Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫ АПЭРАТАР ТЭЛЕФОННАЙ СУВЯЗІ БУДЗЕ ЗМАГАЦЦА ЗА БЕЛАРУСКІХ КАРЫСТАЛЬНІКАЎ ШЛЯХАМ ДЭМПІНГАВЫХ КОШТАЎ


Ігар Карней, Менск

Новы апэратар пачне працаваць на беларускім рынку ў красавіку 2002 году. Менавіта гэтым тэрмінам акрэсьленая ранейшая дамова паміж Міністэрствам сувязі і цяперашнім манапалістам у сэктары паслугаў сувязі фармату GSM — СП "Мабільная лічбавая сувязь" — на фактычную манаполію ў гэтай галіне.

Цягам усяго тэндэру таямніцай быў нават склад удзельнікаў. Зьяўлялася інфармацыя, што за беларускі рынак змагаюцца лібанцы, індыйцы, хтосьці з краінаў Эўразьвязу. Але нават для дасьведчаных людзей зьяўленьне на фінішы апэратара з Расеі стала нечаканасьцю. Вось як камэнтуе гэтую навіну эканаміст Сяргей Балыкін:

(Балыкін: ) "Шчыра кажучы, дазволіць карыстацца мабільнай сувязьзю сабе не магу. Таму канкурэнцыю ў нейкім сэнсе вітаю. Але тое, што эканоміка ў нас такая слабая і мы ня здолелі вырасьціць уласных алігархаў — гэта вельмі кепска. Таму расейская цікавасьць да беларускіх суб'ектаў гаспадараньня аб'ектыўная".

Як сьцьвярджаюць у Міністэрстве сувязі, менавіта кампанія МТС максымальна адпавядае патрабаваньні заказчыка: найбольшы ахоп тэрыторыі Беларусі пры высокім узроўні якасьці абслугоўваньня, прадастаўленьне паслугаў па максымальна нізкіх тарыфах.

Але зьдзіўляе сума, за якую беларускі бок аддае неасвоены сэгмэнт свайго рынку. Разам з платай за ліцэнзію і адлічэньнямі ў бюджэт яна складае ўсяго 15 мільёнаў даляраў. Досьвед нават найбліжэйшых суседзяў сьведчыць, што кошт аналягічных зьдзелак павінен быць у 3-5 разоў большы.

Міністэрства сувязі не разгалошвае, якія канкрэтна сумы кантрактаў абмяркоўваліся з астатнімі канкурэнтамі МТС у часе правядзеньня тэндэру — кампаніяй з Саўдаўскай Арабіі "Saudi Oger", аўстрыйскай "Dr. Karl J.Pisec", і расейскімі — "Альфа-Эко" і "Северо-Западный GSM".

У МТС кажуць, што канчатковы кошт фармавалі не яны, а беларускі бок, а з платаздольнасьцю ў кампаніі ўсё абсалютна добра. Што да канкрэтных плянаў, то гаворка пакуль кароткая. Вось што кажа прэсавы сакратар МТС Эва Пракоф'ева:

(Пракоф'ева: ) "Пакуль працэс атрыманьня ліцэнзіі не завершаны, не хацелася б распавядаць пра пляны. І зусім не таму, што ў нас іх няма. Мы вельмі добра ўсё пралічылі, абсалютна сьвядома выйшлі на гэты рынак і мяркуем, што ўсе папярэднія разьлікі апраўдаюцца. Але цягам месяца будуць ісьці кансультацыі зь беларускім бокам, і калі ліцэнзія будзе на руках, мы пра ўсё падрабязна абвесьцім на прэсавай канфэрэнцыі".

Што тычыцца ўнутранай статыстыкі, то чысты прыбытак МТС за мінулы год склаў больш як паўмільярда даляраў, а па выніках гэтага году сума будзе яшчэ большая. Карыстальнікамі паслугаў МТС ужо ёсьць больш за 2 мільёны чалавек. Сваім уплывам МТС ахоплівае 46 расейскіх рэгіёнаў — а гэта 56% ад усяго насельніцтва Расеі.

Летась упершыню ў гісторыі расейскага бізнэсу акцыі МТС атрымалі катыроўку на нью-ёрскай фондавай біржы, дзе зараз выстаўлена 18% акцыяў. Да таго ж, гарантам дабрабыту кампаніі можа зьяўляцца асноўны акцыянэр МТС, нямецкі "Deutsche Telekom", якому ў сумеснай справе належыць 40% акцыяў.

Яшчэ да канца тыдня ў Менск павінен прыехаць прэзыдэнт кампаніі МТС Міхаіл Сьмірноў, каб вырашыць шэраг пытаньняў па арганізацыі СП, ягонаму статутнаму фонду і кандыдатуры на пасаду генэральнага дырэктара прадпрыемства.

Што тычыцца галоўных прыярытэтаў у Беларусі, то найперш кіраўніцтва кампаніі бачыць адну мэту: змаганьне за патэнцыйных абанэнтаў. Першым рэальным крокам мае быць істотнае зьніжэньне коштаў на паслугі ў параўнаньні з тымі, што прапануюць беларускія апэратары зараз.

Застаецца дадаць, што цяпер колькасьць абанэнтаў у Беларусі двух апэратараў мабільнай сувязі стандарту NMT і GSM складае крыху больш за 90 тысяч чалавек — гэта менш за 1% насельніцтва краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG