Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 28 КРАСАВІКА


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Наша ніва”, 1914 год. Рэзалюцыя сходу таварыства газэтных працаўнікоў:

“Агульны сход, …выслухаўшчы даклад аб палажэньні краёвай украінскай прэсы і дапаўненьня аб палажэньні беларускіх, літоўскіх і жыдоўскіх газэт і прызнаючы, што кожная нацыя мае права мець сваю прэсу ў роднай мове ці гутарцы, — лічыць, што праект закону аб друку, апрацаваны камісіей Гасударственнай Думы, будзе найцяжэй адбівацца на гэтай прэсе і што яе трэба бараніць гэтак сама, як інтэрэсы і правы расейскай прэсы”.

“ЛіМ”, 1964 год. БЕЛТА інфармуе:

“Міністэрства культуры БССР і выканком Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных праводзяць адкрытыя рэспубліканскія конкурсы на праекты помнікаў народным паэтам Беларускай ССР Янку Купалу і Якубу Коласу. На разгляд журы паступіла 16 праектаў. З мэтай прыцягнення шырокай грамадскасці да прагляду і абмеркавання праектаў, якія паступілі, журы вырашыла арганізаваць выстаўку. Выстаўка адкрылася 24 красавіка ў Дзяржаўным мастацкім музеі БССР. На выстаўцы прадстаўлены генеральныя планы, макеты і іншыя матэрыялы, якія дазваляюць меркаваць аб ідэйным змесце і мастацкім вырашэнні помнікаў, іх увязцы на мясцовасці мяркуемага ўзвядзення”.

“Народная газета”, 1994 год:

“Ужо ў першы дзень работы нечарговай сесіі 13 склікання прэтэндэнт у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Кебіч атрымаў неабходную колькасць галасоў (па Канстытуцыі неабходна не менш за 70) дэпутатаў, якія падтрымалі яго вылучэнне. Збор подпісаў працягваецца і, паводле слоў парламентарыя Мікалая Скарыніна, канчатковыя вынікі можна будзе назваць пазней. Яшчэ два прэтэндэнты пачалі збор галасоў. Гэта Генадзь Карпенка і Зянон Пазьняк. Мяркуючы па першых выніках, мэр Маладзечна ці атрымае неабходную колькасць галасоў, ці ўшчыльную падыдзе да гэтай лічбы. Што ж датычыцца Зянона Пазьняка, то выйсці на рубеж 70 для яго, бадай, нерэальна”.
XS
SM
MD
LG