Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЧВЭРЦЬ КАЛГАСАЎ МОГУЦЬ АБВЕСЬЦІЦЬ БАНКРУТАМІ АБО ПРЫВАТЫЗАВАЦЬ


Валер Каліноўскі, Менск

Беларуская эканоміка летась дабілася росту сукупнага ўнутранага прадукту на 6%. Аднак міністар эканомікі Ўладзімер Шымаў сёньня на сустрэчы з журналістамі канстатаваў, што адбываецца гэта коштам эксплюатацыі старога вытворчага й тэхналягічнага патэнцыялу.

У 2000 годзе інвэстыцыі склалі толькі 48% ад узроўню 1990 году. Міністэрства эканомікі магло б пахваліцца, што летась удвая вырасьлі замежныя інвэстыцыі, але склалі яны зусім нязначную лічбу — 135 мільёнаў даляраў.

З прычыны хуткай дэвальвацыі беларускага рубля ў 2000 годзе — на 260% — значна скараціліся абаротныя фонды прадпрыемстваў. Гаворыць Уладзімер Шымаў:

(Шымаў: ) "Мы сутыкнуліся з такой сытуацыяй, калі вытворчыя выдаткі, асабліва ў аграрным сэктары, на тле той прадуктыўнасьці, якую мы маем, робяць нашу прадукцыю практычна неканкурэнтаздольнай на зьнешніх рынках".

Летась зьнешнегандлёвае сальда заставалася адмоўным: Беларусь купіла за мяжой тавараў на 1,1 мільярды даляраў больш, чым прадала. Гэта горшы паказчык, чым у 1999 годзе.

Сытуацыя ў аграрным сэктары ўвогуле гаротная. Сельскагаспадарчая вытворчасьць летась дасягнула толькі 71% ад узроўню 1990 году. Пасьля адмысловай нарады па сельскай гаспадарцы ва ўрадзе прынялі рашэньне рэфармаваць 25% найбольш адсталых калгасаў і саўгасаў.

Спадар Шымаў кажа, што пры гэтым будзе забясьпечаная роўнасьць усіх формаў уласнасьці. На гэты конт прымуць адмысловы дэкрэт ці нават закон. Былы сябар беларускага ўраду Аляксандар Сасноў мяркуе, што ўраду давядзецца перакрэсьліць папярэднюю палітыку абмежаваньня прыватнага сэктару ў АПК:

(Сасноў: ) "Я моцна сумняюся, што гэтая рэформа пройдзе, найхутчэй, гэта будзе чарговая паказуха".

Уладзімер Шымаў заяўляе, што пасяўная кампанія пройдзе коштам уласных сродкаў гаспадарак, фонду падтрымкі сельскагаспадарчай вытворчасьці ды коштам вяртаньня калгасамі леташніх крэдытаў.

А.Лукашэнка мяркуе давесьці да канца году заробак па краіне да 100 даляраў, таму ўраду давядзецца карэктаваць бюджэт ужо ў красавіку. Сэквэстар закране пэўныя артыкулы расходнай часткі бюджэту, на павелічэньне зарплаты бюджэтнікам пойдуць і дадатковыя даходы бюджэту. Уладзімер Шымаў паабяцаў, што заробак па 100 даляраў будзе.

Ягоны былы калега Аляксандар Сасноў нэгатыўна ацэньвае гэтыя папулісцкія крокі ўраду:

(Сасноў: ) "І ўвогуле такое адчуваньне, што зусім няма ніякіх пэрспэктываў. Асабліва ўлічваючы выбарчую кампанію, калі яны будуць дабівацца гэтых 100 даляраў, то вынікам праз пэўны тэрмін стане падзеньне ўсіх паказчыкаў у краіне — гэткі ступар".

На думку Аляксандра Саснова, ціск А.Лукашэнкі на эканоміку дзеля дасягненьня заробку ў 100 даляраў рэзка падвысіць сабекошт беларускай прадукцыі, якая й цяпер неканкурэнтаздольная.
XS
SM
MD
LG