Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КОЛЬКАСЬЦЬ БАНКРУЦТВАЎ БЕЛАРУСКІХ ФЭРМЭРАЎ ІМКЛІВА РАСЬЦЕ


Ігар Карней, Менск


Да сярэдзіны 1990-х, калі занятасьць у прыватным сэктары была максымальнай, колькасьць фэрмэрскіх гаспадарак у Беларусі складала 6-7 тысяч. Да 2000 году гэта лічба скарацілася ўдвая.

Паводле вынікаў сёлетняй сяўбы, у фэрмэрскім сэктары засталіся самыя ўпартыя — прыблізна 2 500 прыватнікаў. І няма ніякіх падставаў чакаць, што агульная тэндэнцыя можа зьмяніцца. Гэтак лічыць лідэр прафсаюзу аграрнікаў Аляксандар Ярашук.

(Ярашук: ) "Калі сыходзіць з той канкрэтнай аграрнай палітыкі, якая рэалізуецца ў краіне, даводзіцца канстатаваць: ніводзін суб’ект гаспадараньня ў вёсцы ня мае падставаў, каб разьлічваць на нейкую пэрспэктыву.

Пакуль ня будзе рэальнай рэформы, эканамічнай свабоды, урэшце — гаспадара на зямлі, да той пары не прыходзіцца разьлічваць, што дзяржава нейкім чынам можа дапамагчы разьвіцьцю ў тым ліку й фэрмэрскіх гаспадарак".

(Карэспандэнт: ) "Ці можна сказаць, што калгасы зараз адчуваюць сябе лепей за фэрмэрскія гаспадаркі?"

(Ярашук: ) "Калі й адчуваюць, то ў вельмі нязначнай ступені. Гаспадаркам дапамагаюць, але разам фіксуюць цэны, па якіх яны вымушаныя аддаваць сваю прадукцыю".

Быць фэрмэрам у цяперашніх умовах наважваюцца толькі вельмі ўпартыя і працавітыя людзі. Увесь цяжар (а гэта пераважна цяжкая фізычная праца) кладзецца на сям’ю, бо наймаць работнікаў дастаткова дорага. Асноўны памочнік селяніна, як і даўней — конь. Аўтаматызацыя вытворчасьці амаль на нулі. Састарэлая тэхніка, некалі набытая ў калгасах, адслужыла па некалькі тэрмінаў і часта нават не падлягае рамонту.

Дзяржаўная праграма падтрымкі фэрмэрскіх гаспадарак з году ў год скарачаецца. Калі да мінулага году на патрэбы фэрмэраў (гэта звычайна частковае фінансаваньне набыцьця сельгастэхнікі й угнаеньняў) выдаткоўвалася 3,5 мільёна даляраў, то сёлета памер дапамогі скарочаны адразу ў 7 разоў. Гэта азначае, што, прыкладам, трактар "Беларус" для фэрмэра і калгаса каштуе ўжо не аднолькава, як было раней (дзесьці 7 тысяч даляраў). Для прыватніка ён цяпер значна даражэйшы.

Між тым, дзяржаўныя даўгі за рэалізаваную фэрмэрамі прадукцыю складаюць, паводле некаторых зьвестак, да 1 мільёну даляраў. А выпадкаў, каб грошы вярталіся адразу — адзінкі.
XS
SM
MD
LG