Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы з кітайцамі сябруюць


Уладзімер Арлоў, Менск

Сяводня пасха, абнімі кітайца,
Мао Цзэ-Дуну перадай прывет!
Кагда он жолтыя цібе працянет яйца,
Ты яму красныя працягівай ў атвет!


Гэты велікодны вершык я ведаў на памяць яшчэ да школы.

У Полацку майго маленства кітайцы былі самай цікавай нацыянальнай меншынёй. Каля гарадзкога рынку стаялі тры буданчыкі, маляўніча абчапляныя рознакаляровымі ліхтарыкамі, цыноўкамі ды папяровымі гірляндамі. Дарослыя казалі, што ў любы час дня і ночы там можна было набыць бутэльку ня толькі фарбы, але і нечага больш спажыўнага. Полацкія кітайцы навучылі мяне ў пяцігадовым веку са смакам лаяцца матам. Эфэкт ад іхнага пэдагагічнага таленту быў гэткі надзейны, што бацька так і ня здолеў выбіць яго папругаю.

Пасталеўшы і знасіўшы не адну пару кітайскіх кедаў, я даведаўся, што гісторыя шчырага беларуска-кітайскага сяброўства сягае ў глыбокую даўніну. Яшчэ за часамі князя Ўсяслава Чарадзея нашыя купцы прывозілі з таго боку, дзе ўзыходзіць сонца, надзейную атруту для ворагаў першай беларускай дзяржавы. Продкі ставіліся да жаўтатварых жыхароў далёкай казачнай краіны з сардэчнай шкадобаю. Дый як іначай, калі заместа вясёлай айчыннай медавухі тамтэйшы люд жлукціў нейкі цалкам цьвярозы напой пад дзіўнай назваю “чай”.

З кожным стагодзьдзем эканамічныя, палітычныя ды культурныя сувязі нашай Бацькаўшчыны з Паднябеснай імпэрыяй толькі мацнелі ды напаўняліся новым зьместам.

Напярэдадні нашай Інфлянцкай вайны, калі ў Кітаі кіравала дынастыя Мін, віленскі гарадзкі суд разглядаў справу мешчаніна Гайдукевіча. На гасьцінах у суседа Хадыкі гэты апівуда высмактаў лішні кухаль мёду ды пабіўся з гаспадаром, размалаціўшы тры сэрвізы з тонкай кітайскай парцаляны. У той самы час пры двары вялікага князя Жыгімонта Аўгуста служыў лекар-кітаец, галоўным заданьнем якога быў клопат пра мужчынскую сілу шчодралюбнага манарха. З тае прычыны, што імя замежнага спэцыяліста гучала для беларускага вуха ня надта прыстойна, у дакумэнтах вялікакняскай канцылярыі яно пазначалася як Хун.

Ня меншы за Жыгімонта мілосьнік жаночых вабнотаў вялікі князь Аўгуст Моцны меў сярод фаварытак дзьвюх гарачых вытанчаных кітаянак. На сваёй кніжнай паліцы ён трымаў кітайскія эраталягічныя трактаты, у тым ліку славуты “Юй фан бі цзюэ”, а па-наску “Таемныя парады для нэфрытавых пакояў”, дзе зьмяшчалася апісаньне 30 эратычных паставаў, найбольш карысных для арганізму.

Але канчаткова беларуска-кітайская дружба загартавалася й узмужнела ў рэвалюцыйных віхурах ХХ стагодзьдзя.

У войску генэрала Булак-Балаховіча, што ваяваў пад сьцягамі БНР, зацята біўся з бальшавіцкай навалаччу невялікі, але надзвычай баяздольны кітайскі аддзел. Бел-чырвона-белыя кітайцы наводзілі жах на камісараў і карысталіся сардэчнай любоўю мясцовых кабетаў. Аднаго разу баявыя пабрацімы беларусаў трапілі ў акружэньне і, расстраляўшы ўсе патроны, апынуліся ў варожым палоне. На чэкісцкім допыце сыны кітайскага народу на пытаньне пра нацыянальнасьць з гонарам адказвалі: “Пішы — беларуза!”

У ноч перад расстрэлам яны ціхамірна пакурвалі опій, сьпявалі тужлівыя песьні далёкай радзімы, а на зьмену ім суладным хорам заводзілі “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. Пад раніцу арыштанты вылезьлі праз комін зь вязьніцы, перарэзалі тамбоўскіх чэкістаў-вартавых і расталі ў палескіх нетрах. У выніку й цяпер на вясковым аўтобусным прыпынку пад Калінкавічамі можна сустрэць танклявую вузкавокую прыгажуню, у руках у якой значна больш натуральна выглядаў бы сьвежы нумар ня “Гомельскай праўды”, а “Жэньмінь жыбао”.

Вялікая кітайская культура жыватворна ўплывала на беларусаў ува ўсе эпохі. Інтэлектуалы Вялікага Княства Літоўскага зачытваліся зборнікам даоскіх тэкстаў “Юнь цзі ці цзянь”. Гэтыя “Сем бамбукавых дошчачак з кайстры з туманам”, як перакладалася назва кнігі, катэгарычна не рэкамэндавалі ніякага ўстрыманьня, што не магло ня выклікаць у нашай шляхты глыбокага задавальненьня.

Прамінулі стагодзьдзі, і духоўныя спадкаемцы Скарыны й Гусоўскага на допытах у КГБ з удзячнасьцю згадвалі Канфуцыя, які аднойчы сказаў, што ня здрадзіць толькі маўчаньне.

За часамі Брэжнева СССР і Кітайская Народная Рэспубліка так пасварыліся, што дайшло да страляніны на востраве Даманскі. Але адвечная сымпатыя беларусаў да сяброў з Далёкага Ўсходу заставалася незьнішчальнай, што найбольш яскрава засьведчыла абласная газэта “Віцебскі рабочы”.

У дасланай маскоўскімі таварышамі інфармацыі ТАСС сьцьвярджалася, нібыта калатнеча на Даманскім разгарэлася пасьля нападу на савецкіх памежнікаў. Віцебская газэта акуратна надрукавала ўсё, апрача гэтага “на”, якое па-кітайску, дарэчы, значыць прыкладна тое самае, што і па-беларуску. Замежныя галасы, у тым ліку і братняе кітайскае радыё неадкладна абвясьцілі, што праўду пра падзеі на Даманскім паведаміла толькі беларуская газэта “Віцебскі рабочы”. Маўляў, адна яна напісала, як савецкія памежнікі вераломна напалі на мірных кітайцаў.

Кітайцы шчыра дзячылі беларусам за добрае слова ў цяжкую хвіліну. Напрыклад, запрасілі ў творчую камандзіроўку сына прыдзьвінскай зямлі Рыгора Барадуліна. Сярод усяго іншага дарагога госьця пачаставалі смажанымі вераб’ямі, што натхніла паэта на стварэньне вядомага верша “Грэшны я шкадую вераб’я”.

Я ў думках пераксьціўшыся каштую
І крылца крохкае, і ножку тую,
Што, чую, за душу мяне скрабе.
Прымаю на душу нялёгкі грэх.
Вярнуся я ў Вушачу іншы нейкі,
І на мяне ўзірацца верабейкі
Спалохана пачнуць з-пад стрэх.


На берагах Янцзы і Хуанхэ ўжо даўно спакойна цырыкаюць недабітыя ў гады “вялікага скачка” і недаедзеныя паэтамі вераб’і. Палітычная канфігурацыя сьвету непазнавальна зьмянілася, але беларуска-кітайскае сяброўства засталося непарушным.

Сувэрэнная Беларусь ня мае да Кітаю ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзіяў. У сваю чаргу Кітайская Народная Рэспубліка дапамагае беларусам змагацца са СНІДам. У любым шапіку ад Лынтупаў да Хоцімску і малодшы школьнік, і сівы пэнсіянэр без праблемаў могуць набыць густоўна аздоблены пачак прэзэрватываў з адзнакаю “Made in Chinа”.

Таму толькі злосныя непрыяцелі нашай краіны, якія не вылазяць з амэрыканскай ды іншых падазроных амбасадаў, маглі паставіць пад сумнеў плённасьць візыту ў Менск старшыні КНР тав. Цзян Цзэміня. Кажуць, быццам сустрэўшыся на найвышэйшым узроўні, любімы правадыр тав. Цзян Цзэмінь зь лёгкім хваляваньнем выразна прамовіў па-нашаму: “Вітаю вас, спадар прэзыдэнт”. На што дзейны кіраўнік Беларусі, не разгубіўшыся, адказаў: “Садзіцесь, пажалуста!”

Плён той векапомнай сустрэчы вока шараговага грамадзяніна ўбачыла ў зьяўленьні ў Менску сеткі кітайскіх рэстаранаў. Адзін зь іх — “Браму Дракона” — гарадзкія ўлады падкрэсьлена прыгрэлі ў самым цэнтры сталіцы на вуліцы імя выдатнага бальшавіка-ленінца тав. Куйбышава. Але знаўцы кітайскай кухні ведаюць, што ў згаданай установе з аднолькавай радасьцю прымуць наведнікаў самых розных поглядаў.

І прававерныя камуністы, і людзі з адміністрацыі прэзыдэнта, і сталыя кліенты міліцэйскіх разьмеркавальнікаў з шэрагаў непрымірымай апазыцыі — усе могуць замовіць тут запечаныя ў цесьце лапкі тутэйшай жабы, якая коштам свайго жыцьця таксама ўнесла ўклад ва ўзаемаразуменьне нашых братніх народаў. А пад такую закусь, вядома ж, трэба выпіць за 10000 гадоў беларуска-кітайскай дружбы, або па-іхнаму, чжунго байэлосы юхао ваньсуй!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG