Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА “ЗАРЭЗАЎ” ТРОХ “АХВЯРНЫХ КАЗЛОЎ”


Ганна Соусь, Менск


Дэфіцыт цукру, які штогод узьнікае ў Беларусі ў пэрыяд нарыхтовак на зіму, Аляксандар Лукашэнка назваў "палітычнай праблемаю", якую наўмысна стварылі перад выбарамі агоныя апанэнты: "...можа быць, у кагосьці й вялікая палітыка была — вось, паглядзіце, як ён кіруе дзяржаваю",— заявіў Лукашэнка ў часе нядаўняе нарады з кіраўнікамі ўраду.

Два тыдні беларускі ўрад спрабаваў вырашыць "цукровую" праблему. І ў рэшце рэшт вінаватыя былі знойдзеныя. Учора Лукашэнка падпісаў указ пра звальненьне міністра гандлю Пятра Казлова, прэзыдэнта канцэрну "Белдзяржхарчпрам" Івана Шаколы й кіраўніка "Белкаапсаюзу" Ўладзімера Ўладыкі з фармулёўкай "за сур'ёзныя хібы ў працы" й "неадпаведнае выкананьне службовых абавязкаў".

Пётра Казлоў і Ўладзімер Уладыка "перажылі" на сваіх пасадах не адзін дэфіцыт, і ня толькі цукру, а вось пацярпелі толькі перад прэзыдэнцкімі выбарамі. А для Івана Шаколы гэтая адстаўка — ня першая, ён ужо быў міністрам сельскае гаспадаркі (нагадаю, што заняў ён гэтую пасаду адразу пасьля Васіля Лявонава). З крыніцаў, блізкіх да ўрада, нам стаў вядомы адметны факт. У часе нарады 27 ліпеня, на якой і абмяркоўвалася "цукровая" праблема, Лукашэнка напісаў на адным з дакумэнтаў рэзалюцыю наступнага зьместу: "Вырашыць праблему з цукрам або трапіце на нары".

Намесьнік дырэктара Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў Аляксандар Сасноў мяркуе, што "гучныя адстаўкі" з прычыны дэфіцыту цукру — цалкам перадвыбарчы крок.

(Сасноў: ) "Тыя ці іншыя праблемы такога кшталту ў сацыялістычнай эканоміцы адбываюцца заўсёды. І адказныя за гэта ня пэўныя людзі, міністры, а сама сыстэма, таму што яна гэтак працуе. А чаму адстаўкі сёньня? Трэба для насельніцтва выглядаць вельмі прывабна, таму што выбары..."

Аляксандр Сасноў — былы міністар працы, але, у адрозьненьне ад сёньняшніх ахвяраў "цукровых" рэпрэсіяў, ён сам пакінуў міністэрскую пасаду напярэдадні рэфэрэндуму 96-га году. Пайшоў у адстаўку разам з Міхалам Чыгіром на знак пратэсту.

(Сасноў: ) "Калі яны ізноў прагнуцца перад уладаю, перад Лукашэнкам асабіста, дык нейкія пасады йзноў будуць у іх. А калі не прагнуцца — сыйдуць у нікуды. Вось бачыце, Мальцава выставілі зь міністраў абароны, але ён прагнуўся й зноў прызначаны міністрам.

Наогул, у сфэры кіраваньня краінаю мала хто гучна йдзе ў адстаўку. Я асабіста ведаю пяць-шэсьць чалавек",— зазначыў Аляксандар Сасноў.

Сёньня мне не ўдалося адшукаць чыноўнікаў у адстаўцы. У былых сваіх кабінэтах іх ужо няма. У іхных установах ніхто не адважыўся пракамэнтаваць гучныя адстаўкі. Прыкладам, у "Белдзяржхарчпраме" мне заявілі, што на "правакацыйныя пытаньні" не адказваць, а ў Міністэрстве гандлю зазначылі, што "рашэньні прэзыдэнта не камэнтуюць".

Што да ўласна цукровай праблемы, дык яна па-ранейшаму адчуваецца. Праўда, у Менску ў многіх крамах цукар ужо зьявіўся, а вось у рэгіёнах, прыкладам, у Смаргоні, Маладэчне, Ашмянах ды іншых гарадох дагэтуль цукар можна набыць толькі на кірмашы й толькі па высокіх коштах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG