Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юбілейныя даты 2003-га


Сяргей Дубавец, Вільня

Юбілеі – знакі пэрыядычнасьці сьвету. Гэта як часопіс – адзін той самы, але розныя нумары за розныя эпохі. Варта пагартаць, каб зразумець, што сьвет непазнавальна зьмяніўся. Прычым круглыя даты – пяць ці дзесяць гадоў – такога эфэкту не ствараюць. Таму крок клясычнага юбілею – 25 гадоў. Столькі трэба, каб цалкам зьмянілася пакаленьне.

Вазьмеце найменшы сёлетні юбілей – 1978-мы, 25 гадоў назад. Часы Брэжнева і Машэрава. Нашы гарады і людзі выглядаюць шэра, ня тое, што сёньня. Пануе сацыялістычнае бясчасьсе, да развалу якога амаль 10 гадоў. Праўда, пакаленьне, што становіцца на ногі, рэагуе на сьвет ужо ня так драматычна, як папярэднія, часьцей – з іроніяй. І сама рэчаіснасьць дае падставы для насьмешкі. "Спасіба парціі за наша шчасьлівае дзецтва". Ну хіба вымавіш такое бязь зьедлівасьці. Або яшчэ цікавей: "Нам сонца ня трэба – нам партыя сьвеціць, нам хлеба ня трэба – работу давай". А вось і зусім ужо трапнае пападаньне: "Бровы чорныя густыя, речи доўгія, пустыя". Гэта пра Брэжнева, таго самага, што адгукаецца на тэлефонны званок словамі "Дарагой Леанід Ільіч слухае"...

Доўгія пустыя вуліцы, кароткія дні... 25 гадоў таму яшчэ ніхто не нарадзіўся, ніякі культурны дзяяч, чые юбілеі і сьвяткуем мы звычайна. У тым сэнсе, што сёньня яшчэ не сасьпеў той творца. Затое адзін за адным адыходзяць у 78-м людзі мінулае эпохі – спачатку Аркадзь Куляшоў, потым Антон Бялевіч, Піліп Пестрак, Анатоль Астрэйка, нарэшце, Вінцук Адважны...

Нашы паміраюць звычайна, ня ярка. Гэта во ў суседняй Расеі бывае па-ўсялякаму. Аналізуючы юбілейныя даты, увесь час не спыняесься дзівіцца адрознасьці краінаў, народаў, мэнтальнасьцяў.

Гэтым разам мне трапілася на вочы гісторыя Лілі Юр'еўны Брык, каханкі паэта Ўладзімера Маякоўскага. Акурат у 1978-м яна зламала сабе костку. А маючы пад дзевяноста гадоў веку, разумела, што косткі ўжо не зрастуцца, значыць, пагражае нерухомасьць. "А гэтага, – як пішуць камэнтатары, – Ліля Юр'еўна дапусьціць не магла". І прыняла сьмяротную дозу нэмбуталу. Атруцілася. Задоўга да гэтага ў яе гатовы ўжо быў запавет "Попел мой прашу ні ў якім выпадку не захоўваць, а разьвеяць дзе-небудзь на полі". Вось 25 гадоў таму яе волю выканалі недзе пад Масквою. І там паставілі валун зь літарамі Л.Ю.Б.

Згадзіцеся, незвычайная й яркая гісторыя. Здаецца, у нашых краях нічога такога й быць ня можа. Зразумела, што гэта толькі здаецца. Папросту ў нас такія рэчы хаваюцца ад публікі, бо жыцьцё павінна праходзіць ціха і някідка.

Гэта вось амэрыканцы ў 1978-м паведамілі пра сьмерць сваёй суайчыньніцы Элейн Эспазіта з Флорыды, якая ў 6 гадоў правалілася ў каматозны стан і ў такім стане пражыла яшчэ сорак гадоў – усё сьвядомае жыцьцё. У нас бы з такой гісторыі яшчэ і дзяржаўную таямніцу зрабілі. І ніхто б не даведаўся. Ніколі.

Яркім эпізодам 25-гадовае даўніны мог стаць другі палёт у космас беларуса Кавалёнка. Але такія рэчы, як беларуская касманаўтыка наўрад ці выклічуць сёньня нешта, апроч іранічнай усьмешкі, маўляў, якая ж яна беларуская і дзе цяпер той Кавалёнак. Словам, эпізод 15 чэрвеня 1978 году ніяк не выглядае на гістарычны набытак нацыі, які б дадаваў гонару за сваю дзяржаву і свой народ.

Зьява гэта тыповая і характэрная для цяперашняга стану разьвіцьця нацыянальнае сьвядомасьці. Нехта скажа: што нам той Кавалёнак, калі сам Гагарын – смаленец, а значыць таксама наш, кажуць, вершык Янкі Купалы "Хлопчык і лётчык" зь дзяцінства напамяць ведаў... Верагодна, так яно й было, але пры цяперашняй адсутнасьці дзяржаўнае ідэалёгіі такія развагі не цэмэнтуюць беларушчыну, а наадварот, імкнуцца падкрэсьліць яе эфэмэрнасьць. Слушна, ня вуліца павінна мацаваць дзяржаву, а сам дзяржаўны апарат і ягоныя прапагандысцкія ды адукацыйныя структуры. Толькі ж яны гэтага ня робяць. І сытуацыя з эфэмэрнасьцю прагрэсуе, тады яе крышталізуецца ў народзе не ягоная беларуская сутнасьць, а новае ўяўленьне пра сябе як пра расейскіх правінцыялаў.

Яскравы прыклад – сёлетні адрыўны каляндар "Родны Край" выдавецтва "Беларусь", наклад 30 тысячаў асобнікаў. У гэтым масавым выданьні ня згадваецца ані дзень заснаваньня Беларускае Народнае Рэспублікі, ані дзень стварэньня БССР. Беларусь, у выніку, стварае ўражаньне нейкай аблачыны, што вісіць у паветры, нейкай чыстай ідэі, выдумкі нашага калектыўнага розуму. Вобраз краіны не фармуецца такім чынам, а наадварот, затуманьваецца. Ёсьць зусім адпаведны гэтаму туману Дзень незалежнасьці Рэспублікі Беларусь, у дужках – Дзень Рэспублікі, які ніякім чынам не абумоўлены, адкуль ён тут узяўся і чаму менавіта 3 ліпеня. Ані радка тлумачэньня. Ці то нейкая яму рэвалюцыя папярэднічала ці якая ў нас Бастылія пала, ці Менск ад немцаў савецкая армія вызваліла – адкуль будзеш ведаць...

Але гэта ўжо сёньняшняе адступленьне. У 1978-м прынамсі дзень стварэньня БССР ведаў кожны школьнік, беларусы ганарыліся сваім Машэравым, а таксама зусім ня так, як цяпер, шанавалі сваіх пісьменьнікаў. І пісьменьнікі плацілі ім узаемнасьцю. 25 гадоў таму выйшаў у сьвет раман Вячаслава Адамчыка "Чужая Бацькаўшчына". Таксама зьявілася кніга Ўладзімера Караткевіча "Зь вякоў мінулых". Два гэтыя выданьні сталі бэстсэлерамі, наколькі тады можна было казаць пра бэстсэлеры. Але ж у параўнаньні зь сёньняшнім днём для беларускіх кніг былі зайздросныя часы. Нягледзячы на русіфікацыю, цэнзуру і агульны шэры й занудны фон часу.

Беларуская кніга была падтрыманая дзяржавай, а разам шанаванае месца ў грамадзтве займалі пісьменьнік і мастак. Творцаў маглі караць, маглі рэзаць іхныя творы, але іх цанілі. І менавіта творцы ў 1978-м годзе найбольш прапагандавалі беларушчыну. Мастакі ладзілі выставы, прысьвечаныя выдатным дзеячам беларускай культуры, яны шмат вандравалі. 1978-ы год – ці ня самы росквіт паездак беларускіх творцаў у старую Вільню, дзе амаль абавязкова наведвалася месца паломніцтва – лясная хатка зь яе гаспадыняй, пісьменьніцай-мэмуарысткай Зоськай Верас. Вось што пра гэта 25 гадоў таму напісаў у сваім дзёньніку мастак Віктар Маркавец:

"Нейкі час гутарылі на двары каля хаты. Чароўная даліна ў лесе сярод гор. Дзіўны рэльеф. Пляц, на якім стаіць дамок, старанна арганізаваны: сажалка, басэйн, цяпліца. Навокал магутныя дрэвы, якія кругам абгароджваюць лагчыну. З аднаго боку задворкі Вільні, места страчанага, цяпер чужога, а раней свайго. З другога – закінуты сярод лесу лядашчы хутар з гаспадыняй, чыя душа таксама ледзь трымаецца ў старэчым целе. Але менавіта тут навязваецца тая апошняя ніцейка духоўнасьці старое беларушчыны зь сёньняшнім днём"...

Між іншым, нобэлеўскім ляўрэатам за літаратуру ў тым 78-м стаў амэрыканскі пісьменьнік Айзэк Башэвіс Зынгер, габрэй, які нарадзіўся ў нашых краёх і пісаў на ідыш.

А яшчэ 25 гадоў таму памёр рымскі папа Павал VI. Ягоным пераемнікам стаў Ян Павал ІІ, які займае гэты пасад да сёньня...

Шэры 1978-мы будзе шмат для каго згадвацца і сонечным, асабліва калі гэта былі часы маладосьці. Але ўсё адно гэта зусім іншае жыцьцё – іншыя густы, іншая шчырасьць і прыгажосьць, іншая мода. На мяжы пасьляваеннага савецкага аскецтва і першага знаёмства з каштоўнасьцямі заходняга грамадзтва. Старэйшыя трымаліся за каноны някідкае сьціпласьці, маладзейшыя цягнуліся да яркіх колераў і гукаў, што даляталі ўжо з-за жалезнае заслоны.

Як важна ўхапіць гэты вобраз часу, каб адчуць, што ў параўнаньні зь сёньня гэта зусім іншае "кіно", іншы дух. І так – кожныя 25 гадоў. Зьменены сьвет.

Юбілей, як інструмэнт, дапамагае адчуць, што гэтаксама як 1978-мы не падобны на наш 2003-ці, так і 53-ці – 50 гадоў таму – непадобны на 78-мы.

Цэнтральная падзея 1953-га – сьмерць Сталіна. Сьмерць наагул у календары шмат важнейшая, бо калі чалавек памірае, у гэтым сьвеце ўжо ёсьць ягоны сьлед, калі нараджаецца – яшчэ пуста. Прычым у выпадку Сталіна сьмерць сталася найважнейшай падзеяй у гісторыі велізарнай краіны і соцень народаў. Дастаткова згадаць, што таксама ў 53-м памёр слынны расейскі пісьменьнік ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Іван Бунін. Але ягоная сьмерць – рыса пад жыцьцём і напісаным.

Сьмерць Сталіна 5 сакавіка стала пачаткам новае эры, жаданым пераломам, які мільёнам людзей абяцаў вызваленьне.

"Навечна закрыліся вочы, што спакойна і зорка глядзелі ў глыбіню насталае сьветлае эры. Расьціснулася рука, што больш за чвэрць веку ляжала на стырне сусьветнае гісторыі. Пайшоў вялікі кармілец, які вёў нас праз усе гэтыя пераломныя гады, поўныя баявых радасьцяў, бураў і надзеяў", – пісала газэта "Правда".

Галоўным наступствам сьмерці дыктатара стала адкрыцьцё брамы Гулагу. Сотні тысяч невінаватых "ворагаў народу" змаглі выйсьці на волю.

Пачынаецца караценькі пэрыяд, які ў нас цяпер называюць берыеўскай беларусізацыяй – начальніцкія пасады займаюць людзі карэннае нацыянальнасьці.

Ня стану гаварыць пра юбіляраў, асабліва тых, 50-гадовых, у якіх яшчэ шмат чаго наперадзе. Зьвярну толькі ўвагу на адну фэнамэнальную зьяву. У 1953-м зьявілася на сьвет цэлая кагорта беларускіх літаратараў, а сам фэномэн называецца полацкім ці, дакладней, наваполацкім, хоць самога Наваполацку 50 гадоў таму яшчэ не было. Словам, гэта пісьменьнікі, так ці інакш зьвязаныя з наваполацкай газэтай "Хімік" і літаратурным аб'яднаньнем пры гэтай газэце. Уладзімер Арлоў і Валянціна Аксак, Ірына Жарнасек і Вінцэсь Мудроў – яны ўсе з аднаго году. Калі ж глядзець шырэй, дык варта згадаць і Алега Мінкіна і Сержука Сокалава-Воюша, ды шмат каго яшчэ, хто здабыў сабе літаратурнае прызнаньне, а паходзіў з той самай кагорты. Усе гэтыя людзі сёньня – вядомыя ў Беларусі пісьменьнікі і паэты. Прычым матыў іхнае творчасьці – нацыянальная і гістарычная сьведамасьць – сасьпеў нібы дзеля кантрасту ў зусім новым горадзе сярод панэльных кварталаў і цалкам савецкіх камсамольскіх парадкаў, якія адмяталі ўсялякі гістарызм і беларушчыну.

