Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЛУКАШЭНКА ЗАКЛІКАЎ БІЗНЭСОЎЦАЎ ФІНАНСАВАЦЬ ПРАВАСЛАЎНЫ ПРАЕКТ


Юры Сьвірко, Менск



Дом міласэрнасьці будзе належаць менскаму праваслаўнаму прыходу ў гонар усіх сьвятых. Тут будуць жыць інваліды, дзеці-бязбацькавічы, пажылыя людзі.

Будуецца дом пад эгідаю Беларускае праваслаўнае царквы, аднак ён чамусьці трапіў пад патранаж А.Лукашэнкі ды маскоўскага партрыярха Алексія ІІ.

Сёньня стала вядома, што існуе яшчэ 13 аб’ектаў, якія знаходзяцца пад гэтым супольным патранажам. Але, напэўна, грошай патронаў усё ж не хапае, таму спадар Лукашэнка заявіў:

(Лукашэнка:) "Карыстаючыся выпадкам, што тут тэлебачаньне, хацеў бы зьвярнуцца да нашых прадпрымальнікаў, бізнэсоўцаў, кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў з просьбай дапамагчы ў будаўніцтве гэтых аб'ектаў. Я настойліва рэкамэндую ўдзельнічаць у будаўніцтве гэтых аб'ектаў".

А.Лукашэнка абвесьціў, што дом міласэрнасьці мусіць быць пабудаваны да 1 верасьня. Старшыня Менскага гарвыканкаму Міхаіл Паўлаў атрымаў ад яго заданьне правесьці тэндэр на заканчэньне будаўніцтва.

Цікава, што на 1 верасьня заплянаванае яшчэ й адкрыцьцё новай станцыі мэтро “Магілёўская” ў канцы Партызанскага праспэкту сталіцы.

Нагадаю, што прэзыдэнцкія выбары пройдуць не пазьней за 27 верасьня, і да пачатку восені цяпер прывязваюцца ўсе гучныя цырымоніі, дзе будзе браць удзел А.Лукашэнка.

Але ў гэтай перадвыбарчай агітацыі ўдзельнічае праваслаўная царква. Нядаўна мітрапаліт Філарэт узнагародзіў граматамі трох дзяржаўных журналістаў: Ніну Чайку зь Беларускага радыё, Міхаіла Шыманскага, рэдактара “Народнае газеты”, ды супрацоўніцу гэтага ж выданьня Ніну Яновіч.

Н.Яновіч на гэтым тыдні надрукавала ў “Народнай газеце” артыкул “Замест таго, каб маліцца Богу, заняліся палітыкаю…” Гэта чарговы папрок беларускім пратэстантам, якіх узнагароджаныя Філарэтам асобы цкуюць як сэктантаў.

Адкрывае артыкул сьцьверджаньне, што апазыцыя пачала разыгрываць “рэлігійную карту, асабліва шматабяцальную, як ёй уяўляецца, перад надыходзячымі выбарамі кіраўніка дзяржавы”.

Далей аўтарка публікацыі заяўляе: “Міністэрства адукацыі арыентуецца сёньня ў выхаваньні дзяцей на праваслаўную мараль ды этыку, калі мы праваслаўная краіна”.



XS
SM
MD
LG