Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ АДБУДЗЕЦЦА ДЗЯРЖАЎНАЯ МАНАПАЛІЗАЦЫЯ БЕЛАРУСКАГА КАМПУТАРНАГА РЫНКУ?


Ігар Карней, Менск

Адпаведны заканапраект чакае свайго зацьверджаньня ў канчатковым чытаньні на адной з сэсіяў "палаты прадстаўнікоў". Калі яго прымуць, больш за паўсотні камэрцыйных структураў, якія займаюцца камплектацыяй і продажам кампутарнай тэхнікі, будуць дзяржаве не патрэбныя. Нават паводле папярэдніх разьлікаў, колькасьць беспрацоўных адначасна можа павялічыцца на некалькі тысяч чалавек. Што зараз уяўляе кампутарны рынак, распавядае супрацоўнік адной зь фірмаў Алег Шацкі.

(Шацкі: ) "Гэта найперш фірмы, якія набываюць вялікія партыі кампутарнага абсталяваньня. Потым фірмы, якія перакупляюць у першых гэтыя камплектныя дэталі дзеля зборкі самастойнай альбо далейшага перапродажу. І канчатковы варыянт — фірмы, якія рэалізуюць пакупнікам кампутары ў зборы. Гэты цыкль мае на ўвазе ўдзел дастаткова вялікай колькасьці людзей.

Што будзе ў выпадку манапалізацыі? Нічога добрага. Але найперш зараз зьдзіўляе спроба выдаць за беларускае тое, дзе ніводнага шруба ня зроблена ў Беларусі".

Паводле дасьведчаных крыніцаў, манапольнае права на забесьпячэньне рынка кампутарным абсталяваньнем хутчэй за ўсё атрымае Менскае вытворчае аб'яднаньне вылічальнай тэхнікі — гэтае прадпрыемства ўжо зараз за асноўнае ва ўрадавай праграме "Дзяржаўны інавацыйны фонд".

Праўда, ёсьць меркаваньні, што па сутнасьці праграма больш блізкая да фікцыі. Паводле адмысловай урадавай пастановы, сапраўды дзяржаўныя прадпрыемствы маюць права набыць аргтэхніку за сродкі інавацыйнага фонду. Але разам з тым маецца на ўвазе, што сродкі фонду складаюць рэгулярныя адлічэньні з боку суб'ектаў гаспадараньня. Урэшце атрымліваецца, што тэхніка набываецца за свае ж грошы. Вось як, паводле спадара Шацкага, гэта рэальна адбываецца:

(Шацкі: ) "Продаж кампутараў праз інавацыйны фонд перадалі былому заводу Арджанікідзэ. Дакладна ня ведаю статус адказнай за гэта струкуры, але галоўнае — сам мэханізм. Дасылаеш спэцыфікацыю, і яны ўжо на ўласны густ робяць камплектацыю. Папярэдне я пагутарыў з супрацоўнікамі на прадмет якасьці, і яны даволі арыгінальна "супакоілі": нічога беларускага ў кампутарах няма. Маўляў, не хвалюйцеся.

Шэф заплаціў, мы кампутары атрымалі, а на задняй накрыўцы надпіс —"Зроблена ў Беларусі". Як гэта магчыма? Можа яны самі езьдзяць у Маскву, можа тут у гуртавікоў набываюць. Людзі, быццам, разумныя, ім таксама трэба атрымаць максымум прыбытку. Вось і пытаньне: чым яны розьняцца ад той масы фірмаў, якія займаюцца гэтым зараз? Гэта з таго ж шэрагу, як і манапалізацыя рынку алькаголю".

Сапраўды, ніводная зь беларускіх кампутарных фірмаў не займаецца так званым ліцьцём формаў. Увесь асартымэнт базуецца на ручным зборы імпартовых камплектных дэталяў. Але, адрозна ад дзяржаўнага прадпрыемства, ніхто яшчэ не спрабаваў выдаць прадукцыю за айчынную.

Што да досьведу Менскага вытворчага аб'яднаньня вылічальнай тэхнікі, то ён зусім далёкі ад звыклых у нашым разуменьні кампутараў — аб'яднаньне займаецца прамысловымі вылічальнымі машынамі. Нават у аб'яднаньні не хаваюць, што перавесьці вытворчы цыкль у рэчышча пэрсанальных кампутараў пакуль не выпадае. Як і большасьць прадпрыемстваў-гігантаў, аб'яднаньне пакутуе ад недахопу рынкавай мабільнасьці.


XS
SM
MD
LG