Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусаў Бог любіць


Валянцін Акудовіч, Менск

Гэта здарылася на трэцім месяцы пасля сыходу сыноў Ізраіля з эгіпэцкага палону. У Сынайскай пустыні Майсей зьнянацку напаткаў Бога!.. Як вядома, вынікам гэтай сустрэчы сталася гандлярскае пагадненьне. Высечаная на каменных скрыжалях дамова абавязвала сыноў Ізраілю ахвяраваць свае жыцьці на карысць адзінага Бога, а той, ім у разьлік, мусіў апекавацца габрэямі да веку.

Ідзе час, мінаюць эпохі, але трымаецца хаўрус Бога і абранага ім народу. Таму людзі ва ўсім свеце моцна зайздросьцяць габрэям, што і зразумела: ня кожнаму выпадае такое шчасьце — свайго чалавека на нябёсах мець.

Беларусы раней таксама моцна зайздросьцілі, а цяпер ужо не, ня вельмі. І ўсё дзякуючы Ўладзімеру Караткевічу. Нейкім годам яго доўгі час ніхто ня бачыў, аднак потым ён усё ж такі аб’явіўся на вочы і адразу кажа: “На Беларусі Бог жыве!”

Як пачулі беларусы такую навіну, аж галовы паўгіналі: гэта вам ня жартачкі — Бога мець у суседзях. Адзін я галавы не ўгінаў, бо трохі ведаў Караткевіча. Ат, блюзьнерыць паэт, — падумаў сьмехам. Але пасьля як сёе-тое ўзважыў, то раззлаваўся на сябе: а чаму, уласна кажучы, я мушу верыць нейкаму там Майсею, а не свайму чалавеку. Тым болей, што Караткевіч ня з дуба ляснуўшы такое сказаў. Да таго ж ён сур’ёзна абгрунтаваў гэтую, хай сабе і нечаканую для тэолягаў усяго сьвету, вэрсію.

Як на мой розум, то аргумэнтацыя Караткевіча ну проста бліскучая. Паслухайце:

І няхай давядзе мне
Іншая кроў,
Што брашу,
Як сабачы сын, —
А няма нідзе
Вярнейшых сяброў
І прыгажэйшых жанчын.


Што за вытанчаная лёгіка! Які там Кант са сваімі антымоніямі? Бог жыве з намі, бо людзі ў нас на Беларусі ўвогуле неблагія, а жанчыны — як нідзе вабныя... Ах, які вы разумнік, Уладзімер Сямёнавіч, як добра, як пераканаўча гэта сказана. І хай сабе Майсей гаворыць, што гаворыць, мы-то цяпер ведаем, хто з намі суседзіцца.

Хаця, зь іншага боку, можа я й дарэмна не даю лішне веры Майсею. Бо ў той дамове на скрыжалях Бог і не абяцаўся жыць на зямлі абетаванай, а толькі казаў, што будзе апекавацца сынамі Ізраілю ў меру іхнай адданасьці Яму...

І глядзіце, як усё ладна ды складна адно да аднаго пасуецца. Калі габрэяў спачатку выгналі зь іхнай гістарычнай радзімы, а пасьля — з Эўропы і не пусьцілі празь мяжу аселасьці ў Расею, то дзе яны знайшлі сабе прытулак? Вядома ж — на Беларусі. Раней усе лічылі, што гэтак выпадкова склалася, як пішуць у кніжках — зьбегам гістарычных абставінаў. Аднак цяпер, пасьля прамоўленага Караткевічам, мы добра ведаем, што тут да чаго. Натуральна, Богу, які прытуліўся на нашых абшарах, ямчэй было апекавацца габрэямі, калі яны апынуліся ў Яго пад рукой. Вось Бог іх сюды неўпрыкмет і скіраваў ды тут запыніў.

Цікавая атрымліваецца гісторыя. Сыны Ізраілю, працерабіўшы сьцежку да Бога, далі нам прытулак на нябёсах, а мы ім тут — на зямлі. Як кажуць, квітыя.

Але што гэта я ўсё пра габрэяў турбуюся? Яны і самі ня зломкі... Тым болей, што ў мяне апошнім часам свая вярэда завялася. Хоць ты бяры драбіну і лезь на тыя самыя нябёсы, каб запытаць Уладзімера Сямёнавіча, якім такім чынам ён даведаўся пра жытло Бога? Ці сам-насам зь ім сустракаўся, як той Майсей некалі, ці неяк інакш тое было? І чаму гэта я раней у яго не пацікавіўся? Праўда, калі ўважліва пачытаць пасланьне Караткевіча, то зь яго вынікае, што ніякай таямніцы тут увогуле няма, бо беларусы аб гэтым заўсёды ведалі, толькі чамусьці свайму веданьню не надавалі належнай увагі. Караткевіч сьцьвярджае:

І тая памяць жыве не ў царкве,
А ў кожнай жыве галаве:
“На Беларусі Бог жыве...”
І хай сабе жыве...


Дарэчы, гэтая заява Караткевіча яшчэ і тлумачыць, чаму беларуса ў царкву толькі носяць (адзін раз немаўлём — хрысьціць, а другі нябожчыкам — адпяваць), а каб сваімі нагамі пайшоў — дык калом не загоніш... Бо навошта беларусу гэта патрэбна? Хай у храмы на маляваныя партрэты Бога ходзяць глядзець там, дзе Яго жывым на свае вочы ніхто ня бачыў. А ў нас, адразу за плотам падворка, куды вокам ня кінь — на дарогу, поле ці лес — усюды Ён. Бо, як казаў усё той жа Караткевіч:

Гэты край
Твой дом і сабор...


Слушна. Дзе Бог — там і сабор. А Бог на Беларусі ўсюды, і таму ўся Беларусь, а ня толькі ўкрыжаваныя камяніцы — Дом Божы.

Пэўна тут які недаверак падхопіцца, каб мяне папікнуць: маўляў, як гэта шэрая, нішчымная Беларусь, краіна гнілых балотаў і ніцых хмызоў, дзе сонца калі і сьвеціць, то ня грэе, а ў туманах нават дарогі губляюць свае шляхі — дык вось, як гэтая выклятая зямля можа быць храмам для Валадара ўсіх Сонцаў і ўсіх Сусьветаў?

Яшчэ як можа, — без ваганьняў запэўніваю недаверка. А для лепшага паразуменьня дазволю сабе прыклад з матэматыкі. У сусьвеце лічбаў ёсьць толькі адно месца, дзе Бог можа атабарыцца ва ўсёй сваёй абсалютнай паўнаце — гэта нуль. Бо там, у нулі, нітуецца ў непрыкметнасьці ўсё, што хоць дзе ёсьць і ўсё, чаго хоць дзе няма... Гэтак сама і на зямлі. Спавітая туманамі, адсутная ў сваёй прысутнасьці Беларусь, дзе нават дарогі блытаюць свае шляхі, а людзі ніколі не прыходзяць туды, куды выпраўляюцца, — дык вось, менавіта такая Беларусь ёсьць найлепшым аргумэнтам на карысьць таго, што менавіта ў нашых краях прытуліўся да зямлі Бог.

Дайце веры Караткевічу: якраз на гэтых абшарах Бог накрэсьліў сабе кола, якое ў матэматыцы называецца нулём. Таму ўсё, што тут становіцца большым ад нуля, — людзі, падзеі, зьявы — Яго рука выштурхоўвае ў іншыя прасторы. І пакідае гісторыі гэтай зямлі і гэтых людзей толькі іхную адсутнасьць...

Цяпер вы пэўна зразумееце, чаму я кожным ранкам з трывогай падыходжу да акна — а ці не расьсеяліся густыя туманы над Беларусьсю, а ці не выпрасталіся дарогі, а ці не ўзножыліся на ясным даляглядзе пыхлівыя хмарачосы?!. Бо калі такое аднойчы здарыцца і мы паўстанем перад сьветам ва ўсім сваім багацьці і велічы, то гэта будзе азначаць толькі адно: Бог нас разьлюбіў і выправіўся адсюль за небакрай. Таму наастачу мне нічога іншага не застаецца, як у каторы раз паўтарыць малітву Ўладзімера Караткевіча:

“На Беларусі Бог жыве”, —
І няхай давеку жыве.
XS
SM
MD
LG