Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРЫВЯЗАНЬНЕ ПАДАТКАЎ І ШТРАФАЎ ДА МІНІМАЛЬНАГА ЗАРОБКУ МОЖА ЗГУБНА АДБІЦЦА НА ЭКАНОМІЦЫ


Ігар Карней, Менск

Першыя вынікі гэтага ўжо адчуваюцца пасьля падвышэньня з 1 сакавіка мінімальнага заробку да ўзроўню 5 700 рублёў.

І суб’екты гаспадараньня, і шараговыя грамадзяне пасьля 1 сакавіка адчулі, што падвышэньне мінімальнага заробку мае ня толькі станоўчыя вынікі.

Так, мінімальны штраф за падатковыя парушэньні цяпер складае 57 000 рублёў — а гэта амаль 50$ супраць ранейшых 30$. Засьведчаньне аднаго подпісу статутнага дакумэнту — 11 400 руб замест 7 200. Пашпартнае афармленьне дазволу на выезд каштуе 28 000 рублёў (яшчэ тыдзень таму каштавала 18 000).

Такім чынам, прывязваньне ставак дзяржаўных пошлінаў, падаткаў і штрафаў да мінімальнага заробку ўжо прывяло да падвышэньня аналягічных выдаткаў у паўтара-два разы. Экспэрт БНПА Эдуард Кісялёў лічыць, што ад такой практыкі трэба тэрмінова адмаўляцца.

(Кісялёў: ) “56-ы артыкул Працоўнага кодэксу кажа, што гэта — мінімальны ўзровень аплаты працы, і больш нічога. А ў нас з гэтага накруцілі няведама што.

Таму цягам 2001-2002 гадоў, мяркую, мінімалку ад неўласьцівых ёй функцыяў вызвалім. Зараз з павелічэньнем мінімальнага заробку сапраўды адчувальна зьмяніліся й штрафы, і тарыфы”.

(Карэспандэнт: ) “Сумесная прапанова БНПА і Беларускай канфэдэрацыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў — адмовіцца ад усталяваньня ставак дзяржаўных пошлінаў, штрафаў і г.д. у мінімальных заробках і вызначаць іх у нацыянальнай валюце. Што гэта азначае?”

(Кісялёў: ) “Вызначыць, што гэта будзе 1 000, 2 000 рублёў і г.д. Пры чым тут мінімальны заробак, умоўныя адзінкі ці яшчэ нешта, калі ёсьць беларускія рублі?

Усё зафіксаваць у канкрэтным памеры, як у нас было гадоў 10 таму. Каб усе ведалі, што ліцэнзія будзе каштаваць, прыкладам, 5 000 рублёў; штраф — 10 000. А ня так, што падвышаецца мінімальны заробак, і трасесься, што гэта пацягне непажаданыя наступствы”.

На хвалі падвышэньня мінімальнага заробку некаторыя дзяржаўныя органы былі заўважаныя ў імкненьні падвысіць коштам гэтага дабрабыт сваіх ведамстваў.

Так, у калідорах Дзяржаўтаінспэкцыі Партызанскага раёну Менску 3 сакавіка ўспыхнулі несанкцыяваныя хваляваньні кіроўцаў, якіх вымушалі аплочваць штрафы па новых коштах за парушэньні, якія былі ўчыненыя ў лютым. Грашовая розьніца пры гэтым складала ад 5 да 20 даляраў. І гэты факт, як сьведчаць розныя крыніцы, ня быў адзінкавы.
XS
SM
MD
LG