Пра наваполацкі фэномэн пісалі неаднойчы. Мабыць, сёлетняя хваля 50-гадовых юбілеяў справакуе і новыя тэксты на гэтую тэму. Але пэўна ж гаворка ня будзе ісьці пра сам 1953-ці, страшны яшчэ год. Калі тысячы вязьняў чакалі вызваленьня, тысячы фанатыкаў правадыра да сьмерці ціскаліся на ягоным пахаваньні, а па начах працягваў езьдзіць чорны воран, зьбіраючы новых ахвяраў... І ўвесь гэты час быў яшчэ часам ночы. І акурат тады, празь месяц пасьля страшнага пахаваньня, выйшаў у сьвет першы нумар часопіса "Маладосьць".

Цікава, хто прыдумаў яму назву? Ці гэты была ўсесаюзная акцыя – тады менавіта так ствараліся часопісы ў нацыянальных рэспубліках. Пэрыёдыкі засноўваліся паводле разнарадкі. А лёс у гэтых пэрыёдыкаў складаўся па-рознаму – як у людзей. Сёньня "Маладосьць" гвалтам залучаная ў голдынг, створаны ўладамі для кантролю над літаратурным працэсам. Уяўляю, як бы ў тым 53-м зайшоў у рэдакцыю і сказаў пра голдынг. Адказам, натуральна, было б маўчаньне – утрапёнае і вусьцішнае прадчуваньне катастрофы, для якой няма словаў, а ёсьць толькі цішыня. Ці адчуваеце, якая вялізная розьніца ў часе? Усяго 50 гадоў, а перамены ўспрымаюцца бясьсільна, як катастрофа...

75 гадоў назад. Зусім іншы час. Яшчэ да вайны, да Курапатаў. Да публічнага выкрыцьця ўчорашніх сяброў. Здаецца, гэта апошні год перасьпелага нацыянал-камуністычнага адраджэньня ў Беларусі. Усяго раптам стала так шмат – свабоды тварыць, самыя фантазійныя рэчы, толькі са згадкай пралетарскіх мэтадаў. Але ж канфлікт! Тварыць хочацца бясконца, але як гэта зьвязаць з тым пралетарызмам? Не заўважыць, што ў Празе памірае старшыня БНР Пётра Крэчэўскі? Але як можна гэтага не заўважаць? Мы ж будуем дзяржаву Беларусь... Не зьвяртаць увагі на тое, што робіцца ў Заходняй Беларусі? А што там, дарэчы, робіцца?

Там адбываецца нешта на наш сёньняшні розум малазразумелае. Як піша найноўшая Беларуская Энцыкляпэдыя, на працэсе Грамады, дзе польскія ўлады судзяць беларускі рух, камуніст Міхаіл Гурын-Маразоўскі прызнаны правакатарам. На даручэньне ЦК партыі Гурына забівае Сямён Клінцэвіч, таксам камуніст. Пра абодвух цяпер ёсьць у Энцыкляпэдыі асобныя артыкулы, абодва – беларускія палітычныя дзеячы. Толькі адрозьненьне ў канцах біяграфіі. Клінцэвіч забіў Гурына і перабраўся ў Менск, дзе быў расстраляны НКВД...

Але гэта крыху пазьней. У 28-м яшчэ ён – расстрэльшчык. Сярод віленскіх беларусаў шмат непаразуменьняў. Адныя выступаюць за беларушчыну альтруістычна, другія – сядзяць, як сёньня кажуць, на камінтэрнаўскіх маскоўскіх грантах, што надта не падабаецца афіцыйнай польскай уладзе.

А ў Менску ў 1928-м вучоныя бачылі сапраўднага грыфа. У Парыжы ўпершыню выконваецца знакамітае "Балеро" Марыса Равэля. У Нью-Ёрку ўпершыню на экранах зьявіўся герой мульцікаў Мікі Маўс. У Шатляндыі Аляксандар Флемінг вынаходзіць антыбіётык пэніцылін. У Калюмбіі 5 сакавіка зьяўляецца на сьвет Габрыэль Гарсія Маркес, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі, аўтар славутых раманаў "100 гадоў адзіноты" і "Восень патрыярха". А ў ЗША нараджаецца будучы кінарэжысэр Стэнлі Кубрык. Яшчэ тамсама зьяўляецца будучы мастак Эндзі Ўорхал. Згадваю гэтыя імёны таму, што ў зьвязку з 75-гадовым юбілеем яны сёлета будуць у сьвеце на слыху.

Магчыма, згадаюць і нарвэскага дасьледніка Руаля Амундсэна, які 75 гадоў таму загінуў, шукаючы ў Барэнцавым моры прапалую італьянскую экспэдыцыю.

Застаецца назваць тагачасную кнігу году. Гэта праца Міколы Шчакацiхiна "Нарысы з гiсторыi беларускага мастацтва". Адна з апошніх ластавак бээсэсэраўскае беларусізацыі, яна будзе забароненая аж да нашых часоў. А тады выйшла. Бо 1928 год не назавеш ні цёмным, ні страшным, ні шэрым. Энтузіязму было шмат, а арыштоўвалі і расстрэльвалі яшчэ ня так, каб гэта было заўважна. Тое пачнецца пасьля. Мы ж выбралі нашую юбілейную пэрыядычнасьць у адваротным накірунку...

100-гадовы юбілей – апошні, які, пры ўсёй зьмененасьці сьвету, яшчэ паддаецца ўяўленьню, мы яшчэ можам улавіць дух таго часу, бо 100 гадоў яшчэ біялягічна ў межах чалавечага жыцьця.

Стогадовыя юбілеі сёлета прыпадаюць на імёны амэрыканскага доктара Бэнджаміна Спока, які напісаў самую папулярную ў сьвеце кнігу пра тое, як даглядаць немаўля, пісьменьнікаў Джорджа Орвэла, Жоржа Сымэнона і Ірвінга Стоўна. Шмат у гэтым пераліку і беларускіх прозьвішчаў, што вартыя і, верагодна, будуць тэмамі перадачаў Радыё Свабода. Гэта, дарэчы, адзін з ініцыятараў гэтага Радыё і старшыня Рады БНР Мікола Абрамчык і ягоны пераемнік на ганаровай пасадзе Вінцэнт Жук-Грышкевіч, цэлы сьпіс паэтаў, сярод якіх на сёньня вылучу Натальлю Арсеньневу і Тодара Кляшторнага. Калі першая апошнім часам даволі добра вядомая беларускаму чытачу, дык Тодар Кляшторны болей актуалізуецца, дзякуючы дзейнасьці свае дачкі – архітэктаркі Маі Кляшторнай. Яна зь першых дзён стварэньня Мартыралёга Беларусі шмат сілаў прыкладае дзеля памяці ахвяраў сталінскага генацыду. На яе плячах – асноўны цяжар цяперашняй барацьбы за Курапаты. І журналісты часьцяком згадваюць, што яна дачка паэта, расстралянага за Сталінам і пахаванага, верагодна, у гэтым самым Курапацкім лесе. Думаю, што стогадовы юбілей Тодара Кляшторнага і яго самога ўздыме на шчыт грамадзкае ўвагі.

Што да вобразу 1903-га, дык згадаю першую знакавую акцыю беларускага адраджэньня ХХ ст., а менавіта першую паэтычную кнігу – "Вязанку" Янкі Лучыны. Аўтар да гэтае кніжкі не дажыў сем гадоў. А першыя актывісты-адраджэнцы менавіта ягоныя творы абралі за старт новае беларушчыны.

Сонца навукі скрозь хмары цёмныя
Прагляне ясна над нашай ніваю,
І будуць жыці дзеткі патомныя
Добраю доляй – доляй шчасьліваю!..

Ужо ў ХІХ ст. адчуваньне розьніцы паміж вобразамі пачынае зьнікаць і ўся мінуўшчына паступова ператвараецца ў адзін гліняны камяк, у якім зьзяюць зоркі гістарычных падзеяў і асобаў. Каб прадставіць кожнага зь іх, патрэбная была б ужо асобная перадача. Таму абмяжуюся гістарычнымі імёнамі, якія на слыху.

Гэта 125 гадоў з дня нараджэньня мастака Казіміра Малевіча і польскага пісьменьніка і пэдагога Януша Корчака. 150-гадовы юбілей мастака Вінсэнта Ван Гога і нашага фальклярыста Міхала Федароўскага. 175 гадоў Жуля Вэрна і Генрыка Ібсэна, 200 гадоў Праспэра Мэрымэ. 325 гадоў Антоніа Вівальдзі і 375 – Шарля Пэро.
500 гадоў прадказальніка Мішэля Настрадамуса і 525 гадоў гібелі ангельскага фантазёра Томаса Мора. Гэта ён прыдумаў востраў Утопія і ідэальную дзяржаву на гэтым востраве – такую дзяржаву, дзе ўсім было б добра. А яго за гэта – у лёнданскі замак Таўэр і чамусьці здраднікам абазвалі. Вось тыя жудасныя радкі прысуду:

"Павесіць яго так, каб ён замучыўся да паўсьмерці, выцягнуць зь пятлі, пакуль яшчэ не памёр, адрэзаць полавыя ворганы, ўспароць жывот, вырваць і спаліць вантробы. Затым чацьвертаваць і прыбіць па адной чвэрці цела над чатырма ўездамі ў Сіці, а галаву выставіць на Лёнданскім мосьце..."

Кашмар! Праўда, літасьцівы кароль Генрых Восьмы пашкадаваў небараку-гуманіста і замяніў гэтую экзэкуцыю на простае адсячэньне галавы...

Адна дзіўная тэндэнцыя, насуперак грэблівасьці да гісторыі, назіраецца ў сёньняшніх кіраўнікоў Беларусі – на мясцовым узроўні. Гэта ўшанаваньне падначаленых гарадоў і мястэчак. І сёлета такіх ушанаваньняў будуць дзясяткі – хто пра першую згадку ў летапісе вычытаў, хто пра магдэбурскае права. З гэтае нагоды дастаюцца з архіваў старыя гербы і ўсчыняецца гарадзкое сьвята.

Натуральна, размах ня той, зь якім сваё трохсотгодзьдзе адсьвяткуе расейскі Санкт-Пецярбург – крэпасьць, зь якой і пачалася расейская імпэрыя і расейская імпэрская палітыка. Праўда, з гарадамі юбілейная пэрыядызацыя часам выкідвае жарты. Скажам, калі расейскаму Піцеру сёлета 300, дык нашаму Лагойску – 925. І ад гэтага нічога не залежыць. Карысна таксама зьвяраць сваё сьвята і з зоркамі абсалютнай велічыні, скажам, з годам заснаваньня Рыма, які сёлета таксама юбіляр.

Напрыканцы, паводле вострабрамскае традыцыі, выберу дату, якой можна было б у Беларусі гэты год называць. Як перад тым былі гады Ігната Дамейкі і Янкі Лучыны. Мусіць быць нешта цэнтральнае і ў маштабе сваёй культуры абсалютнае.

Гэта 1253 год – 750 гадоў з дня каранацыі Мяндоўга ў Наваградку. З гэтага моманту Вялікае княства стала каралеўствам. Такім чынам, я прапаную не культурную, а дзяржаўную дату з гісторыі Беларусі. Тую дату, якая стала адпраўной у незалежным існаваньні беларусаў на працягу 500 гадоў. Пасьля гэтага – 200 гадоў расейскае акупацыі, зьмена марынеткавых рэжымаў і вось цяпер – што? Чарговы марыянеткавы рэжым ці ўсё ж незалежная дзяржава? Адказ на гэтае пытаньне мусіць даць яна сама. А мы гэты адказ атрымаем, у прыватнасьці, з адносінаў цяперашняга рэжыму да юбілею каранацыі Мяндоўга ў Наваградку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG