Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ - АЎТСАЙДЭР У РЭФАРМАВАНЬНІ ЎЛАСНАСЬЦІ


Віталь Цыганкоў, Менск

Калі напачатку 1990-х у Беларусі пачаўся працэс разьдзяржаўленьня маёмасьці, большасьць палітыкаў і чыноўнікаў ацэньвалі ягоныя пэрспэктывы вельмі аптымістычна.

Тагачасны міністар у справах прыватызацыі Валер Мацюшэўскі заяўляў, што беларускія тэмпы прыватызацыі будуць шпарчэйшыя за польскія. Першыя, нават непасьлядоўныя крокі, былі даволі пасьпяховыя.

Усё зьмянілася пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, калі новая ўлада па сутнасьці спыніла прыватызацыю. Гаворыць аглядальніца ў пытаньнях прыватызацыі газэты “Белорусский рынок” Тацяна Манёнак.

(Манёнак: ) "Беларусь — аўтсайдэр у рэфармаваньні ўласнасьці. Спачатку прынялі закон, які прыярытэтнымі зрабіў сацыяльныя аспэкты прыватызацыі. І сёньня, на жаль, нашыя прыватызатары гавораць найперш пра тое, што трэба напоўніць прыватызацыйныя чэкі маёмасьцю.

Але ж ведаем з досьведу ўсіх суседніх дзяржаваў, што найпершая задача прыватызацыі — павысіць эфэктыўнасьць прадпрыемстваў, прыцягнуць інвэстыцыі, зьмяніць уласьніка, каб прадпрыемствы працавалі дастаткова эфэктыўна".

А ёсьць, так бы мовіць, прыватызацыя ў формах рынкавага сацыялізму, якая адно імітуе гэты працэс. У Беларусі нават рэфармаваныя прадпрыемствы зусім ня вольныя ў сваёй вытворчай палітыцы.

(Манёнак: ) "Цяжка паверыць, але ж і дзяржаўнымі прадпрыемствамі, і акцыянэрнымі прадпрыемствамі кіруюць аднолькава — ім даюць зьверху нейкія ўказы, распараджэньні, рэгулююць заробкі.

Калі ж якое акцыянэрнае таварыства паспрабуе весьці ўласную палітыку, дык дзяржава ўсё адно можа ўзьдзейнічаць — увесьці, скажам, "залатую акцыю". Таму й нашы акцыянэрныя таварыствы трымаюць на кароткім павадку.

Відаць, улады баяцца непадуладнага ім працэсу пераразьмеркаваньня ўласнасьці праз прыход інвэстара збоку.

Таму два гады таму пастанавілі замарозіць рух акцыяў, што былі купленыя за часам чэкавай прыватызацыі. І цяпер ніводны інвэстар староньні ня можа купіць акцыяў. Нашы прадпрыемствы папросту пераўтварыліся ў нейкія калгасы: акцыі маюць, але ня могуць іх прадаць".

Першы намесьнік міністра ў справах кіраваньня дзяржаўнай маёмасьцю й прыватызацыі Аляксандар Блінкоўскі сёньня падчас прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што Беларусь дагэтуль не сутыкалася з сур’ёзным інвэстарам у галіне прыватызацыі. Насамрэч спробы прыйсьці на беларускі рынак былі ня раз. Тацяна Манёнак згадвае адзін з найярчэйшых прыкладаў:

(Манёнак: ) "Акцыянэрнае таварыства "Мозырсоль" чатыры гады спрабавала прыцягнуць інвэстара. Аднак Лукашэнка прыехаў на прадпрыемства, паразмаўляў з рабочымі, і была зробленая такая выснова: нельга прадаваць прадпрыемства, што валодае сыравінай.

А была выдатная галяндзкая фірма "АгзаНобэль", якая магла б даць магчымасьць прадпрыемству прадаваць сваю прадукцыю на новых эўрапейскіх рынках. Такую спробу зрабілі ізноў пры канцы мінулага году — і зноў жа, не дапусьцілі на прадпрыемства гэтага інвэстара".

Беларускае заканадаўства паставіла патэнцыйным інвэстарам новыя бар’еры — гэтак званую субсыдыярную адказнасьць, калі інвэстар можа расплочвацца ўласнай маёмасьцю ў выпадку банкруцтва прадпрыемства.

Відавочна, кіраўніцтва Беларусі не дапускае сапраўднай прыватызацыі — і менавіта з палітычных прычынаў. Той, хто выкупляе ўласнасьць, хоча мець гарантыі закона. Але ў Беларусі пакуль ў цане толькі гарантыі асобнага чалавека.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG