Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мiталягічне мовазнаўства, моўная споведзь, Менск-Мінск…


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

(Сокалаў-Воюш: ) “Паходжаньне Беларускай мовы захінутае ня толькі смугой стагодзьдзяў. Праз доўгі час гісторыкі, мовазнаўцы, а найгорай – палітыкі, стваралі вакол гэтага пытаньня бясконцыя міты. Кожны глядзеў на навуковую праблему са сваёй нацыянальнай, сацыяльнай, палітычнай ці ідэалягічнай званіцы.

У прамінулым стагодзьдзі гэтая званіца стаяла пераважна на падмурку камуністычнае ідэалёгіі, паводле якой, як і належыць у тыповым славянскім міце, жылі-былі тры браты. Вырасьлі яны з аднаго зярнятка і таму ад пачатку рознымі былі толькі паводле ўзросту: старэйшы, сярэдні і малодшы. І мова ў іх была аднолькавая і лад жыцьця падобны і ворагі тыя ж самыя. Але меў кожны з братоў сваю дзялку. Працаваць на ёй даводзілася шмат, таму на супольныя размовы часу бракавала. Вось і разыйшліся іхныя мовы…

Але гэта толькі пераказ міту. А што думае пра яго сучасная Беларуская навука і якія наагул існуюць міты пра нашую мову? Сваімі думкамі на гэты конт я папрасіў падзяліцца загадчыка аддзелу славянскага і тэарэтычнага мовазнаўства Акадэміі Навук Беларусі, доктара Генадзя Цыхуна”.

(Цыхун: ) “Гэтыя міты зьвязаныя перш за ўсё з адмаўленьнем Беларускай мове ў тых самых правах, якія маюць іншыя мовы.

Яшчэ Карскі некалі пастаянна зьвяртаў увагу на тое, што, напрыклад, пераклічка назваў плямёнаў можа сьведчыць пра цікавыя нашы сувязі. Напрыклад, мы ведаем, што племя другувітаў ці драгавічаў, якое прыйшло некалі на Балканы, пасялілася каля Салуні – гэта значыць, у той мясцовасьці, адкуль фактычна паходзілі Кірыла і Мяфодзій, якія, як лічыцца, паклалі ў аснову першай літаратурнай мовы славян (царкоўнаславянскай ці стараславянскай мовы) якраз гаворкі ваколіц Салуні. Такім чынам, бачыце, пераклічка можа быць вельмі далёкая і глыбокая.

Ну а самы распаўсюджаны міт – гэта міт аб тым, што Беларуская мова – гэта позьняя мова, што яна ня мае ранейшых каранёў, што яна недзе там ад 15-га стагодзьдзя…

Гэта зьвязана зь вельмі вядомым мітам ці вельмі вядомай тэорыяй, пра тое, што ўсе ўсходнеславянскія народы мелі так званую “агульную калыску”, якая была зьвязана з Кіеўскай Русьсю і што да гэтага не было ні Беларусаў, ні Беларускай мовы, ні ўкраінскай, ні рускай у такім сучасным значэньні і што вось толькі з гэтага моманту пачынаецца гісторыя Беларускай мовы як самастойнай.

У гэтым, зразумела, зацікаўленыя відаць, пэўныя колы, якія цяпер часта паўтараюць, што гэта – непарыўнае адзінства са старых часоў, якое толькі ў апошні час было разбуранае, і што вяртаньне да гэтага адзінства – гэта адзіны шлях і гэтак далей”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Але тады выглядае, што насамрэч усё было іначай?”

(Цыхун: ) “Фактычна, разьвіцьцё ўсходнеславянскай групы моў было падобным на разьвіцьцё іншых групаў моў: заходнеславянскіх і паўднёваславянскіх. Гэта значыць, што для іх наўрад ці ёсьць падставы рэканструяваць нейкую агульную прамову ў рамках усходніх славян, заходніх славян і гэтак далей. Для заходніх славян і паўднёвых славян ніхто і не сьцьвярджае наяўнасьць такой прамовы, а вось для ўсходніх славян гэта стала агульным месцам у некаторых навуковых працах, дзе гэта як бы пацьвярджаецца фактамі рознымі і гэтак далей.

Няма падставаў лічыць, што разьвіцьцё ўсходніх славянаў было нечым зусім адрозным ад разьвіцьця іншых славянскіх моў. Таму, хутчэй за ўсё, Беларуская мова разьвівалася спачатку ў рамках рода-племянных моў, пэўных племянных саюзаў. Потым яна была створана, як і іншыя літаратурныя мовы тады, калі ўзьнікла неабходнасьць у такой агульнай форме існаваньня.

Так што, я думаю, што меў рацыю Карскі, які сьцьвярджаў, што падставай для Беларускай мовы былі мовы плямёнаў, якія насялялі сучасную Беларусь. Перш за ўсё гэта дрыгавічы, крывічы (пэўная частка), магчыма валыняне (пэўная частка), радзімічы.

Цяпер, асабліва сярод расейскіх вучоных, распаўсюджаны такі падыход (я лічу, што гэта другі зь мітаў), што тыя зьявы, якія ёсьць на Беларускай тэрыторыі, яны вядомыя паасобку ці ў комплексе і ў іншых славянскіх мовах, і таму Беларуская мова як бы ў нечым неарыгінальная.

Дарэчы, такія ж самыя закіды ў неарыгінальнасьці рабіліся, напрыклад, да славацкай мовы ці да македонскай, што яны не арыгінальныя, так што тут нічога новага няма. Апошнім часам зьявілася некалькі тэорыяў, якія нават такія спэцыфічныя зьявы Беларускай мовы як аканьне ці дзеканьне, цеканьне выводзяць зь іншых тэрыторыяў, як быццам яны прыйшлі да нас. І гэткім чынам падрываецца давер да Беларускай мовы, як арыгінальнай, непаўторнай і гэтак далей. У прыватнасьці расейскі вучоны Трубачоў у кніжцы, якая называецца “В поисках единства” даказвае, што як быццам бы аканьне на тэрыторыі Беларусі распаўсюджвалася з Усходу. Ён лічыць, што цэнтар такіх інавацыяў знаходзіўся на поўдні Расеі (Дон, Данец і гэтак далей). Ён жа лічыць, што, нават дзеканьне і цеканьне таксама прыйшло з усходу, што зусім ужо неверагодна, таму што мы ведаем, што зьява амаль ідэнтычная ці падобная вядомая для польскай мовы, для сэрба-лужыцкай мовы, для славацкай мовы (часткова) і гэтак далей, так што як яно магло адтуль распаўсюдзіцца праз нас аж туды – на захад – гэта малаверагодна. Гэта ў нечым штучная тэорыя”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Вы ня думаеце, што гэтая штучнасьць мае палітычны падтэкст?”

(Цыхун: ) “Я думаю, што часткова – так, і я сказаў нават не палітычны, а ідэалягічны, але часам гэта здараецца на такім неўсьвядомленым узроўні. Чалавек стараецца даказаць нейкую цывілізацыйную місію сваёй мовы ці зямлі і не заўважае фактаў, якія пярэчаць гэтаму. Ну, але ўсё магчымае, і самае галоўнае, што потым, людзі, якія ня маюць да гэтага дачыненьня, не зьяўляюцца навукоўцамі, такія прымітыўныя ісьціны пачынаюць засвойваць вельмі актыўна і прапагандаваць іх, і атрымоўваецца так, што потым падрываецца давер да пэўнай мовы ці, як заўсёды бывае, пераносяць пэўныя недахопы на аб’ект, які ня мае да гэтага ніякіх адносінаў. Вы там, забіваючы цьвік, стукнулі па пальцы і кажаце, што вельмі дрэнны малаток. Хаця вінаваты вы самі. Так і ў нас, часам, здараецца: людзі пачынаюць вінаваціць Беларускую мову, што яна нейкая не такая як трэба, як бы апраўдваючы свае, ну, не зусім этычныя адносіны да яе”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Мова і асоба. Сёньня мы зьяўляеся сьведкамі ўнікальнага працэсу сьвядомага вяртаньня Беларусаў да роднай мовы. Гэты працэс пакуль ня масавы, але якасны. Мова робіцца прыкметай адукаванасьці і культурнасьці. Мова і асоба…

Сёньня мы будзем назіраць за гэтым працэсам вачыма віленскага настаўніка, колішняга лідэра менскага нефармальнага аб’яднаньня “Талака” Сяржука Вітушкі. Сяржук, якім быў Ваш шлях да Беларускай мовы?”

(Вітушка: ) “Я да Беларускай мовы ішоў доўга й настойліва. Тут бацькі, бабуля ўзаралі глебу. Хадзіў я ў рускую школу і ў горадзе Менску рос, “чігірікаў”, але кожнае лета праводзіў у бабулі і там чуў выдатную Беларускую мову. Але ў мяне так атрымалася, што ёсьць дакладны дзень, калі я магу сказаць, што я прыняў рашэньне гаварыць па-Беларуску сьвядома. Гэта, на жаль, ня вельмі вясёлы дзень – калі памёр Караткевіч…

Я на той час ужо перачытаў усе ягоныя раманы і быў вельмі захоплены ім, а так атрымалася, што тады, у ліпені месяцы (25 чысла) я яшчэ ня ведаў, што ён памёр, а проста перачытаў “Ладзьдзю роспачы”. А назаўтра выпадкова сустрэў сваю школьную настаўніцу, і яна мне кажа: “Памёр Караткевіч”.

Я не паверыў, кінуўся да газэтнага кіёску, купіў “Вечаровы Менск” і сапраўды гляджу: там нэкралёг. І так мяне гэта ўразіла, што я тады (у 84-м годзе) вырашыў: усё, чалавек жыцьцё за мову паклаў, а я… і я мушу гаварыць па-беларуску.

І тады пачаў чытаць кніжкі ўжо з аловачкам, падкрэсьліваў кожнае незразумелае слоўца, ставіў птушачку там, на палях, а потым у слоўніках, ці ў маці, ці ў бабулі распытываўся, а потым знайшоў сяброў – будучых талакоўцаў і тады ўжо пайшло-паехала… Так вось я прыйшоў да сьвядомай Беларускай мовы”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Сяржук, Вы загаварылі па-беларуску. Ці мова зьмяніла вас як чалавека, як асобу?”

(Вітушка: ) “Ну, безумоўна. Я стаў тым, кім я ёсьць цяпер. Не ўяўляю якім бы я быў бяз мовы. Гэта паўплывала і на выбар маёй прафэсіі, і на палітычныя пагляды. Я паверыў у свае сілы, што вось я здолеў гэта зрабіць. Я адчуў сябе ўладаром свайго лёсу, што вось я сьвядома зрабіў такі выбар і насуперак кпінам старэйшай сястры, сяброў і незнаёмых людзей, насуперак усім іншым перашкодам я пастанавіў і я загаварыў па-беларуску і гавару да сёньня.

Так што гэта сфармавала мой характар. Я паверыў у тое, што чалавек можа мяняцца”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Ці былі ў вас незвычайныя выпадкі, зьвязаныя з мовай?”

(Вітушка: ) “Як гаворыш на гэтай мове, то кожны раз патрапляеш у нейкія выпадкі – то сьмешныя, то крыўдныя, то радасныя.

Ну во такі сьмешны выпадак зь дзяцінства. Памятаю, мы на гарышчы ў бабулі знайшлі старэнькі парасон. Мы тады яшчэ ня ведалі, што ён называўся парасон, тады ён для нас яшчэ быў “зонцік”, і бабуля на нас насварылася: “Чаму вы ўзялі парасон – гэта ня цацка!” І мы як пачулі гэта: парасон, парасон, помню, цэлы дзень паўтаралі гэта слова. Яно было для нас словам зь іншага сьвету. І так вось у бабулі кожны дзень знаходзіў нейкую гаспадарчую рэч, і гэта ўсё мела сваю назву і смачна запаміналася.

Смачна… А вось, напрыклад, кулінарны такі ўспамін… Маё сутыкненьне з рускай мовай. Такой “чіста рускай”, бо ў хаце гаварылі на трасянцы.

Мы з братам стрыечным сядзім у хаце і ямо яешню. Заходзіць такая цёця Сьвета – сяброўка нашых бацькоў і да нас зьвяртаецца: “Ой, какіе харошіе мальчікі. Ані амлет кушают. Какая вкусная пішча”.

У нас з братам і ськівіцы паадвісалі. Мы сядзім і ня можам пракаўтнуць. У мяне ў роце такая “пішча” пішчыць і мы ня ведалі як рэагаваць, бо мы елі нармальную яешню, а тут, аказваецца гэта – амлет і гэта “пішча” мне да гэтага часу памятаецца, як яна пішчыць у роце…”

(Сокалаў-Воюш: ) “Гісторыя імя і імя ў гісторыі. Геаграфічныя назвы на паперы і ў размовах… Дзьвюхмоўе ў межах адной мовы…

Ужо добры дзясятак гадоў адна частка насельніцтва Беларусі называе сталіцу краіны Менскам, а іншая частка – Мінскам. Каб вызначыць слушную форму трэба, відаць, найперш глянуць у гістрыю. Сёньняшні мой суразмоўца – менскі гістрык Уладзімер Дзянісаў.

Спадар Уладзімер, давайце для пачатку прыгадаем гісторыю самой назвы цяперашняй сталіцы Беларусі…”

(Дзянісаў: ) “Старажытны Менск упершыню згадваецца ў “Аповесьці мінулых гадоў” пад 1067 годам. Назва гораду пайшла ад старажытнай рэчкі Менкі, што зьяўляецца прытокам ракі Сьвіслач. Як высьветлілі нашыя дасьледчыкі, (перадусім – архэолягі) горад паўстаў менавіта там. А ўжо ў другой палове ХІ стагодзьдзя быў перанесены на тое месца, дзе знаходзіцца і зараз.

У старажытных летапісах назва гораду згадваецца як Меньск, Менеск. Тая ж самая назва замацаваная ў “Актавых кнігах” XVI-XVII стагодзьдзяў, якія пісаліся на старабеларускай мове.

Калі нашы старажытныя дакумэнты пачалі пісацца на польскай альбо лацінскай мовах, паступова назва Менск пачала мяняцца на Міньск (у польскай транскрыпцыі). У часе ад канца XVII стагодзьдзя і цягам усяго XVIIІ-га – назва Міньск замацавалася ў “Актавых матэрыялах”. Але ў дакумэнтах, напрыклад, царкоўных, якія пісаліся на рускай або беларускай мове (кірылкай), аж да канца XVIIІ стагодзьдзя (і ёсьць выпадкі пачатку ХІХ стагодзьдзя) – пісалася назва Менск”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Гэткім чынам, страта назвы Менск адбылася недзе на мяжы XVIIІ-ХІХ стагодзьдзяў?”

(Дзянісаў: ) “Калі Беларусь у канцы XVIIІ стагодзьдзя была цалкам далучаная да Расейскай імпэрыі – царскія чыноўнікі доўга ня думалі і польскую назву старажытнага гораду перанесьлі ў рускія дакумэнты, нанесьлі на карты. Але самае цікавае, што ў народнай памяці старадаўняя назва Менск захоўвалася амаль да пачатку ХХ-га стагодзьдзя.

Вельмі цікавыя ўспаміны пакінула графіня Марыя Чапская. Яна згадвае, што сяляне навакольных вёсак нават у 10-х гадах ХХ-га стагодзьдзя называлі наш горад Менскам, а ня Мінскам”.

(Сокалаў-Воюш: ) “І вось, надыйшоў канец ХІХ і пачалося ХХ-е стагодзьдзе…”

(Дзянісаў: ) “Пасьля лютаўскай рэвалюцыі, а таксама пасьля кастрычніцкага перавароту 17-га году назва Мінск усё яшчэ праходзіла ня толькі ў рускамоўных, але і ў Беларускіх дакумэнтах.
Пачынаючы з сярэдзіны 1918 году, практычна ва ўсіх выданьнях як часоў Беларускай Народнай Рэспублікі, так і савецкіх выданьнях пачынае ўжывацца назва Менск.

Назва гораду Менск ёсьць у першым Маніфэсьце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

Сталіца Беларускай ССР як Менск была замацаваная ў першай Канстытуцыі і нават у сталінскай Канстытуцыі 1937 году.
Назва Менск ужываецца да сярэдзіны 1939 году… І раптам, фактыча ў адзін дзень, яна зьнікае са старонак беларускіх газэтаў і іншых выданьняў і фактычна перастае ўжывацца”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Што ж сталася ў 39 годзе? Чаму менавіта тады і якім чынам Менск ператварыўся ў Мінск. Адказ на гэтае пытаньне мы паспрабуем знайсьці ў наступным выпуску перадачы “Краіна М”, дзе таксама прагучыць моўны ўспамін пісьменьніка Ўладзімера Арлова і тэма лаянкі па-беларуску”.
XS
SM
MD
LG