Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Купала і Курапаты


Сяргей Дубавец, Вільня

Курапаты – месца масавай згубы ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсіяў – мы сёньня называем урочышчам, мэмарыялам, нэкропалем... Янка Купала сказаў бы пра іх – курган. На мове ягоных вобразаў гэта і значыла – агромністая і таямнічая магіла, у якой ляжаць пакаленьні продкаў, пра якіх сучасьнікі альбо нічога ня ведаюць, альбо забыліся і таму гатовыя зьнішчыць Курапаты – вытаптаць іх, пракласьці празь іх дарогу, зрабіць пляцоўкаю выгулу сабак альбо пікніка – з шашлыкамі і выпіўкай.

Сёньня ў "Вострай Браме" мы гаворым пра творы Янкі Купалы і ягоныя прароцтвы. Нагода для гутаркі – новая кніга ў бібліятэцы Радыё Свабода, якая пабачыць сьвет гэтымі днямі. Кніга распавядае пра Курапаты і пра тое, як будавалася на магілах Менская кальцавая дарога, але першым чынам – пра маладых людзей, якія амаль 10 месяцаў дзень і ноч супрацьстаялі будаўнікам, баронячы пахаваньні бязьвінных ахвяраў. Сотні рэпартажаў пра вахту памяці і склалі новую кнігу.

Гаворка ў ёй – пра падзеі штодзённыя: стварэньне лягеру абаронцаў, усталяваньне крыжоў, талокі, візыты гасьцей, а таксама пра сутычкі з амонаўцамі і будаўнікамі, пра суды, штрафы і зьняволеньне абаронцаў, якія сталі на шляху бульдозэраў. "Дарога праз Курапаты" – называецца новая кніга, але дарога ў ёй – антыгерой, бо расповед вядзецца пра тых, хто ўсімі сіламі не пускаў дарогу на магілы.

* * *

Курапаты ведаюць ва ўсім сьвеце. Гэтае ўрочышча, у якім перад вайною расстралялі і закапалі сотні тысяч людзей, стала адным зь беларускіх рэкордаў у кнізе Гінэса – самая вялікая магіла. З тапаграфічнае кропкі на мапе гэтае месца ператварылася ў вобраз краіны.

Краіна – магіла. Згадалася, што такі вобраз часта сустракаецца ў творчасьці маладога Янкі Купалы. Сапраўды, яшчэ да рэвалюцыі з усім драматызмам паэт прадбачыў і тыя масавыя рэпрэсіі, і тыя спробы вытаптаць пахаваньні, і тое, што мы мусім бараніць магілы.

Перачытваючы Купалавы вершы, падумалася вось пра што. У грамадзянскай лірыцы паэта шмат кан'юнктурных твораў – ці то на злобу дня, для газэты, як было ў нашаніўскія часы, ці то змушаная пахвальба камуністычнага рэжыму – за саветамі. Такія творы ўспрымаеш з аглядкай на час і абставіны. Але ёсьць і Купала зусім некан'юнктурны. Гэта той, які гаворыць пра пошукі нацыянальнага скарбу. Скарб – у кургане, гэта значыць, у магіле. Гэта прадзедавы косьці, якія паэт-чараўнік здольны ажывіць і скласьці ў жывыя карціны былога.

Кажуць, каб хто калі зразумеў голас той,
Не зазнаў бы ніколі ўжо гора...
Можна тут веру даць, толькі слухаць душой...
Курганы шмат чаго нам гавораць.

Гэта з паэмы "Курган", 1910 год. Паводле Купалы, курганы, такія вось масавыя пахаваньні, трэба ўважліва слухаць – прычым душою. І тады адкрыецца сапраўдная відзежа. Як у паэме "На Куцьцю", 1911 год:

Заныла ўсё, замёрла ўсё, –
Ня сьпіць адвечнае замчышча:
Там пачынаецца жыцьцё
Ў агнёх старога папялішча.

Замчышча ў гэтым выпадку – таксама магіла, курган. Макс Фасмэр у сваім этымалягічным слоўніку тлумачыць: курган – магільны ўзгорак, але таксама – крэпасьць, пазычанае са старажытна-цюрскай, дзе курган і азначае крэпасьць.

Лёгіка Купалы падказвае, што і на Курапаты ён глядзеў бы як на крэпасьць або замчышча. І тут вачам адкрыецца відзежа, толькі не з князямі і ганцамі, магчыма, а з бліжэйшымі нам у часе людзьмі. Хіба ня гэтаксама, як Купала адкрываў старажытныя курганы, Курапацкі курган раскрыў Васіль Быкаў у сваім апавяданьні "Жоўты пясочак"?

Але вось "На Куцьцю" далей:

На беласьнежны на пасад
Усходзіць князь, усходзіць княжна;
За імі слуг пачэсны рад
Стаіць задумліва, суважна.

Князь прамаўляе:

Прашу паклікаці ганцоў
І месца даці ім па чэсьці:
Ад нашых стоптаных капцоў
Якія нам прыносяць весьці?

Стоптаныя капцы – гэта значыць, стоптаныя магілы. Ня трэба лішняй фантазіі, каб пабачыць у іх новую Менскую кальцавую.

* * *

Зародак курганнае тэмы ў Купалы праглядаецца ўжо ў выбары псэўдоніма. Купала – купа, а купа – таксама курган або капец. Таямнічы ўзгорак або насып, у якім пахаваная мінуўшчына – прадзедавы косткі, якія нейкім таемным чынам могуць ажываць і складацца ў цэлыя гісторыі пра даўнейшае багатае і вольнае жыцьцё, калі ў краі панавалі справядлівыя князі. Гэтыя карціны мінуўшчыны, паводле Купалы, – сапраўдны скарб. І менавіта ў купальскую ноч, кажа старадаўняе народнае паданьне, курганы раскрываюць свае скарбы. Пэўна ж паэт ня мог гэтага ня ведаць, выбіраючы сабе творчае імя.

І першую згадку курганнае тэмы знаходзім у самым пачатку, яшчэ ў 1906-м годзе, у вершы "Над сваёй айчызнай":

Божа! гэткі сьвет тут
Моц стварыла твая!
Дзе ж мой дом, дзе мой люд?
Дзе айчызна мая?

Дзе той час, у яком
Тут кіпела жыцьцё?
Свой народ быў кругом
І любіў сваё ўсё?

Зьнікла ўсё, як імгла,
Няма славы тваей;
Злая доля змагла
І мой край, і людзей!

Адны ў шар курганы –
Сьведкі бітваў – стаяць;
Косьці к ім груганы
Прылятаюць зьбіраць.

Да пачатку масавых курапацкіх расстрэлаў застаецца 30 гадоў, да пачатку кругласутачнае вахты моладзі ў Курапатах – 95. Натуральна, Купала пісаў пра адцягненае і даўнейшае, але з гледзішча нашага часу, гэтыя радкі гучаць як папярэджаньне. І з кожным годам гэтую тэму ў творчасьці паэта чуваць усё мацней. Купала пачынае "спаць на курганах", прыпадаць да іх слыхам і занатоўваць падгледжанае ды падслуханае вершамі і паэмамі. Ён нават дае параду ў вершы "Беларускаму песьняру": "Падслухай шэпты зямлі-маткі, У скарбы ўсе яе заглянь".

Цікава, ці падгледзелі што і ці падслухалі абаронцы Курапатаў, што дзень днявалі, а ноч начавалі, спалі на курапацкім кургане? Але пра гэта крыху пазьней. Пакуль – Купала:

Я змогся. Ногі больш служыці
Мне не хацелі, чуць цягнуў.
І ўсеўся на курган спачыці,
І на кургане я заснуў.

Я сьніў. А ўсё як бы наяве
Кругом мяне жыло жыцьцём:
Той абымаў, той нож крывавіў,
Той спаў летаргу зводным сном.

Збуджэньня дух махаў крыламі,
Няпамяць свой скідала пыл,
Вякі пражыты за вякамі
Ўставалі з попелу магіл.

І вось тут – увага. На момант забытыя князі і мінуўшчына, уся, так бы мовіць, экзотыка. У 1907-м годзе Янка Купала бачыць відзежу будучых сталінскіх часоў:

Сьпіхала ў долы праўду здрада,
За быт, за шчасьце йшла вайна,
Парад цягнуўся за парадам,
Жыла, ўмірала старана.

Паспрабуйце ўявіць, што ў паэтавай сучаснасьці або недалёкай мінуўшчыне магло натхніць яго на гэтыя радкі, і вы ня знойдзеце адказу. Бо гэта – прароцтва.

Тут вам і будучыя даношчыкі-здраднікі, і "вайна за шчасьце" – рэвалюцыя, і парады – фасадная радасьць савецкіх фізкультурнікаў, і ўрэшце гэты вось кантраст: жыла – ўмірала старана. Размах камуністычнага аптымізму і масавыя рэпрэсіі пры гэтым. Пройдзе два-тры дзясяткі гадоў і Купала сам патрапіць у палон гэтага кантрасту, толькі тады ўжо нічога сказаць ня зможа. Толькі прарок гаворыць "наперад".

... Пакуль жа Купала гаворыць прарочым голасам, ён штосьці вычувае, параўноўваючы ўсю Беларусь з магілай. У вершы "Зь песень аб сваёй старонцы", тым самым, дзе "Невясёлая старонка // Наша Беларусь: // Людзі – Янка ды Сымонка, // Птушкі – дрозд ды гусь", у Купалы вырываецца прызнаньне:

Так няміла, як магілай,
Неяк выдае
Беларусь, мая старонка,
Ды люблю ж яе...

Седзячы на агромністых курапацкіх пахаваньнях, нашыя сучасьнікі – абаронцы ўрочышча, таксама неаднойчы прызнаваліся, што ўспрымаюць гэтыя магілы, як саму Беларусь, што менавіта на гэтых магілах нараджаецца будучыня краіны, што толькі гэтыя магілы іх – прадстаўнікоў розных суполак – аб'ядналі ў адзіны рух. Урэшце, абаронцы з гонарам распавядаюць карэспандэнтам, што менавіта тут – адзінае ў Беларусі месца, дзе вольна лунае нацыянальны сьцяг. Колькі ні зрывалі яго амонаўцы, а сьцяг зьяўляўся зноў і зноў, пакуль, здаецца, не адваяваў свайго права – быць тут.

Вось 15-гадовая школьніца кажа, што бярэ ўдзел у гэтай акцыі, бо "мы павінны стаяць за сваю Радзіму. Некаторыя людзі думаюць, што гэта ня важна, што гэта ня іхная будучыня, але трэба ўсё ж стаяць за яе". А вось таксама 15-гадовы хлапец, які жыве ў Зялёным Лузе, прызнаецца: "Калі я быў малы, бацька вадзіў мяне сюды. І я нібы піў усё гэтае адраджэньне Беларусі. Курапаты для мяне — гэта вельмі каштоўнае месца".

Беларускую традыцыю ўспрымаць могілкі як населеныя продкамі гарады Купала разьвівае да таго, што самыя курганы ў ягоных вершах становяцца жывымі істотамі.

Як хмуран пагляд туманны,
Як заўцы-званы.
На няцьвіўшыя паляны
Леглі курганы.

Курганы дрэмлюць, яны сумныя, іх нельга чапаць, бо

Хто зачэпіцца іх межаў,
Хто чапне іх сны,
Як званы на цёмнай вежы,
Стогнуць курганы.

Хіба не пра бульдозэры і экскаватары з кальцавой дарогі кажа тут пясьняр, хіба не пра той шум, які ўзьняўся ў сродках масавай інфармацыі, калі кальцавая пайшла на магілы?

У тым самым 1909-м годзе пішацца этапны верш курганнае тэмы, "Зь мінуўшых дзён":

Перайшло, мінула,
Што калісь жыло,
Ў курганох заснула,
Зельлем зарасло.

З гэтага часу курган становіцца амаль абавязковым у кожным вершы паэта.

Паліліся мае сьлёзы
На гасьцінцы, перавозы,
На крывавыя паляны,
На забытыя курганы.

І ў наступным – таксама:

Залягла, як пасьцель,
Лебядзіная бель
На загон, на курган.
І кажан, і груган
Занямеў не на сьмех:
Гэта сьнег, толькі сьнег...

І далей:

Мой дом – узьмежных зёлак восьці,
З сухой асінаю курган,
Дзе тлеюць прадзедавы косьці,
Дзе плача ночка ды туман.

Купала быццам рыхтуе чытача да сваіх вялікіх містэрыяў. Каб жывей уяўляць тыя фантазіі, якія чараўнік пакажа, ажыўляючы курганы, чытач павінен прыгледзецца да ўласнага навакольля, пабачыць свае, блізкія да сябе курганы, якія ёсьць і за вёскай, і пад лесам і во – каля самага дому.

Яшчэ адзін спосаб абудзіць цікавасьць да курганоў, у якіх схаваны скарб Беларусі – праз антытэзу, праз горычнае "Гэй, маўляў, хавайце".

Гэй, капайце, далакопы,
Яміну-магілу, –
А шырока, а глыбока,
Колькі хваціць сілы

Так капайце днём і ночай,
Помачу склікайце, –
Бо ў тым доле хаваць будзем,
Беларусь хаваці.

Наўрад ці цяперашнія бульдазэрысты ці экскаватаршчыкі, будаўнікі Менскай кальцавой маглі параўнаць сябе з далакопамі. Хоць фактычна, хай сабе і неўсьвядомлена, яны і былі такімі далакопамі. Можа быць, некаму зь іхных адукаваных начальнікаў нешта прыгадалася?.. А тым, хто капаў тут ямы ў 30-я, ім цалкам маглі ўсплысьці ў памяці Купалавы радкі, бо верш быў яшчэ на слыху. Праўда, і воля была цалкам паралізаваная. Так што калі што й пачулася, дык толькі й таго. Прынамсі, думаю, на расстрэлы гэта не паўплывала. Зрэшты... Курапацкія архівы дагэтуль засакрэчаныя і ўсё, што мы можам – толькі здагадвацца, уяўляць. Тайна Курапатаў выглядае ніяк ня меншай за тайны Купалавых курганоў.

На кургане на адвечным,
Пад асінай векавой,
Сеў дудар, сагнуўшы плечы,
З пасівелай галавой.

І яшчэ:

Ты сьпіш, ты жывеш мімаходам,
Мой край, як сьцяпная магіла,
З сваім незавідным народам,
З патухшай і славай і сілай.

А гэта, між іншым, 1910 год. Самы росквіт "Нашае Нівы" і самы росквіт Купалавай творчасьці. У царскай Расеі – сякая-такая лібэралізацыя. Да першай сусьветнай яшчэ чатыры гады. Што такога масава-зьнішчальнага зь нядаўніх падзеяў магло даць Купалу падставы параўноўваць свой край з магілай? Рэвалюцыя 1905 году? Але там гібель людзей ня мела такога ўсебеларускага маштабу. Ды і ў тагачаснай "Нашай Ніве" ня знойдзеш інфармацыйнае нагоды для такога параўнаньня. Гэта значыць, Купала піша пра будучыню.

І ня толькі Беларусь у яго – магіла, але і народ беларускі – магіла:

Бясьсільна народ свой пытаю,
Абняўшы пахілены крыж:
– За што ты ад краю да краю
Магілай жывою ляжыш?

Гэткае пераўвасабленьне, перакіданьне вобразу магілы з краіны на народ – яшчэ з большай сілаю гучыць як прадбачаньне і папярэджаньне.

* * *

Купалаў "Сон на кургане" стаў спосабам здабываньня (высьненьня) нацыянальнае ідэі, за што паэта і назвалі ідэолягам адраджэньня Беларусі. З раскрытых курганоў Купала ажыўляе гісторыі Гарыславы, Бандароўны, Машэкі...

У новай кнізе Радыё Свабода "Дарога праз Курапаты" я знайшоў толькі адно выразнае сьведчаньне сучаснага "сну на кургане". Хоць, падкрэсьлю, што ў журналісцкіх рэпартажах задача фіксаваць такія сьведчаньні ня ставілася.

Цімох Атрошчанкаў на трэці месяц сваёй варты ў Курапатах адказваў на пытаньне журналіста пра тое, што тут для яго найбольш складана:

"Па-першае, псыхалягічна тут вельмі цяжка, бо кожны дзень адчуваеш, што знаходзісься на чалавечых костках. Зараз ужо да гэтага прызвычаіўся паціху, але спачатку было вельмі цяжка. Асабліва, калі засынаў — у сьне прыходзілі людзі, прасілі, каб я іх не расстрэльваў... А па-другое, канечне, халодна. Зіма ўсё ж такі".

* * *

Такім чынам, курган, у якім ляжаць забытыя продкі, што захоўваюць таямніцу мінуўшчыны, калі хочаце – Курапаты – становяцца асноўнай тэмай паэзіі Янкі Купалы ў найбольш плённыя часы ягонае творчасьці. А што ж было з гэтай тэмай далей?

Курганная тэма пануе ў Купалы аж да першай сусьветнай вайны. У 1916-м і 17-м паэт маўчыць, а ў 18-м годзе ягоная містэрыя – ажыўленьне курганнага скарбу – палітызуецца:

Паўстань, народ! Прачніся, беларусе!
Зірні на Бацькаўшчыну, на сябе!
Зірні, як вораг хату і зямлю раструсіў,
Як твой навала злыдняў скарб грабе!

І яшчэ:

На сход, на ўсенародны, грозны, бурны сход
Ідзі, аграблены, закованы народ!

Аб вечным катаваньні, зьдзеку далажы
І пакажы на курганы і на крыжы.

Таксама ў 18-м годзе ў вядомай усім са школы "Спадчыне" – гэта дзе "Ад прадзедаў спакон вякоў // Мне засталася спадчына..." прагучаць яшчэ "казкі-сны" і тая страфа, якую выдалялі з савецкіх выданьняў:

І ў белы дзень, і ў чорну ноч
Я ўсьцяж раблю агледзіны,
Ці гэты скарб ня збрыў дзе проч,
Ці трутнем ён ня зьедзены...

... і ўсё. Асноўны матыў творчасьці Янкі Купалы на гэтым вычэрпваецца. Сьпярша ўсе курганы, скарбы і цуды-чарадзействы паэт адпісвае да мінуўшчыны, пазьней яны і ўвогуле пачынаюць супярэчыць бальшавіцкай ідэалёгіі. Калі трэба славіць і сьцьвярджаць, а таксама чэсна атрымліваць па працы, якое ж можа быць скарбашукальніцтва? Чуждая матэрыя...

Сваю "савецкую лірыку" Купала пісаў вымерханы, стомлены і раптам састарэлы. Ён рыфмуе, але гэта ня голас Бога, які прамаўляў празь яго некалі. У 1931-м ён, магчыма, і сам не заўважае, што пачаў агітаваць за новыя "курганы" – тыя, пра якія прарок у ім папярэджваў некалі:

Каб і апартуністы –
Ці левы ён, ці правы –
Ня мог прыносіць шкоды
Для ленінскае справы.

За паэта пачынае пісаць асадка, якая пільна адсочвае ваганьні партыйнай лініі, паэт славіць Сталіна і камунізм, бэсьціць ворагаў, шкоднікаў і шпіёнаў. 1937-ы год у ягонай творчасьці пачынаецца вершыкам з ужо не бязьвіннаю назвай – "Мала іх павесіць". У Курапатах поўным ходам ідуць расстрэлы...

Няма сэнсу абмяркоўваць, ці ведаў Купала пра Курапаты і што ён думаў. Мабыць жа ведаў, прычым столькі, што хапіла, каб ня думаць наагул. Моцна перабольшаны паток ТАКОЙ інфармацыі можа адключыць чалавека, калі ні думаць, ні казаць проста няма чаго. Гэта ня драма і не трагедыя, якія яшчэ могуць станавіцца мастацкімі жанрамі. Гэта катастрофа, ад якой творца нямее.

* * *

Абарона Курапатаў была суб'ектным і некан'юнктурным чынам. НЯ ГЛЕДЗЯЧЫ НІ НА ШТО. Ні на надвор'е, ні на хваробы і галадуху, ні на амон, ні на рацыянальныя быццам довады будаўнікоў, ні на неразуменьне з боку палітыкаў. Сказана было, што дарогу праз нацыянальны нэкропаль будаваць нельга. Усё.

У выніку дарога прайшла. Але быў адваяваны нейкі гектар лесу і сама гэтая назва – Курапаты. Няма сумневу, што, ня будзь іх там дзень і ноч, лес быў бы высечаны, на магілах зрабілі б разваротныя пляцоўкі для бульдозэраў, і самое слова страціла б сваё рэальнае значэньне. Нашчадкі НКВД зноў узвысілі б голас, маўляў, ніхто там нікога не расстрэльваў, апанэнтам папросту не далі б выказацца, правяраць ужо не было б чаго. Словам, пахавалі б Курапаты назаўсёды.

А так – Курапаты не пахавалі. Іх прынізілі. Літаральна апусьцілі, і цяпер з дарожнага насыпу на іх трэба глядзець кудысьці ўніз. Вадасьцёк, супраць якога столькі змагаліся абаронцы, глядзіць сваёю трубою проста на галоўны курапацкі Крыж Пакуты. Тут па-ранейшаму поўна ўсялякага асацыяльнага элемэнту і, асабліва, сабачнікаў, якія прыводзяць гуляць на магілах сваіх псоў. Тут па-ранейшаму адбываюцца талокі і людзі ставяць крыжы, ствараючы народны мэмарыял. А па новай кальцавой лятуць міма машыны.

Страсьці вакол Курапатаў разгайданыя надоўга. Самыя простыя рашэньні абрастаюць абмеркаваньнямі і тонуць у іх. Да прыкладу, нехта кажа: чаму там толькі крыжы, калі забітыя і пахаваныя не адныя хрысьціяне, а і мусульмане, і габрэі, і атэісты? У гэтай дыскусіі няма канца. Дзякуй Богу, што ёсьць тыя, хто ставіць крыжы. Як толькі пачалася кругласутачная вахта, палітыкі спынілі былі дапамогу абаронцам, маўляў, тыя не параіліся зь імі. Таксама гаворка доўгая і залежыць ад сытуацыі. Канца гэтай залежнасьці ад абставінаў, калі яна ёсьць, не бывае.

Дычытваючы новую кнігу з бібліятэкі Радыё Свабода, асабіста я адчуваў, можа быць і несправядлівае, але шчырае шкадаваньне, што вахта памяці спыненая. Яшчэ большае шкадаваньне прыходзіць на месцы, у Курапатах. Пры гэтым разумею, чаго менавіта шкада. І ў чым была ўнікальнасьць той вахты памяці. Гэта быў зусім рэдкі для нашай сёньняшняй рэальнасьці справядлівы ўчынак, што дзейсьніўся – ня гледзячы ні на што.
XS
SM
MD
LG