Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭБРР: ПАЛІТЫЧНЫЯ І ЭКАНАМІЧНЫЯ ТЭНДЭНЦЫІ Ў БЕЛАРУСІ ВЫКЛІКАЮЦЬ ЗАНЕПАКОЕНАСЬЦЬ


Мікола Пачкаеў, Лёндан


Паседжаньне, прысьвечанае інвэстыцыйнаму клімату ў Беларусі, істотна кантраставала з прэзэнтацыямі іншых краінаў.

Прысутныя на паседжаньні, прысьвечаным інвэстыцыйнаму клімату ў Беларусі, маглі заўважыць некалькі цікавых дэталяў. У сваіх выступах беларуская дэлегацыя абмінула тэму “карысных вынікаў Саюзу з Расеяй” – як тое было запісана ў папярэдняй праграме. Цікава таксама, што, кантрастуючы з прэзэнтацыямі іншых краінаў, беларускія ўрадоўцы збольшага пазьбягалі самога слова “прыватызацыя”, кажучы болей пра неакрэсьленае “рэфармаваньне” дзяржаўнага сэктару.

Тымчасам, беларускую дзяржаўную адміністрацыю, на працягу амаль 40 хвілін хваліў сп. Клаўс Вагнэр, былы прадстаўнік нямецкага канцэрну МАН у Менску. Але іншыя заходнія інвэстары ў сваіх пытаньнях да сп. Вагнэра заўважылі, што ягоны посьпех у Беларусі адбыўся шмат у чым дзякуючы выкарыстаньнью сувязяў і знаёмтваў, захаваных з савецкіх часоў.

Што ж рабіць новым інвэстарам ў Беларусі – было пытаньне. Збольшага, сп. Вагнэр параіў сваім заходнім калегам перадусім забясьпечыць сабе, зноў жа, карысныя кантакты, знаёмствы і сувязі ў Беларускай адміністрацыі і карыстацца зь іх. Згодна сп. Вагнэра, развязаньне ім бізнэсовых пытаньняў зь беларускай намэнклятурай уключала, сярод іншага, “распушчэньне” іх, так бы мовіць, у вялікай колькасьці гарэлкі. Дарэчы, як вынікала зь ягоных словаў, Эўрапейскі банк не фінансаваў праект канцэрна МАН у Беларусі.

Аптымістычны тон прамовы спадароў Кокарава і Пракаповіча кантраставаў з высновамі экспэртаў самога Эўрапейскага банку. Сп. Пракаповіч заявіў на гэта, што банк там нібыта перасьледуе пэўныя “палітычныя” мэты ў дадатак да эканамічных, што, маўляў, і ёсьць галоўнай перашкодай іх супрацоўніцтву.

Але Эўрапейскі Банк, падобна, не ўважае, што ў Беларусі гэтыя два аспэкты магчыма гэтак падзяліць. У справаздачы банка наўпрост гаворыцца, “на практыцы, эканамічныя і палітычныя тэндэнцыі ў Беларусі працягваюць спараджаць занепакаеньне што да далейшага поступу трансфармацыі ў накірунку рынкавай эканомікі, і спрыяльнага інвэстыцыйнага клімату”.

На выніковай прэс-канфэрэнцыі прэзыдэнт банку Жан Лемі’ер сказаў, што ён асабіста накіраваў ліст сп. Лукашэнку (ахарактарызаваны як “жорсткі”), дзе тлумачыцца занепакаеньне банка лёсам дэмакратызацыі ў Беларусі. У гэтым кантэксьце, Жан Лем’ер таксама абвесьціў, што наступны разгляд палітыкі і пэрспэктываў супрацоўніцтва ўвогуле, Эўрапейскага банку ў дачыненьні да Беласусі адбудзецца менавіта пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у краіне. Як ён падкрэсьліў, такія высновы былі прыняты Радаю Дырэктароў ЭБРР адзінагалосна.

Удзел Беларусі ў гэтым важным эканамічным форуме мусіць разглядацца ў кантэксьце прэзэнтацыяў, прысьвечаных іншым краінам. Для параўнаньня: прэзэнтацыя, прысьвечаная Польшчы, датычылася збольшага менавіта прыватызацыі, ад якой польскі бюджэт чакае здабыць 4.5 мілярды даляраў у 2001 годзе і плянуе скарыстаць пераважную частку гэтай сумы на сацыяльныя патрэбы. Тымчасам, удзел ЭБРР ў 8 праектах у Беларусі, інвэстыцыі каля 96 млн эўра трэба разглядаць у параўнаньні са шматмільярднымі інвэстыцыямі банку ў эканоміку Польшы і іншых краінаў рэгіёну (у выпадку Польшчы, 600 млн. эўра толькі ў мінулым годзе). Фактычна, гэтыя два паказчыкі – зьвязаныя, бо ЭБРР, будучы з аднаго боку камэрцыйным банкам, мае аднак задачы спрыяць трансфармацыі ў постсацыялістычных краінах і таму робіць свае інвэстыцыі менавіта ў прыватным сэктары, а таксама дзеля мэтаў рэструктурызацыі прамысловасьці і мадэрнізацыі інфраструктуры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG