Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 18 ТРАЎНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Сын Беларуса”, 1924 год:

“Ужо дзьве беларускія часопісі — “Змаганьне” і “Голас Беларуса” — зачынены сёлета ўладаю, і ў гэты мамэнт на ўсе тры мільёны беларусаў, што апынуліся пад уладай Польшчы, выходзіць толькі адна газэта па беларуску: “Krynica”… Пасьля зачыненьня “Голаса Беларуса” група беларускіх пісьменьнікаў рабіла заходы, каб гэтую нястачу неяк запоўніць. Аднак, тутэйшая ўлада запратэставала проці назову газэты, які быў праектаваны. Дзеля гэтага прайшло больш, чым сьлед, часу, пакуль наладзілася гэтая нашая часопісь”.

“Чырвоная змена”, 1954 год. Кандыдат пэдагагічных навук В.Шышакоў:

“Абараняючы рэлігію, патрэбную ўсім і ўсялякім эксплуататарам, некаторыя буржуазныя вучоныя — “лакеі папоўшчыны”, як іх ахарактарызаваў В.І.Ленін, спрабуюць і цяпер сцвярджаць аб абмежаванасці ведаў. Яны дагаварваюцца да таго, што можа быць нават нічога на самай справе і няма, а вось толькі мы існуем, слабыя і бездапаможныя, і нічога зразумець, як належыць, ня можам. Гэтыя рэакцыйныя і наскрозь ілжывыя сцвярджэнні тлумачацца тым адзічаннем буржуазнага свету, якое насаджаюць англа-амерыканскія імперыялісты, агіднейшыя ворагі культуры і прагрэсу”.

“Культура”, 1994 год. Вячаслаў Ракіцкі тлумачыць, чаму на прэзыдэнцкіх выбарах будзе галасаваць за Зянона Пазьняка:

“З гэтым імем я звязваю надзеі, што намі ні на якім узроўні больш не будуць кіраваць тыя, хто дзесяцігоддзямі здзекваўся над намі, кпіў з нас, давёў да галечы. Што прыйдзе новая каманда новых людзей, якая з’яднае народ вакол ідэі дзяржаўнасці, свабоды і павядзе ў сусветную супольнасць, дзе мы будзем роўна пачуваць сябе з іншымі народамі… Божа, дапамажы не памыліцца мне. Маім блізкім. Народу…”
XS
SM
MD
LG