Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСК ПРЫЕХАЛА МІСІЯ МІЖНАРОДНАГА БАНКУ


Міхал Стэльмак, Менск

Цяперашні візыт місіі Міжнароднага банку вынікае зь ягоных леташніх дамоўленасьцяў з урадам Беларусі наконт праекту энэргазахаваньня ў сацыяльнай сфэры.

Зараз Банк мае намер канчаткова вызначыцца, ці пазычаць грошы афіцыйнаму Менску. Гаворыць кіраўнік менскага прадстаўніцтва Міжнароднага банку Сяргей Кулік:

(Кулік: ) "На сёньняшні дзень мы зыходзім з сумы 20 мільёнаў даляраў пазыкі. Але гэта папярэдняя сума. Бо чакаем перамоваў з урадам, і пакуль цяжка сказаць пра іхныя вынікі.

Пад час цяперашняга візыту мы плянуем правесьці шэраг сустрэчаў з прадстаўнікамі як уладаў, так і грамадзкасьці. Асабліва нас цікавіць рэакцыя прадстаўнікоў аховы здароўя і адукацыі. Бо праект Міжнароднага банку тычыцца рэканструкцыі сыстэмаў энэргазабесьпячэньня найперш гэтых дзьвюх сфэраў.

Рэч у тым, што ў супрацоўніцтве зь Беларусьсь акцэнт мы будзем рабіць на сацыяльных праграмах. Гэтыя праграмы прыярытэтныя як для ўраду, гэтак і для нашага Банку”.

Летась Міжнародны банк уласным коштам ажыцьцявіў некалькі пілётных праектаў у навучальных установах і шпіталях Менску і Менскай вобласці.

Гэтак, Банк рэканструяваў сыстэму энэргазабесьпячэньня сталічнай школы № 105. Як паведаміла мне сёньня дырэктарка гэтай школы Валянціна Сыцік, карысьць ад супрацоўніцтва зь міжнароднай фінансавай арганізацыяй відавочная.

(Сыцік: ) "Грошы, як я разумею, найперш даюць на здароўе дзяцей. Нашу школу пабудавалі ў 1966 годзе. Пасьля таго, як замянілі кацельню, мы больш тут ня мерзьнем. Цяпло захоўваецца на ўсіх паверхах. Выдатна стала й з асьвятленьнем.

Адным словам, і настаўнікі, і вучні, і іхныя бацькі вельмі задаволеныя, што Міжнародны банк дапамог нам. Раней кожную зіму ў нас хварэла штомесяц да 20 настаўнікаў, а зараз яны практычна не хварэюць”.

Як зазначыў Сяргей Кулік, гэта — вынік укараненьня энэргазахавальных тэхналёгіяў. Інакш кажучы, Банк прадэманстраваў беларускім уладам, чаго вартае фінансавае партнэрства зь ім.

Зрэшты, згаданае партнэрства прадугледжвае фінансаваньне энэргазахавальнага праекту на парытэтных умовах. Да 20 мільёнаў даляраў Міжнароднага банку ўрад Беларусі мусіць дадаць сваю частку інвэстыцыяў на 12 мільёнаў даляраў. Але ці ўваходзіць гэта ў ягоныя пляны, пакуль невядома.
XS
SM
MD
LG