Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйская багема


Сяргей Дубавец, Вільня

Сёньня ў "Вострай Браме" – трэцяе эсэ пра Бабруйск: дзяцінства, юнацтва, сталасьць. Мой калега, віленскі журналіст Віталь Каракорскі распавядае пра свой родны горад. Спачатку гэта былі ўласныя першыя крокі па Сацыялцы – вуліцы Сацыялістычнай. Пасьля – "біржа" – гарадзкая тусоўка бабруйскіх габрэяў, дзе будаваліся пляны хуткае эміграцыі па ўсім сьвеце. Сёньняшні эпізод – пра тое, як сябры ў атачэньні аўтара ўжо сасьпелі, каб пакінуць свае гнёзды, але пакуль яшчэ не разьляцеліся і зьбіраюцца ў Віталёвай кватэры – музыкі, журналісты, фарцоўшчыкі – адным словам, багема – каб пагаварыць, пачытаць лісты ад сяброў, якія першыя зьехалі з Бабруйску і паведамляюць пра дзівосы заходняга сьвету.

***

(Каракорскі: ) "На другі дзень пайшоў я ў краму, якая мае тут назву "супэрмаркет", пайшоў адмыслова на экскурсію, бо грошай, каб набыць што-небудзь, пакуль што маю няшмат. Ну што табе сказаць? Тут ёсьць усё. Разумееш, усё. Гэта цяжка ўявіць у Бабруйску, але тут у Вене, у звычайным супэрмаркеце я налічыў 26 гатункаў каўбасы".

– Ці чытаць ліст далей? – пытаецца Агрэсар, ён жа Леанід Гросман.

Заўтра Лёня едзе ў Берасьце, а адтуль – у тую самую Вену, дзе ўсе 26 гатункаў каўбасы ў супэрмаркеце пабачыць на ўласныя вочы.

– Мы лепей твой ліст празь месяц пачытаем, – адказвае Арык Лявіцкі. Ён прынцыпова не зьбіраецца зьяжджаць, ён і тут добра пачуваецца. Невыпадкова мянушка ягоная Левы.

Але жонка Арыкава, Жана, здаецца, мае іншую думку:

– Ты нам, Лёнечка, ня толькі пра каўбасу напішы. Ты нам, Лёнечка, напішы пра машыны, і асабліва пра транты дзіцячыя, якія будзеце купляць Натанчыку.

Натанчык – гэта сын Агрэсара. У адрозьненьне ад бацькі, спакойны й разважлівы хлопчык. Жыве Натанчык з мамкай сваёй Лорай у Рызе. А вось Агрэсар зь ёй не жыве. Але заўтра яны сустрэнуцца ў Берасьці і разам паедуць у Вену – дзеля сына, тлумачыць Леанід.

– Яшчэ й пра кніжкі напішы, – усьміхаецца Дан Гольдбэрг. Ён, як і Жана, як і ўсе мы, добра ведае, што ёсьць тры рэчы на гэтым сьвеце, за якія Арык Левы можа зрабіцца правым: дзеці – Юрка і Аліска, кніжкі, асабліва паэзія, ды яшчэ аўтамабілі. – Як, дарэчы, твой "Запарожац", стаіць ці езьдзіць?

Але даведацца пра тэхнічнае становішча машыны сям'і Лявіцкіх нам не выпадае. Таму што гучыць умоўны – два доўгія і адзін кароткі – званок у дзьверы. Я іду адчыняць, а Дан зь Леанідам разам камэнтуюць мне ў сьпіну: "Закусь прыйшла".

Два доўгія і адзін кароткі. Яшчэ лепей, калі не званок, а стук ці нават – ручку ад дзьвярэй паторгаць – два разы доўга і адзін каротка. Вось ужо шэсьць гадоў гэткім чынам трапляюць да мяне ў хату тыя, хто ня вельмі вядома чаму, але, бадай, кожны вечар жадаюць бачыць адзін аднаго.

Магчыма, каб паразмаўляць. Натуральна, пра што толькі ні йдзецца, якія толькі дыскусіі ні адбываюцца ў гэтых сьценах. Пра экзыстэнцыялізм – калі ласка. Пра сучасную драматургію – ці толькі ёсьць ахвотнікі? Пра жыдоўска-арабскі канфлікт – ну колькі ж можна! Пра савецкую ўладу? Два доўгія і адзін кароткі...

Ці можа выпіць-закусіць зьбіраюцца тут людзі? А чаму не? Тым больш, што нагодаў – амаль кожны дзень. Ці нарадзіўся хто, ці сьвята якое савецкае (1 Траўня, напрыклад) ці несавецкае (Новы Год) ці антысавецкае нават (Пасха – і жыдоўская, і праваслаўная, і каталіцкая). А яшчэ музыку трэба паслухаць ды самім пад гітару пасьпяваць. Кажаце, суседзі міліцыю выклічуць? Думаеце, КГБ нас слухае? Два доўгія, адзін кароткі..."

***

(Дубавец: ) “Бабруйская багема перажывае першыя гарбачоўскія гады. На кватэры Віталя Каракорскага зьбіраюцца людзі, якія, здаецца, даўно ўжо ня думаюць днём учорашнім і нават днём сёньняшнім. Яны ўсе жывуць нібы ў будучыні, пасьля перабудовы, развалу СССР, пасьля бэрлінскай сьцяны і КГБ. Натуральна, яны сяк-так лічацца з рэаліямі, але ўжо відавочна перажылі ўсё гэта савецкае – перапакутавалі або аджартаваліся з атавістычнага і таму недарэчна сьмешнага ладу жыцьця. Штосьці мне падказвае, што тая бабруйская багема была лепей падрыхтаваная да будучыні, чым, скажам, менская творчая эліта, якая на той час яшчэ крэпка сумнявалася, што Саюз лясьне і разважала – хто пра свой немінучы выхад з партыі, а хто яшчэ й пра тое, каб ускочыць туды, у партыю, наастачу. Бо ніхто ня ведае, як павернецца лёс... Гэтыя ўжо ведалі, прынамсі, унутрана былі гатовыя да пераменаў.

Калі стаіш на парозе зусім іншага жыцьця і невядомага ўласнага лёсу і націскаеш званок – два доўгія, адзін кароткі – тады найлепей трымацца разам, добрай сяброўскай кампаніяй. Бабруйская багема ў тыя антыалькагольныя часіны перабівалася дарагімі каньякамі, зусім, дарэчы, не экзатычнага паходжаньня.

***

(Каракорскі: ) "Памыліліся Агрэсар з Данам. Ня закусь прыйшла, а цалкам наадварот. На парозе Рыба з Шварцам, а паміж імі – вялізны пляцак. У пляцаку – каньяк. Танны, пяць рублёў пляшка. За такі кошт бярэ яго Рыба ня ў краме, зразумела, а ў свайго стрыечнага брата Барыса Вальфсона, які жыве ў суседнім з маім доме. Што за бізнэс у Вальфсона – прадаваць каньяк па пяць рублёў пляшка? Тым больш, што за вокнамі – гарбачоўская барацьба з п'янствам. А ўсё вельмі проста – не бізнэсмэн Барыс Вальфсон, а вядомы лекар-пэдыятар. І нясуць яму (дзе толькі бяруць?) каньяк удзячныя бацькі. А доктар Вальфсон, да ўсяго, амаль што ня п'е. А калі б і піў, дык з такімі колькасьцямі змагацца нават Гарбачоў ня здолеў бы.

Але пашанцавала Вальфсону – ёсьць у яго брат Рыба, ён жа Рыўкін Сымон, ён жа Сеня, а ў таго якраз заўсёды мы ёсьць. А сёньня – якраз – мы разьвітваемся зь Лёнем Гросманам.

– Добра, што Шварца сустрэў, – кажа Рыба. – Інакш яшчэ гадзіну цягнуў бы гэтую кайстру.

Шварц – ён ня Шварц аніякі, а, каб вы ведалі, Чарноў, Сяргей Чарноў, данскі казак. Ні кроплі жыдоўскае крыві ў ім няма. Хутчэй, сярод продкаў, маючы на ўвазе гісторыю казацтва, якія-небудзь пэрсы ёсьць. Як там у той расейскай песьні – пра хвалю і княгіню...

А яшчэ Шварц – беларус. Зноў жа не паводле крыві, а з уласнага выбару. Два ў нас такія беларусы: Шварц, ён жа Чарноў, ды яшчэ Толік Файн. Беларускую мову ведаюць дасканала, паміж сабой паўсюль размаўляюць толькі па-беларуску. Нязвыклая справа для майго Бабруйску гэта – калі хто дзе гучна па-беларуску размаўляе.

Але тая дыскусія, што аднойчы адбылася ў нас пра беларушчыну, – яе не Сяргей з Толем пачалі. Гросман, які вучыўся, а потым пэўны час жыў у Латвіі, у Рызе, заўважыў, што калі вярнуўся ў Бабруйск, дык не адчуў, што прыехаў менавіта ў Беларусь. "Чым, – зьдзіўляўся Агрэсар, – сёньняшняя Беларусь ад Расеі адрозьніваецца? У тэлевізары толькі футбол па-беларуску. Кніжкі ў кнігарнях беларускія ёсьць, але хто іх чытае? Хто чытае тваю газэту?" – крычаў ён Файну.

Анатоль Файн, сапраўды, працуе ў газэце. Назва яе "Камуніст", друкуецца яна па-беларуску. Але супрацоўнікі паміж сабой размаўляюць выключна па-расейску. Нават галоўны рэдактар – Аляксандар Рыгоравіч Давідовіч, адзіны ў рэдакцыі сапраўдны беларус, і той. Што вы хочаце, "Камуніст".

Дарэчы, калі ў рэдакцыю прыехала зь Менску пэўная кіраўнічая пэрсона, Аляксандар Рыгоравіч выклікаў у кабінэт майго Толю і сказаў: "А гэта наш вядучы журналіст Анатоль Франс". "А як жа ж, – адказала пэрсона, – я нават у Менску чула гэтае прозьвішча". Чаму Давідовіч яго вядомым францускім пісьменьнікам выставіў, Толя не зразумеў. Я думаю, каб у Менску не даведаліся, што ў бабруйскім "Камунісьце" ў асноўным Файны ды Гейкеры працуюць. Але з таго моманту стаў наш Толік Файн Анатолем Франсам.

– Ну, на гэты раз дакладна павінна быць закусь, – кажа Лявіцкі і думаюць усе астатнія, калі чарговы раз – два доўгія і адзін кароткі – гучыць званок.

Так і ёсьць, Танечка прыйшла. Менавіта так, не Тацяна, ня Таня, не Танюша – Танечка. Танечка Юхневіч, карміцелька нашая. Што там усе 26 гатункаў венскай каўбасы побач з тым багацьцем, якое зараз Танечка дастае на стол. Зялёны гарошак, маянэз, шпроты, сардзіны, ласось, ну і, нарэшце, каўбаса. Праўда, аднаго гатунку, але якога – сэрвілат!

Але не за тое мы ўсе любім Танечку, што яна – таваразнаўца ў райспажыўсаюзе. І нават не за тое, што яна кабета рэдкае, выключнае прыгажосьці. А за тое мы ўсе яе любім, што яна закаханая ва ўсіх нас. Літаральна ва ўсіх, нават у Левага зь ягонай Жанай. Што цікава, пра сэкс нават не ідзецца. Які можа быць сэкс з багіняй! Але толькі Танечка магла сказаць, калі нас па чарзе цягалі ў КГБ: "Я за вамі, хлопцы, у Сыбір паеду". І паехала б. А зараз яна кажа:

– У мяне да вас дзьве навіны, добрая і кепская. Зь якой пачынаць?

– З кепскай! – крычым мы ў адпаведнасьці з анэкдотам.

– Толік званіў, – кажа Танечка. – Ён сёньня ня прыйдзе, чарадуе ў газэце.

– А добрая? – спытваюся я і прадчуваю адказ.

– А добрая – вось яна, – Танечка дастае з кайстры бутэльку пшанічнага хатняга самагону. – Гэта табе, гаспадар. Досыць піць Рыбін каньяк. Пачастуйся сапраўдным беларускім напоем.

– Я таксама буду самагон, – кажа Дан Гольдбэрг.

Дан, ён жа Даніла, старэйшы за нас усіх. Пэўны час Гросман называў яго Анатолем Максімавічам, у гонар знакамітага аглядальніка зь Бі-Бі-Сі Анатоля Максімавіча Гольдбэрга. Але потым у нас зьявіўся сапраўдны Анатоль – Файн, ён жа Франс. І Дан застаўся проста Данам.

Калі я першы раз яго пабачыў, дык падумаў, што сустрэў Мулявіна, лідэра слынных "Песьняроў". Потым высьветлілася, што ня надта я й памыліўся. Дан таксама музыка і на той момант узначальваў вакальна-інструмэнтальны ансамбаль "Гусьляры". Зараз былы жыдоўскі гусьляр Гольдбэрг – загадчык музычнае часткі тэатру імя Дуніна-Марцінкевіча.

– Вось ты мне скажы, – крычаў Гросман Гольдбэргу, – у тваім тэатры, які носіць імя Дуніна-Марцінкевіча, ідзе хоць адна беларуская, гэта значыць, на беларускай мове п'еса?

Карацей кажучы, моцна завёў нас Агрэсар. Відавочны абсурд Беларусі безь беларушчыны прымусіў згадаць Ірляндыю, Ізраіль, іншыя краіны, дзе сучасныя нацыі ствараліся, практычна, з нуля. Урэшце, на адвечнае пытаньне "Што рабіць?" былі знойдзеныя наступныя адказы.

– Нічога не рабіць, – прапанова Арыка Левага. Маўляў, хутка ўсё роўна ўсе людзі будуць размаўляць выключна па-ангельску.

– Адміністрацыйна ўводзіць мову, як гэта было зроблена ў Ізраілі ў дачыненьні да іўрыту. Гэты пункт магчыма ажыцьцявіць, калі ўсё гэта (гэта значыць, савецкая ўлада) скончыцца.

– Знайсьці рэлігійны фундамэнт – як каталіцтва ў Ірляндыі. Тут залежыць ад інтэлігенцыі, якая павінна паказаць прыклад. У выпадку Беларусі такой рэлігіяй можа быць тое ж каталіцтва ці ўніяцтва.

– А яшчэ на ўсё гэта патрэбныя вялікія грошы, – дадаў Леанід Гросман.

Грошы, хоць і не такія вялікія, у агрэсара звычайна ёсьць. Ён – фарцоўшчык, атрымлівае з Рыгі, дзе вучыўся і пэўны час жыў, тавар, джынсы, напрыклад. І прадае ў Бабруйску. Нам прадае танна. Але ня толькі нам. У Агрэсара ў Бабруйску поўна родзічаў. На кім ён зарабляе – невядома, колькасьць тавару не такая ўжо вялікая.

Увогуле Леанід Гросман – асоба таямнічая. Калі запытаеш у яго: "Куды ідзеш?", адказ будзе: "Ты ня ведаеш". Рыба распавядае, як ён спускаўся ад мяне і на чацьвертым паверсе спаткаў Агрэсара, які ішоў угору (я жыву на пятым, апошнім). "Куды ідзеш?" – запытаўся. "Ты ня ведаеш", – быў адказ.

Зь дзяцінства Лёня быў выдатным матэматыкам, атрымліваў дыплёмы ўсесаюзных алімпіядаў па фізіцы і матэматыцы, скончыў фізмат Рыскага ўнівэрсытэту. Але захацеў зьехаць у Ізраіль. Атрымаў адмову. Забралі ў войска, у ракетныя часткі. З таго часу і пра фізіку, і пра Ізраіль павінен быў забыць. Дарэчы, Агрэсар ён – таму што Гросман – гэта значыць, вялікі чалавек, а на ідыш вялікі – агрэйсар. А яшчэ таму, што ў Ізраіль захацеў, а там усе агрэсары. Калі верыць савецкай прапагандзе. І вось сёньня Агрэсар апошні вечар з намі".

***

(Дубавец: ) “У рысах позьнесавецкага жыцьця ў Бабруйску пазнаюцца такія самыя рысы менскія, а нават віленскія ці варшаўскія, можа быць, праскія. Такое ўражаньне дае падобная атмасфэра канца камунізму, а таксама эфэкт глядзеньня на сьвет знутры той колішняй бабруйская багемы, ейнымі вачыма.

***

(Каракорскі: ) "Сымон Рыўкін, які сёньня яшчэ ня ведае, што зьедзе наступным, устае і прапануе тост: "За тых, хто ў моры". І мы, якія яшчэ ня ведаем, што неўзабаве ўсе пакінем Бабруйск, п'ем. За тых, хто ў моры. За Аліка Ліўшыца, за Лёню Кісіна, за Мішу Вайсмана, за Грышу Гардзіенку, за Аркадзя Бацавіцкага, за Сымонаў Гарэліка і Эпштэйна, за Ігара Кузьняцова, за Рафіка Гольдмана, за Алега Чэрнікава, за Дзіму Рабкіна, за Ларысу, Тацянаў, Натальлю, Сьвету, Алу і за ўсіх іншых, хто можа быць калі-небудзь як караблі ў моры, пазнаюць адзін аднаго па гудках. Два доўгія і адзін кароткі..."

***

(Дубавец: ) “Віталь Каракорскі ўжо 10 гадоў жыве ў Вільні. Разьехаліся па сьвеце ўсе ягоныя сябры – тая бабруйская багема. Але сёньняшняе эсэ сьведчыць, што нішто нікуды не дзяецца ні ў часе, ні ў прасторы. Дасткова толькі ажывіць усё ў сваёй памяці.

Жанрава тое, што піша Віталь, досыць пашырана ў цяперашняй беларускай літаратуры – агульна мы называем гэта эсэістыкай пра позьнесавецкую эпоху. Цэлыя кнігі выйшлі такога кшталту ва Ўладзімера Арлова або Аляксандра Лукашука, прычым кожны прадстаўляе сваю выразную плынь. Арлоў піша лірычныя згадкі свайго дзяцінства, шчодра аздабляючы тэкст карункамі показак і разынкамі забаўных дэталяў. Часам гэта амаль імпрэсіі. Лукашук шырэй ужывае сатырычны пэндзаль, малюючы побыт савецкіх журналістаў-"праўдзістаў" і той сьвет, у якім гэтыя журналісты бытуюць. Рызыкну сказаць, што з занатовак Каракорскага можа аформіцца яшчэ адна плынь, якую я б назваў "голай" або "чыстай", не паэтызаванай і не публіцыстычнай. Магчыма, гэта вынікае з таго, што аўтар не зьвязаны абавязкамі беларускага патрыятычнага пісьменьніка і свой беларускі патрыятызм разглядае як дадзенасьць, а не як тое, што патрабуе доказаў для сябе або выхаваньня ў іншых. Не зьвязаны ён і абавязкамі супрацоўніка, калегі, які апісвае тыя сытуацыі, у якія трапляў "па доўгу службы" ці ў сілу свайго сацыяльнага становішча, туды, дзе калі кажаш нешта жартоўнае ці саркастычнае, міжволі ходзіш па мяжы чыйгосьці ўспрыманьня. Адзінае, што ў гэтым сэнсе зьвязвае Каракорскага – гэта чалавечы кантакт сваяка або сябра.

У кожным разе, калі такое стварэньне будзе працягнутае, яно ўзбагаціць існыя плыні яшчэ адной і можа стаць прыкметнай зьявай сучаснай беларускай літаратуры”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG