Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДПАЧЫНАК У БЕЛАРУСІ СТАЎ ДАРАЖЭЙ ЗА АДПАЧЫНАК НА МОРЫ


Ігар Карней, Менск

Большасьць турыстычных базаў Беларусі не аднаўлялася з пачатку 1970-х. У Міністэрстве спорту й турызму гэта тлумачаць тым, што да валютнай стабілізацыі з прычыны нізкіх коштаў на пуцёўкі запоўненасьць дамоў адпачынку ўжо складала 65%, і рэканструкцыяй ніхто не хацеў займацца. Цяпер сытуацыя выглядае інакш. Сёлета шэраг турыстычных фірмаў прапануе адпачынак на моры за сумы куды меншыя, чым у Беларусі.

Зусім незайздросная сытуацыя ў справе прыцягненьня замежных турыстаў. Іхная колькасьць увесь час меншае. І справа, як выяўляецца, ня столькі ў напаўразбуранай гісторыка-архітэктурнай спадчыне. Галоўны кансультант упраўленьня турызму Міністэрства спорту й турызму Мікалай Чырскі кажа: любы замежнік, які хоць раз трапіў у беларускую прыбіральню, больш у Беларусь не паедзе. Гаворыць Мікалай Чырскі:

(Чырскі: ) "Зараз у Беларусі існуюць стандарты сэртыфікацыі паслугаў гатэльнага бізнэсу. Але чыноўнікі (найперш жыльлёва-камунальнай гаспадаркі) катэгарычна супраць сэртыфікацыі, бо бачаць абсалютную неадпаведнасьць сваіх аб’ектаў стандартам міжнароднай "зоркавасьці".

Адсюль і лічбы статыстыкі. Летась Беларусь наведалі толькі 60 тысяч замежных турыстаў. Ды й гэтыя лічбы маюць сваю адметнасьць. Мы былі й застаемся транзытнай краінай. Таму замежныя турысты, што накіроўваюцца ў Расею, вымушаныя ехаць праз нашу краіну і тут спыняцца, бо гэта абумоўлена геаграфічна".

Пра скарачэньне колькасьці замежных гасьцей сьведчыць ужо тое, што раней у штаце аб’яднаньня "Белінтурыст" працавала 40 перакладчыкаў. Цяпер на сталай аснове не працуе ніводны!

Адмысловае падарожжа ў Беларусь мае на ўвазе выдаткі, параўнальныя з адпачынкам на моры. Арэнда звычайнага асобнага нумару ў менскім гатэлі перавышае кошт арэнды цэлага катэджу блізу Варшавы!

Яшчэ парадокс: з замежнікаў патрабуюць 30-40 даляраў за суткі, жыхары Беларусі за гэткі ж нумар плацяць толькі 2-3 даляры. Крыху болей патрабуюць з грамадзянаў СНД. Паводле спадара Чырскага, які называе гэтую зьяву "дзяржаўным рэкетам", галіновае міністэрства шматразова хадайнічала перад урадам, каб кошты для замежных грамадзянаў і мясцовых жыхароў выраўнаць, як ва ўсім сьвеце. Але, спасылаючыся на неабходнасьць сацыяльнай абароны беларусаў, урад не пагаджаецца.

Цяпер толькі адзін гатэль у Беларусі сэртыфікаваны паводле міжнародных стандартаў на права валоданьня трыма зоркамі — гэта "Нафтан" у Наваполацаку.

Між тым, цягам мінулага году 1 мільён беларускіх турыстаў адпачываць і падарожнічаць паехалі за мяжу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG