Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СКАНДАЛ НА БЫЛЫМ ЗАВОДЗЕ "ФОРД", ДЗЕ ЦЯПЕР ПРАБЛЕМЫ З ВЫПУСКАМ ЗУБНЫХ ШЧОТАК


Юры Сьвірко, Менск

Адкрыты чатыры гады таму асабіста Аляксандрам Лукашэнкам аўтамабільны завод "Форд" пад Менскам цяпер выпускае зубныя шчоткі, але й гэты праект ня ўдаўся.

Пра гэта распавяло Беларускае тэлебачаньне, што паказала старшыню Камітэту дзяржаўнага кантролю Анатоля Тозіка, які трымаў у руках зубную шчотку і, пагражаючы ёю новым уладальнікам заводу, загадаў ліквідаваць запазычанасьць з зарплатай і забараніў вывозіць абсталяваньне.

Замест супольнага прадпрыемства "Форд-Юніён" было створанае СП з падобным назовам "Юнісан" альбо "Унісон". Яно належыць брытанскай кампаніі J&W Sanderson і, як высьветлілася, спрабавала выпускаць зубныя шчоткі, якія сталіся такімі ж нерэнтабэльнымі, як і разьлічаныя на вялізны расейскі рынак фордаўскія аўтамабілі.

Паводле Беларускага тэлебачаньня, рабочыя "Юнісана" не атрымлівалі заробак зь лютага й напісалі скаргу таму, хто адкрываў іхны завод, — Аляксандру Лукашэнку. А той накіраваў на былое фордаўскае прадпрыемства старшыню Камітэту дзяржкантролю Анатоля Тозіка. Ён убачыў, як новыя гаспадары вывозяць высокатэхналягічнае абсталяваньне, а замест яго прывозяць станкі 1950–1960-х гадоў.

Перад тэлекамэрай спадар Тозік з зубной шчоткай у руках, спаслаўшыся на атрыманыя ад Аляксандра Лукашэнкі паўнамоцтвы, заявіў: "Я катэгарычна забараняю што-небудзь вывозіць з гэтага прадпрыемства. Вы мусіце забясьпечыць неадкладна скасаваньне запазычанасьці па заработнай плаце, скасаваньне даўгоў перад бюджэтам, трэба забясьпечыць усіх вас працаю. Ніхто не дазволіць выкінуць людзей на вуліцу". Для выкананьня гэтых патрабаваньняў спадар Тозік даў тэрмін да 31 ліпеня й пагражаў самымі жорсткімі санцыямі.

На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі, якую ладзіў міністар прадпрымальніцтва й інвэстыцыяў Анатоль Скорбеж, я папрасіў яго пракамэнтаваць сытуацыю на былым заводзе "Форд". Высьветлілася, што міністар пра сытуацыю на гэтым заводзе ня ведае.

(Скорбеж: ) Я "Фордам" не займаўся, таму адказаць вам на гэтае пытаньне — так ці не — не магу. Я магу адно сказаць — мы працуем з "ІKEA" зараз вельмі сур'ёзна, прапрацоўваючы літаральна дэталёва вельмі дробныя пытаньні, — кампанія "IKEA", калі прыйдзе сюды, яна прыйдзе на ўвесь час. Ці на працяглы час", — сказаў міністар прадпрымальніцтва інвэстыцыяў Анатоль Скорбеж.

Тыя самыя словы казалі ў свой час пра завод "Форд". А што да швэдзкай фірмы "ІКЕА", дык спадар Скорбеж абяцае ўжо да 15 жніўня падпісаць зь ёй дамову.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG