Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 14 ТРАЎНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Могилевские губернские ведомости”, 1914 год:

“Гомельскае гарадзкое паліцэйскае ўпраўленьне расшуквае Стара-Беліцкага мешчаніна Абрама-Залмана Гіліёма Кукіна, які не зьявіўся да выкананьня воінскага абавязку, у прызыў 1913 году, і сямейства ягонае, што складаецца з бацькі Шлёмы, маткі і братоў Янкеля-Беркі, Лейбы, Абэля і Зэліка, а таксама іхныя маёмасьць і капіталы, на прадмет спагнаньня 300-рублёвай воінскай кары”.

“Звязда”, 1934 год:

“З чэрвеня пачынаюцца паветраныя паштовыя рэйсы па першай унутрырэспубліканскай авіялініі. У першую чаргу паветраная пошта будзе дастаўляцца глыбінным пунктам, якія знаходзяцца на далёкай адлегласьці ад чыгункі. Усе гэтыя раённыя цэнтры атрымаюць у той-жа дзень цэнтральныя, рэспубліканскія газеты і дзяржаўную пошту. У першыя 4 месяцы (чэрвень, ліпень, жнівень, верасень) самалёты будуць рабіць па 24 рэйсы ў месяц”.

“Ніва”, 1984 год. Алесь Барскі разважае:

“Толькі сляпыя не бачаць, што заняпад беларускасці давядзе і да ўпадку праваслаўя… Пазбаўляючы праваслаўнага чалавека з Беласточчыны беларускасці, абрэзваем яму адно крыло. Застаецца толькі адно крыло — праваслаўе. У сувязі з тым, што жыць з адным крылом вельмі нявыгадна, тады чалавек раней ці пазней пазбудзецца другога крыла дабравольна”.
XS
SM
MD
LG