Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УСЯСЬВЕТНЫ БАНК ВЫДАСЬЦЬ БЕЛАРУСІ ПАЗЫКУ НА 22 МІЛЬЁНЫ ДАЛЯРАЎ


Юры Сьвірко, Менск

Беларускі амбасадар у ЗША Валеры Цапкала разам з кіраўніком аддзелу Беларусi i Ўкраiны Ўсясьветанага банку Люкам Барбонэ падпісалі пагадненьне пра крэдыт беларускаму боку на суму 22 мільёны 600 тысяч даляраў, які будзе выкарыстоўвацца для рэканструкцыі шэрагу аб'ектаў сацыяльнае інфраструктуры.

Гэта перадусім сыстэмы ацяпленьня й асьвятленьня ў больш як 450 беларускіх школах, клініках, дзіцячых дамах і дамах для састарэлых і інвалідаў. Прадугледжваецца пабудаваць новыя кацельныя, замяніць старыя шыбы, коміны й паравыя катлы, зрабіць ізаляцыю сьценаў і дахаў, а таксама памяняць асьвятляльныя прылады.

Выступаючы на цырымоніі падпісаньня пагадненьня пра гэтую пазыку тэрмінам на 16,5 гадоў пад працэнт, які будзе зьмяняцца залежна ад усясьветнай фінансавай кан'юнктуры, а пакуль складае каля 7% на год, амбасадар Беларусі ў Вашынгтоне Валеры Цапкала заявіў, што гэта першае буйное пагадненьне за апошнія некалькі гадоў зь Міжнародным банкам рэканструкцыі й разьвіцьця, які ўваходзіць у структуру Ўсясьветнага банку. Паводле спадара Цапкалы, гэта можна расцэньваць "як аднаўленьне практычнага дыялёгу з аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыяй на шляху далейшага паглыбленьня ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва".

Ніякай сувязі паміж прадастаўленьнем гэтага крэдыту і прэзыдэнцкімі выбарамі 9 верасьня няма. Пазыка на рэканструкцыю сацыяльнае інфраструктуры Беларусі была ўхваленая Ўсясьветным банкам яшчэ 5 чэрвеня. Гэта сталася магчымым пасьля таго, як беларускі ўрад выканаў ўмову Ўсясьветнага банку і стабілізаваў курс абмену нацыянальнае валюты.

Пасьля чэрвеньскага рашэньня патрэбная была яшчэ згода беларускага боку, і, як паведамілі мне ў прадстаўніцтве Ўсясьветнага банку ў Менску, Аляксандар Лукашэнка падпісаў адпаведны ўказ 7 верасьня — у самы пярэдадзень выбараў. Таму нельга казаць, што крэдыт на суму 22 мільёны даляраў выдалі адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Але гэта сапраўды першая пазыка, прадастаўленая Ўсясьветным банкам Беларусі пасьля 1994 году — гэта значыць, пасьля першых прэзыдэнцкіх выбараў.

Прадстаўнік Усясьветнага банку ў Беларусі Сяргей Кулік паведаміў, што гэты банк будзе падтрымліваць і распрацоўку праграмаў адраснай сацыяльнай абароны беларускіх грамадзян. Дзякуючы адпаведнаму гранту цяпер ствараецца праект зьменаў у сыстэме сацыяльнае дапамогі.

Паводле спадара Куліка, цяпер агульныя выдаткі на сфэру сацыяльнага забесьпячэньня ў Беларусі вельмі высокія для краіны зь пераходнай эканомікай і складаюць 390 мільярдаў рублёў, або 14% сукупнага ўнутранага прадукту.

Усясьветны банк мяркуе, што больш як 70% дзяржаўнае дапамогі трапляе ў сем,і, якія могуць абысьціся без такой падтрымкі, а менш за 30% — маламаёмным сем'ям.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG