Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЛЬНІ ПРАДАЮЦЬ БЕЛАРУСКІ ДОЎГ


Міхал Стэльмак

Конкурс праводзіць літоўская энэргетычная кампанія “Летувас энэргія”. Беларускі доўг, які яна выставіла на продаж, складае 50 мільёнаў даляраў.

Узьнік гэты доўг, як паведамілі мне сёньня ў “Летувас энэргія”, цягам 1998 ды 1999 гадоў. Шмат месяцаў Літва пастаўляла беларускаму канцэрну “Белэнэрга” электрычнасьць, за якую Менск разьлічваўся больш абяцанкамі, чым грашыма.

Гэта ўрэшце выклікала ў Літве гучны скандал. Літоўскіх энэргетыкаў абвінавацілі ў матэрыяльнай падтрымцы рэжыму Лукашэнкі.

Пасьля скандалу адбыліся кадравыя перастаноўкі ў Вільні, і энэргетычным супрацоўніцтвам зь Менскам сталі займацца новыя асобы. Сярод іх — Валдас Юркявічус, цяперашні дырэктар у пытаньнях камэрцыі “Летувас энэргія”. Вось як ён пракамэнтаваў нашаму радыё палітыку кампаніі ў дачыненьні да Беларусі:

(Юркявічус: ) "Нам трэба жыць побач — як і з усімі суседзямі. Таму мэты літоўскага боку і, наколькі мне вядома, беларускага —супрацоўнічаць у справе паставак электраэнэргіі ў Рэспубліку Беларусь.

Але вось умовы гэтага супрацоўніцтва, калі параўнаць з ранейшымі, зьмяніліся. Мы патрабуем, каб наўзамен нашай электрычнасьці давалі банкаўскія гарантыі першаклясных заходнеэўрапейскіх банкаў, альбо — папярэдняя аплата", — патлумачыў спадар Юркявічус.

Відавочна, што жорсткія ўмовы супрацоўніцтва ў энэргетычнай сфэры, на якіх настойвае Вільня, спрычыніліся да рэзкага зьмяншэньня паставак у Беларусь літоўскай электрычнасьці.

Дырэктар у пытаньнях камэрцыі “Летувас энэргія” паведаміў, што сёньня спынілі пастаўкі для “Белэнэрга”, якія ажыцьцяўляла замежная фірма “Acotra Grand”. Чаму згаданая фірма вырашыла не працягваць кантракту зь беларускім бокам, ягоныя прадстаўнікі камэнтаваць адмовіліся.

Між тым, паводле словаў Валдаса Юркявічуса, “Acotra Grand” закупіла для Беларусі ўсяго 100 мільёнаў кіляват-гадзінаў электрычнасьці. Зараз “Летувас энэргія”, як паведаміў ейны прадстаўнік, завяршае рэалізацыю апошняга кантракту зь Беларусьсю, які скончыцца 11 лютага.

Ці працягнуцца пастаўкі пасьля 11 лютага, стане вядома пасьля перамоваў. Апроч запатрабаваных Літвою фінансавых гарантыяў, Менск і Вільня ня могуць паразумецца й наконт кошту электрычнасьці. “Летувас энэргія”, як зазначыў ейны прадстаўнік, пакуль што ня думае ісьці на саступкі.

XS
SM
MD
LG