Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАМЕСТ ПРЫТОКУ ЗАМЕЖНЫХ ІНВЭСТЫЦЫЯЎ БЕЛАРУСЬ РЫЗЫКУЕ СТАЦЬ АХВЯРАЙ ЭКАНАМІЧНАЙ ЭКСПАНСІІ РАСЕЙСКІХ АЛІГАРХАЎ


Ігар Карней, Менск

Незадоўга да прэзыдэнцкіх выбараў МЗС сумесна зь Міністэрствам эканомікі, нядаўна зьліквідаваным Міністэрствам прадпрымальніцтва й інвэстыцыяў і эканамічным факультэтам Белдзяржунівэрсытэту распрацавалі канцэпцыю інвэстыцыйнай адкрытасьці рэспублікі.

Згодна з гэтым "дакумэнтам аб намерах", да 2005 году Беларусь павінна прыцягнуць замежнага капіталу на 50 мільярдаў рублёў. Але сёньня пляны замежнапалітычнага ведамства некаторыя камэнтуюць як утапічныя.

Так, Міхаіл Чыгір лічыць, што, паколькі вынікі прэзыдэнцкіх выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, разьлічваць на прыток капіталу не выпадае. Цягам апошняга дзесяцігодзьдзя аб'ём наўпроставых замежных інвэстыцыяў у эканоміку Беларусі склаў 1 мільярд 280 мільёнаў даляраў. Пры гэтым 917 мільёнаў даляраў — укладаньні расейскага "Газпраму" ў будаўніцтва газапроваду Ямал–Заходняя Эўропа. Укладаньні ў вольныя акцыі вагаюцца ў межах ня болей за 100 мільёнаў даляраў.

Адзінае, што, паводле Чыгіра, можа адбыцца насамрэч, — гэта продаж ключавых прадпрыемстваў машынабудаваньня й нафтахіміі расейскаму капіталу ў адказ на падтрымку на прэзыдэнцкіх выбарах. Нешта падобнае й распачалося адразу ж пасьля інаўгурацыі Лукашэнкі.

Пра віды на МАЗ абвесьціў прэзыдэнт "Сібірскага алюмінія" Алег Дзерыпаска. Наведаў шэраг прадпрыемстваў нафтахіміі кіраўнік "Лукойлу" Вагіт Алекпераў. Працягваецца акцыянаваньне нафтаперапрацоўчых заводаў з удзелам яшчэ аднаго расейскага алігарха, кіраўніка "Слаўнафты" Міхаіла Гуцэрыева.

Атрымала дазвол на забесьпячэньне тэлефоннай сувязі фармату GSM расейская кампанія МТС. Па-ранейшаму актыўныя на беларускім рынку "Газпром" і "Ітэра".

Сёньня распачаўся пазачарговы сход акцыянэраў менскага бровару "Крыніца". Паседжаньне цалкам закрытае, таму нейкія падрабязнасьці пакуль невядомыя. Але нагода зразумелая. Зараз асноўным акцыянэрам "Крыніцы"(на 90%) зьяўляецца дзяржава.

У хуткім часе, паводле інвэстыцыйнага праекту, які ўхваліў асабіста Лукашэнка, прыярытэты з акцыямі павінны быць адкарэктаваныя. Большасьць па-ранейшаму застанецца ў дзяржавы, астатняе атрымае яшчэ адзін расейскі інвэстар, піцерская кампанія "Балтыка". Першую палову зь меркаванай сумы на пераабсталяваньне прадпрыемства (25 мільёнаў даляраў ад 50 мільёнаў даляраў) "Балтыка" мае намер пералічыць да канца году.

Такім чынам, расейская эканамічная экспансія ў Беларусь відавочная. Цікава, што літасьціва адчыняючы дзьверы расейцам, беларускія ўлады нават не дапускаюць думкі, каб перадаць дзяржаўныя прадпрыемствы ў кіраваньне мясцовым уласьнікам.

Прыкладам, прызнаючы існаваньне расейскіх алігархаў, старшыня Нацбанку Пётар Пракаповіч ня можа зразумець, навошта яны патрэбны ў Беларусі. Адказваючы на пытаньне вядучага праграмы "Момант ісьціны" на маскоўскім канале ТВЦ Андрэя Каравулава: "Колькі ў Беларусі багатых людзей, фінансавы стан якіх вымяраецца калі не мільярдам, дык сотняй мільёнаў даляраў?", Пракаповіч шчыра зьдзівіўся:

(Пракаповіч: ) "Няма такіх нават тэарэтычна. А навошта столькі даляраў мець аднаму чалавеку? Ён што — тры порцыі есьць замест адной? Тры касьцюмы замест аднаго адзяе?"

Рэдкая магчымасьць для небагатай краіны прыцягнуць замежныя капіталы — стварыць у сябе афшор. У Беларусі сапраўды дзейнічаюць чатыры свабодныя эканамічныя зоны (Менск, Берасьце, Горадня й Гомель), але нават з улікам сымбалічнай платы за рэгістрацыю (меней за $500), жадаючых атрымаць ільготнае падаткаабкладаньне зусім няшмат: каля сотні прадпрыемстваў, сумарны абарот якіх склаў толькі 32,5 мільёнаў даляраў. Відавочна, што патэнцыйных інвэстараў прыцягваюць ня толькі абяцаньні эканамічных паслабленьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG