Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 25 ТРАЎНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Сын Беларуса”, 1924 год:

“Мінуліся ўжо даўно тыя часы, калі беларускі рух прадстаўляла адно маленечкая жменя ідэалістаў-інтэлігентаў. Цяпер ужо не інтэлігенцыя, хоць і дайшоўшая значнае лічбы, але самая сялянская маса загаварыла аб сабе. Цяпер беларускі рух — гэта рух масавы, гэта імкненьне нашага працоўнага народу вёсак і мест да волі і шчасьця. І такога руху, такога імкненьня ўжо нікому “не разьбіць, не спыніць, не стрымаць!”

“Звязда”, 1934 год:

“У свінагадоўчым соўгасе Банонь Полацкага раёна будуецца вялікі парк культуры і адпачынку. Парк размешчан у прыгожай мясцовасці. Ён акружан азёрамі і лясамі. Ужо заканчваецца будаўніцтва футбольнай і валейбольнай пляцовак, будуюцца турнікі, летняя эстрада, купальня, кіёскі, буфет. Парк электрыфікуецца. Яго абслужаць два соўгасныя аркестры — струнны і духавы. Уся культурна-масавая работа ў летні час будзе праводзіцца ў парку”.

“Вечерний Минск”, 1984 год. Да 40-годзьдзя вызваленьня Беларусі 1 чэрвеня адкрываецца заля камэрнай музыкі. Мастацкі кіраўнік Белдзяржфілярмоніі Ю.Гільдзюк распавядае:

“Вызначэньне “камэрная” ў перакладзе гучыць як “пакаёвая”. І ўжо само гэтае слова настройвае на такое паняцьце, як хатняя ўтульнасьць, нешматлікія сходы. Вось і нашая заля, якая месьціцца ў былым касьцёле Сьвятога Роха на былой Залатой Горцы, разьлічаная на параўнальна невялікую колькасьць слухачоў — 180 чалавек”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG