Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЖНАРОДНЫ БАНК РАСПРАЦОЎВАЕ НОВУЮ СТРАТЭГІЮ СУПРАЦОЎНІЦТВА ЗЬ БЕЛАРУСЬСЮ


Міхал Стэльмак, Менск


Паводле словаў Люка Барбонэ, цягам апошніх васьмі гадоў супрацоўніцтва Міжнароднага банку зь Беларусьсю ня мела плёну. Камэнтуючы недахопы папярэдняй стратэгіі, спадар Барбонэ зазначыў:

(Барбонэ: ) "Рэч у тым, што ранейшая стратэгія была ў некаторай ступені канфідэнцыйнай. Чаму? Ды таму, што ўрад не хацеў, каб мы друкавалі яе. Зрэшты, канцэпцыя напраўду была ня вельмі сяброўская.

А зараз мы імкнемся распрацаваць дакумэнт, які будзе больш канструктыўным".

Апроч таго, паводле словаў спадара Барбонэ, цяперашняя ініцыятыва Міжнароднага банку абумоўленая некаторымі станоўчымі крокамі беларускіх уладаў у справе эканамічнага рэфармаваньня. Напрыклад, лібэралізацыяй валютных курсаў.

Прадстаўнікі ўраду Беларусі, як зазначыў спадар Барбонэ, паабяцалі яму працягваць эканамічныя пераўтварэньні.

Дакумэнт Міжнароднага банку пад назвай “Стратэгія супрацоўніцтва з краінай” будзе ўтрымліваць заплянаваныя на 3-гадовы тэрмін праекты крэдытаваньня й праграмы тэхнічнай дапамогі.

Якраз цяпер місія на чале са спадаром Барбонэ распачала ўзгадненьне кірункаў супрацоўніцтва. Праекты тычацца найперш сацыяльнай сфэры — дапамогі ў галінах энэргазахаваньня, аховы здароўя, экалёгіі, ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай аварыі.

На думку Люка Барбонэ, на рэалізацыю гэтых праектаў банк можа выдаткаваць ад 200 да 300 мільёнаў даляраў.

Праекты фінансавай дапамогі абмяркоўваюцца і з прадстаўнікамі беларускай грамадзкасьці. Вось што распавёў нашаму радыё сталы прадстаўнік Міжнароднага банку ў Беларусі Сяргей Кулік:

(Кулік: ) "Мы разаслалі каля 350 запрашэньняў. Галоўнае, чым мы кіруемся — адкрытасьць кансультацыяў.

Мы ня будзем абмяжоўвацца толькі Менскам. Разумеем, што многія няўрадавыя арганізацыі ня маюць грошай на паездкі ў сталіцу. Таму самі зьбіраемся наведаць усе рэгіёны краіны: прамысловыя цэнтры, сельскагаспадарчыя раёны, Чарнобыльскую зону, каб пацікавіцца думкамі прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый, якія жывуць непасрэдна ў чарнобыльскіх раёнах".

Паводле словаў спадара Куліка, такія сустрэчы місіі Міжнароднага банку зь лідэрамі й актывістамі недзяржаўных структураў учора і сёньня адбыліся ў Менску, а на 16 сакавіка заплянаваныя кансультацыі Люка Барбонэ з прадстаўнікамі грамадзкасьці ў Віцебску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG