абаротных сродкаў. І таму з выплатай верасьнёўскага заробку 22 тысячам работнікаў прадпрыемства зноў могуць узьнікнуць складанасьці. Паводле калектыўнай дамовы, адміністрацыя ўжо на наступным тыдні мусіць выплаціць рабочым аванс.

(Козел: ) "Адміністрацыя трактарнага заводу гэтых законаў не выконвае. Вось чаму людзі выйшлі на рэйкі, бо не выконваюцца законы. Два разы на месяц абавязаныя выдаваць заробкі па закону", — мяркуе Вячаслаў Козел.

XS
SM
MD
LG