Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МІСІЯ МВФ СКОНЧЫЛА ПРАЦУ Ў МЕНСКУ З СУПЯРЭЧЛІВЫМІ ЎРАЖАНЬНЯМІ


Міхал Стэльмак, Менск

Місія Міжнароднага валютнага фонду ўхваліла намер беларускіх уладаў выконваць дамоўленасьці паводле Маніторынгавай праграмы, што распачалася 1 красавіка. Кіраўніца місіі Марта дэ Кастэла-Бранка на сёньняшняй выніковай прэс-канфэрэнцыі зазначыла:

(Кастэла-Бранка: ) "Што тычыцца праграмы Маніторынгу, то парамэтры, якія закладзеныя у гэтай праграме, з нашага пункту гледжаньня дастаткова сьціплыя. Магчыма, яны будуць выкананыя, аднак мы чакаем большых намаганьняў дзеля паляпшэньня стану ў рэальным сэктары эканомікі. Улады паабяцалі выправіць сытуацыю — з тым, каб да канца верасьня мэтавыя паказчыкі выканаць цалкам".

Паводле словаў спадарыні дэ Кастэла-Бранкі, у Беларусі апошнім часам назіраецца прагрэс у сфэры грашова-крэдытнай і валютнай палітыкі. Аднак гэты прагрэс мусіць быць замацаваны рэформамі ў рэальнай эканоміцы. Між тым, зараз тут складаюцца нэгатыўныя тэндэнцыі. Гаворыць сталы прадстаўнік Міжнароднага валютнага фонду ў Беларусі Марк Хортан:

(Хортан: ) "Што тычыцца структурных рэформаў, то сытуацыя ў сэктары прадпрыемстваў дастаткова складаная. І мы заклікалі ўлады пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ажыцьцявіць рашучыя крокі, каб палепшыць тут становішча. Гэтае пагаршэньне мы зьвязваем з палітыкай заработнай платы, што мела месца ў першым паўгодзьдзі.

Паводле словаў спадара Хортана, беларускім уладам было б значна лягчэй выконваць Маніторынгавую праграму, калі б не падвышэньне заробкаў падчас цяперашняй прэзыдэнцкай кампаніі.

Экспэрты Міжнароднага валютнага фонду выявілі пераразьмеркаваньне фінансавых рэсурсаў як у бюджэтнай сфэры, так і ў гаспадарчым сэктары. І гэта, на думку місіі МВФ, можа паўплываць на канчатковыя вынікі Маніторынгавай праграмы. А выкананьне гэтай праграмы, паводле папярэдніх дамоўленасьцяў, ёсьць умовай аднаўленьня крэдытнага супрацоўніцтва МВФ зь Беларусьсю.

У адрозьненьне ад Усясьветнага банку, які некалькі тыдняў таму прыняў станоўчае рашэньне наконт крэдыту, Міжнародны валютны фонд пакуль у гэтай справе вагаецца. Як заявіў сёньня нашаму радыё Марк Хортан, пытаньня рэальнай фінансавай дапамогі афіцыйнаму Менску кіраўніцтва МФВ пакуль што не абмяркоўвала.


XS
SM
MD
LG