Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўныя выклікі і небясьпекі ХХІ стагодзьдзя.


Кастусь Бандарук

(эфір 26 лістапада 1999)

Аўтар і вядучы – Кастуась Бандарук.

Напрыканцы ХХ стагодзьдзя і, асабліва, другога тысячагодзьдзя ўзмацняюцца дэкадэнцкія настроі. Узгадваюцца прароцтвы пра хуткі канец сьвету, людзі больш схільныя бачыць сімптомы нейкага касьмічнага катаклізму ў шэрагу прыродных зьяваў.

Аднак вучоных хвалюе іншае, больш канкрэтнае пытаньне: як жыць каб выжыць ў ХХІ стагодзьдзі? Заміж палохаць сябе найгоршымі сцэнарыямі, трэба застанавіцца над тым, як прадухіліць самазьнішчэньне, абараніць чалавецтва перад новымі хваробамі і непазьбежнымі катаклізмамі, як ўсіх пракарміць і перадаць наступным пакаленьням чыстую ваду і паветра?

Разважаньні наконт таго, што няварта нічога рабіць, бо і так наступіць канец сьвету – дарэмныя. Мы ня ў стане прадбачыць нейкі касьмічны катаклізм, але можам прадбачыць небясьпекі вельмі рэальныя, якія неаднойчы ствараліся і ствараюцца самім чалавекам.

Мы ня ў стане прадухіліць землятрус або вывяржэньне вулькану, але засухі і паводкі бываюць вынікам зруйнаваньня навакольнага асяродзьдзя. Дасьледчы цэнтар "Фонд Чарльза Сцюарта Мотта" ў адмысловым дакумэнце "Выклікі ХХІ стагодзьдзя і глябальныя пэрспэктывы" называе некалькі асноўных небясьпекаў, перад якімі стаіць чалавецтва ў ХХІ стагодзьдзі.

Найперш, гэта паступовае разражэньне азонавага слою, які не дапускае на зямлю сьмяротныя ўльтрафіялетавыя прамяні. Адмаўленьне ад шкодных для азону хімічных рэчываў, якія ўжываюцца ў некаторых дэзадарантах толькі часткова паўстрымоўвае гэты працэс.

У выніку эмісіі прамысловых газаў павялічваецца гэтак званы "цяплічны эфэкт" і наступае глябальнае пацяпленьне. У першай палове ХХІ стагодзьдзя тэмпэратура ў сярэднім можа ўзрасьці на 2-3 градусы па Цэльсію. У выніку падвысіцца ўзровень акіянаў і вада заліе вялікія тэрыторыі ўлучна з набярэжнымі гарадамі. Пацяпленьне клімату, акрамя засухаў, выкліча небывалыя прыродныя катаклізмы і рост трапічных хваробаў, у прыватнасьці тых, якія пераносяцца маскітамі.

Трэцяя небясьпека, гэта забруджанасьць вады і паветра. Усясьветная Арганізацыя Здароўя лічыць, што стан навакольнага асяродзьдзя зьяўляецца непасрэднай прычынай чвэрці ўсіх хваробаў на сьвеце. Звыш 4-х мільёнаў дзяцей паміраюць штогод з прычыны хваробаў, зьвязаных з дыханьнем. Звыш мільярду жыхароў зямлі ня маюць доступу да чыстай вады, і мільёны людзей наагул адчуваюць недахоп вады.

Чарговая небясьпека – гэта зьнішчэньне экасыстэмы шляхам драпежніцкага гаспадараньня, высячэньня лясоў, вынішчэньня дзічыны, забруджанасьці сельскагаспадарчых палеткаў шкоднымі хімічнымі рэчывамі, з дапамогай якіх робяцца спробы павялічыць ўраджай.

Сучасная мэдыцына мае несумненныя посьпехі ў барацьбе з дагэтуль невылечнымі хваробамі, такімі як рак. Можна спадзявацца, што праз некаторы час будзе знойдзеная прышчэпка супраць СНІДу.

З другога боку праз ўвесь час зьяўляюцца новыя хваробы. Вучоныя выяўляюць бактэрыі-мутанты, якіх не зьнішчаюць сучасныя антыбіётыкі. Толькі з 94-га году выяўлена каля 30-ці новых вірусаў,
такіх як Андэс, Пірытал, Ніпаг, Оскар і Эбола. У 95-м годзе вірус
Эболы, які упершыню быў выяўлены ў Афрыцы, толькі ў адным горадзе Кіквіт ў Заіры забіў 250 чалавек.

Вучоныя выявілі таксама від бактэрыяі, названай "Дэйнокус радыёдуранс" які вытрымлівае дозу радыяцыі ў тысячу разоў большую за сьмяротную для чалавека. Калі гэты вірус ужыць у якасьці біялягічнай зброі, яна была б непераможнай. Адначасова, пашырэньню эпідэміяў будзе спрыяць хуткае перамяшчэньне людзей. Людзі будуць часьцей падарожнічаць, пераважна самалётамі, і вірус з трапічнага клімату імгненна можа апынуцца, напрыклад, ў амэрыканскім горадзе.

Аднак яшчэ большая пагроза зыходзіць ад самога чалавека. Рычард Прэстан, аўтар артыкулу "Што новае мерыцца стаць маім забойцам?" канстатуе, што "ў той час як чалавек навучыўся змагацца са старымі хваробамі, ў новым стагодзьдзі яго чакае бомба ў выглядзе прыродных, а таксама створаных самім жа чалавекам мікробаў". Біялягічная зброя, гэта такая самя ганьба для біёлагаў, як першая атамная бомба для фізыкаў.

У чэрвені сёлета сэнсацыю выклікала кніжка "Біяазарт" Кэнатьяна Алімбекава. Палкоўнік Алімбекаў быў намесьнікам дырэктара сакрэтнага навуковага прадпрыемства "Біяпрэпарат", у якім працавалі 60 тысячаў чалавек, і гадавы бюджэт якога складаў ня менш аднаго мільярду даляраў ў год. У 92-м годзе Алімбекаў уцёк ў Вялікабрытанію і затым перасяліўся ў ЗША. Ён выявіў, што Савецкі Саюз дзесяцігодзьдзямі працаваў над біялягічнай зброяй, якую ўжыў у бітве пад Сталінградам. Сам Алімбекаў быў вынаходцам вірусу бубоннай чумы або так званай "Чорнай Сьмерці". Гэтыя небясьпечныя вірусы былі зьмешчаныя ў ракетных боегалоўках, нацэленых на Злучаныя Штаты.

Савецкія навукоўцы працавалі над мутантам спалучаных вірусаў воспы і Эболы, непадатлівых да ніякіх прышчэпкаў і антыбіётыкаў. У кнізе "Біялягічная вайна" Том Мэнголд і Джэф Голдбэрг выявілі, што працы над біялягічнай зброяй праводзіліся таксама ў Іраку, Паўночнай Карэі і Афганістане. 20 сакавіка 95-га году сьвет абляцела вестка пра газавую атаку сэкты Аўм Сінрыкьё або "Найвышэйшая Праўда" ў такійскім мэтро. У выніку ўжываньня газу "зарын" 12 чалавек загінулі і некалькі тысячаў былі параненыя, і гэта, праўдападобна, не апошні тэракт з ўжыцьцём біялягічнай зброі.

Рычард Прэстан склаў сьпіс 10-ці асноўных прычынаў сьмерці або недзеяздольнасьці людзей ў 1990-м годзе і супаставіў іх з аналягічнымі прычынамі, якія чакаюцца ў 2020 годзе.

Такім чынам, сярод прычынаў сьмерці і недамаганьня на першым месцы знайшліся хваробы зьвязаныя з ворганамі дыханьня. Аднак праз 20-ць гадоў іх мейсца зоймуць хваробы сэрца.

На другім месцы розныя хваробы зьвязаныя з паносам праз 20-ць гадоў саступяць месца псыхічным разламам, ў прыватнасьці глыбокай дэпрэсыі.

Ускладненьні пры родах у 90-м годзе стаялі на 3-м месцы, аднак ў 2020-м годзе людзі часьцей будуць гінуць у дарожных аварыях

Глыбокія дэпрэсыі і ўпадніцкія настроі праз 20 гадоў пераступяць інстульты.

Хваробы сэрца, якія 10 гадоў таму займалі 5-е месца, саступяць месца хранічным хваробам лёгкіх,

На 6-м месцы ў 90-м годзе – інсульт, а праз праз 20 гадоў на гэтае месца выйдуць хваробы, зьвязаныя з сыстэмай дыханьня,

Сухоты нязьменна будуць займаць сёмае месца ў гэтым сьпісе.

Заміж бактэрыйных інфэкцыяў праз 20 гадоў людзі больш будуць хварэць і паміраць ад ранаў, атрыманых на вайне.

Дарожныя аварыі саступяць першынство хваробам, зьвязаным з паносам і растройствам страўніка

10-е месца, якое ў 90-м годзе займалі ўроджаныя анамаліі, ў 2020-м годзе зойме СНІД.

У гэтым сьпісе не зьдзіўляе рост дарожных аварыяў, паколькі больш будзе аўтамабіляў, і сьмерць у лякальных войнах, паколькі войны былі і будуць. Расчароўвае тое, што мэдыцына не справіцца і праз 20-ць гадоў з такімі шырока распаўсюджанымі хваробамі, як інфаркты, інсульты, сухоты або СНІД .

Як гэта ня дзіўна, але паводле Рычарда Прэстана, новыя хваробы зьяўляюцца як бы нейкім рэгулятарам колькасьці насельніцтва плянэты. Яшчэ сто гадоў таму на зямлі жылі 1,5 мільярды чалавек. Нядаўна Гэнэральны сакратар ААН Кофі Аннан прывітаў ў Сараеве народзіны 6-мільярднага жыхара плянэты. Мяркуецца, што ў 2050-м годзе на зямлі будзе каля 10-ці мільярдаў чалавек.

Гэтая лічба яшчэ не азначае перанасяленьня плянэты і голаду, але небясьпека ў іншым. 60 % жыхароў плянэты згуртуюцца ў вялікіх гарадох, якія будуць нагадваць джунглі. Там ня будзе адпаведнай інфраструктуры, жыльля, транспарту.

Згодна дасьледваньня праведзенага ААН, ўжо праз 15 гадоў на сьвеце будзе 26 шматлюдных гарадоў, 22 зь якіх – ў менш разьвітых рэгіёнах сьвету. Бамбэй будзе налічваць 26 , Лагос – 24 і Карачы –19 мільёнаў жыхароў.

З другога боку, – піша Рычард Прэстан, – ХХ стагодзьдзе побач з рознымі пачварнымі зьявамі, як атамная або біялягічная зброя,
запішацца ў гісторыю таксама як пэрыяд эканамічнага і навуковага прагрэсу, а таксама ашчасьліўленьня чалавека.

Такім можа быць таксама ХХІ стагодзьдзе. Мы валодаем ўсё лепшым мэдычным абсталяваньнем, лекамі і вакцынамі, і больш пасьпяхова змагаеемся з хваробамі. Аднак, нашая галоўная зброя, – піша Рычыард Прэстан, – гэта наш розум, паколькі на новыя выклікі і праблемы мы заўсёды знаходзім адпаведны адказ.

XS
SM
MD
LG