Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДОЛЯ МЕНСКАГА АЎТАМАБІЛЬНАГА ЗАВОДУ ПРАКТЫЧНА ВЫРАШАНАЯ


Міхал Стэльмак, Менск

У працоўным калектыве МАЗу абмяркоўваюць пляны ўваходжаньня прадпрыемства ў расейскі хольдынг "Сібірскі алюміній". Вось што паведаміў сёньня нашаму радыё намесьнік генэральнага дырэктара аўтазаводу Эдуард Падаляк:

(Падаляк: ) "Патрэбны інвэстар. Неабходна абнаўляць тэхналёгію. Надышоў час канкурэнцыі, а каб выжываць у гэтых варунках, трэба аб'ядноўвацца. Бо патрэба Беларусі ў аўтамабілях — невялікая. Наш асноўны рынак, больш як 90%, — Расея. Зараз ініцыятыву выявіў хольдынг "Сібірскі алюміній", але калі людзі ўкладваюць грошы, то яны, відавочна, спадзяюцца на ўласнасьць альбо хаця б на ейную частку. Наогул, ажыятаж крыху нездаровы вакол гэтай праблемы".

Да ажыятажу вакол продажу Менскага аўтазаводу спрычыніўся візыт на мінулым тыдні ў Беларусь кіраўніка "Сібірскага алюмінію" Алега Дзерыпаскі. Ён запатрабаваў, каб беларускія ўлады паскорылі прыватызацыю МАЗу.

Некалькі месяцаў таму расейскі алігарх усталяваў кантроль над Яраслаўскім маторным заводам, які пастаўляе беларускаму прадпрыемству рухавікі. І вось зараз надышла чарга МАЗу. Паводле інфармаваных крыніцаў, Алег Дзерыпаска прад'явіў беларускаму боку ўльтыматум.

Адміністрацыя МАЗу не выключае, што ў выпадку адмовы ад партнэрства зь "Сібалам" рэзка падскочаць кошты на яраслаўскія маторы, і беларускія аўтамабілі стануць неканкурэнтаздольныя на расейскім рынку. Пляны расейцаў, зьвязаныя з набыцьцём МАЗу, выклікалі розгалас у асяродзьдзі беларускіх прамыслоўцаў. Адзін з кіраўнікоў Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Юры Шманенка ў інтэрвію нашаму радыё сказаў:

(Шманенка: ) "Рухавік — гэта сэрца машыны. У свой час вяліся распрацоўкі рухавіка на Менскім маторным заводзе. Але, здаецца, безвынікова. Пры супрацоўніцтве зь нямецкім МАНам атрымліваецца дарагі аўтамабіль. Зараз стаіць такое пытаньне: ці зможа дзяржава дапамагчы МАЗу.

Калі дзяржава знойдзе альтэрнатыву яраслаўскаму рухавіку, то беларускае прадпрыемства мае шанец захаваць самастойнасьць. Калі ж дойдзе да акцыянаваньня МАЗу, то ў "Сібале" хлопцы жорсткія — і таму будзе скарачэньне работнікаў".

Пагроза магчымых звальненьняў вельмі турбуе і саміх аўтазаводцаў. У адміністрацыю МАЗу ўжо зараз паступаюць пытаньні наконт гэтага ад рабочых.

XS
SM
MD
LG