Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУСЬВЕТНЫ БАНК АДНАЎЛЯЕ КРЭДЫТАВАНЬНЕ БЕЛАРУСІ


Валерыя Красоўская, Прага


Сусьветны Банк аднавіў фінансаваньне Беларусі праз шэсьць гадоў адмовы ў пазыках былой савецкай рэспубліцы ў сувязі зь нязгодай з палітыкай ураду Аляксандра Лукашэнкі.

Банк ухваліў 22-мільённую пазыку для падтрыманьня цеплаэнэргіі ў школах ды шпіталях. Урад Беларусі чакае пацьверджаньня праекту на працягу гэтага месяцу.

Сусьветны Банк таксама распрацоўвае стратэгію дапамогі Беларусі, што можа азначаць выдачу пазыкаў памерам да 260 мільёнаў даляраў у 2002-2004 гадах.

Гэтыя падзеі адбываюцца паралельна з падрыхтоўкай Беларусі да прэзыдэнцкіх выбараў 9 верасьня, у якіх аўтакрат Лукашэнка мяркуе атрымаць другі тэрмін прэзыдэнцтва, – нагадвае Котрэл.

Апошнімі тыднямі выбары адыйшлі на другі плян у сувязі з заявамі пра тое, што “эскадрон сьмерці”, які падтрымліваецца ўладамі, забіў апанэнтаў рэжыму, ды заявамі апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, што яны ня маюць доступу да дзяржаўных мэдыяў.

“Сусьветнаму Банку будзе цяжка ўзгадніць новую праграму з урадам Беларусі, - кажа адзін заходні дыплямат, - калі ў наступным месяцы будьзе відавочная падтасоўка вынікаў выбараў”. “Але на дадзены момант у нас не выклікае хваляваньняў тое, што робіць Сусьветны Банк,” – дадае дыплямат.

Урад Лукашэнкі даў дазвол на неістотную прыватызацыю, прыцягнуў мінімальныя замежныя інвэстыцыі. Фэрмэрства застаецца прыярытэтам калектыўнай маёмасьці.

Сярэдні месячны заробак у Беларусі складае менш за сто даляраў. У мінулым годзе цэны – пры тым, што яны кантралююца ўрадам – павялічыліся на 160%. Аналітыкі сьцьвярджаюць, што значная доля нацыянальных даходаў, у тым ліку і прыбыткаў ад продажу зброі, кожны год зьнікае ў небюджэтнай скарбонцы, якая кантралюецца прэзыдэнтам.

Таксама Беларусь распачала шасьцімесячную праграму, якая знаходзіцца пад кантролем Міжнароднага Валютнага Фонду. Праграма ня мае на мэце ніякіх крэдытаў ад Валютнага Фонду – яна скіраваная на зьмены ў макраэканамічнай палітыцы, ў тым ліку і зьмяншэньне рэгуляцыі цэнаў. Праграма мусіць скончыцца ў кастрычніку.

Афіцыйныя асобы кажуць, што калі гэтая праграма завершыцца пасьпяхова, і што калі заходнія ўрады згадзяцца з вынікамі выбараў, то Беларусь можа пачынаць весьці пермовы наконт доўгатэрміновых праектаў Міжнароднага Валютнага Фонду, якія маюць на мэце новыя крэдыты.

Як і Сусьветны Банк, Міжнародны Валютны Фонд прыпыніў выдачу пазыкаў Беларусі, калі ўрад Лукашэнкі адхіліў праект эканамічных рэформаў, – нагадвае аўтар артыкулу.

У мінулым годзе Беларусь адмовілася ад шматлікіх курсаў абмену валюты, выканаўшы тым самым дамоўленасьць з Сусьветным Банкам, якая ёсьць падставай для выдачы далейшых крэдытаў. Але дыпляматы сьцьвярджаюць, што Беларусь зрабіла гэты крок галоўным чынам таму, што такая дамоўленасьць існавала і з Расеяй, і яна была перадумовай грашовага саюзу дзьвюх дзяржаваў.

Праграма Сусьветнага Банку, скіраваная на дапамогу Беларусі, спраектавана такім чынам, каб абыйсьці магчымыя ідэалягічныя або палітычныя непаразуменьні з урадам, напрыклад, наконт рэструктурызацыі ды прыватызацыі вялікіх дзяржаўных прамысловых установаў. Галоўнымі аспэктамі праекту будуць ахова навакольнага асяродзьдзя, антыСНІДавыя і антысухотныя праграмы, зьмяншэньне беднасьці, а таксама меры, скіраваныя на паляпшэньне прадпрымальніцкага клімату ў краіне, асабліва ў дачыненьні да малых кампаніяў.

Банк ужо вёў размовы з урадам Беларусі, а таксама зь недзяржаўнымі арганізацыямі наконт дэталяў праграмы і плянуе працягнуць перамовы ў кастрычніку, пасьля выбараў.



XS
SM
MD
LG