Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грошы


Сяргей Дубавец, Вільня

Калі мы гаворым міжсобку пра тое, чаго за апошнія 15 гадоў у беларускім жыцьці паболела і чаго паменела, найчасьцей называюцца дзьве рэчы: свабода і грошы. Свабода разам з вызваленьнем ад татальнае апекі з боку дзяржавы прынесла і выдаткі – разарэньне, эміграцыю сяброў і блізкіх, дэпрэсію. Грошай рэзка паменела, затое значна паболела іх як чыньніка ў размовах, у паспалітай філязофіі, у чалавечых лёсах.

Свабода і грошы прапанавалі беларускаму чалавеку выбар: адчуць сябе вольным гаспадаром або нікому не патрэбным і таму пакінутым учорашнім утрыманцам.

Праўда, нельга сказаць, што такі выбар – пан або прапаў – спасьціг кожнага беларуса. Старэйшым прыносяць дахаты пэнсію, моладзь пераарыентоўваецца на капіталістычныя каштоўнасьці. Найцяжэй, бадай, сярэдняму пакаленьню. Акурат таму, якое ў культуры аб'ектыўна аказалася адказным за гэты пераходны пэрыяд. Скажам, старэйшыя пісьменьнікі і мастакі, як правіла, спадзяюцца дажыць свой век ў той схеме, да якой прызвычаіліся за савецкім часам. Самыя маладыя ладзяць пэрфомансы і шукаюць кантактаў за мяжой. Што да сярэдняга пакаленьня, дык яно не стварае раманаў, а піша гэты час перавалу сваімі ўласнымі лёсамі. Як правіла, атрымліваецца тое, што пажылыя жанчыны па выхадзе з кіназалі называюць "цяжкое кіно".

Пра драматычныя лёсы трох маіх знаёмцаў – журналіста, паэта і празаіка, у жыцьці якіх грошы адыгралі фатальную ролю, я распавяду пры канцы сёньняшняй перадачы. А пачну з самога месца валюты або матэрыяльных рэсурсаў або, зусім ужо па-вулічнаму, бабак у жыцьці беларускага грамадзтва. Ці зьмяняецца гэтае месца цягам апошніх 10-15 гадоў? Верагодна, ня так хутка, як гэта адбылося ў суседніх Літве, Польшчы ці нават Расеі. Сказваецца беларускі постсавецкі застой.

Мне згадваецца, як у глухой расейскай вёсцы сем гадоў таму ў краме сельпо ў нас адмовіліся браць даляры, а чарга вясковых цётак са зьдзіўленьнем разглядала "амэрыканскі рубель". Сёлета ў той самай вёсцы мы пабачылі ажно тры крамы – тое самае сельпо, толькі значна пабагацелае і дзьве камэрцыйныя. У камэрцыйных бяруць і даляры. Гэта так, маленькі штрышок у карціне параўнаньня беларускай і расейскай сытуацыі. У нас за гэты час нічога не зьмянілася.

Падобную выснову робіць таксама філёзаф і бізнэсовец Уладзімер Мацкевіч.

(Мацкевіч: ) "Пачатак 1990-х гадоў прызвычаіў людзей да таго, што грошы нешта каштуюць. І гэта быў, так бы мовіць, культурны прарыў у гэтых адносінах. Але ж грошы ня сталі для беларусаў каштоўнасьцю да сёньняшняга часу. І таму людзі болей дбаюць пра тое, каб зарабіць на жыцьцё, чым пра тое, каб ставіцца да грошай, як да сродка. Сродка разьвіцьця сваёй сям'і, самога сябе, сваёй справы. Гэтага пакуль што не назіраецца. Ну за выключэньнем кола бізнэсоўцаў і прадпрымальнікаў".

(Дубавец: ) “Нашыя людзі трымаюць у руках валюту па-дзіцячаму: нібы не асабліва разумеюць, што гэта такое; падкрэсьлена без пашаны, каб не выглядаць скнарамі; і крыху грэбліва, каб не вылучацца сваім "багацьцем" сярод іншых. Дзяцінства беларускай нацыі – тая стадыя, куды яе адкінуў савецкі час. Да рэвалюцыі гэта была сялянская нацыя, у сваю чаргу, адкінутая ў такі стан пасьля далучэньня краіны да Расеі. Але тады, у нашаніўскі пэрыяд пачатку ХХ ст., сялянская нацыя мусіла пайсьці ў школу, навучыцца весьці гаспадарку і абыходзіцца з грашыма. Мусіла адбыцца тое, што свой капіталізм зрабіў зь літоўцамі – таксама сялянскай нацыяй, якая за дваццаць міжваенных гадоў пасталела ў дарослую. Беларусы ж засталіся дзецьмі, і іхнае сталеньне прыпадае ўжо на ХХІ стагодзьдзе. Вось што кажа пра гэта Ўладзімер Мацкевіч:”

(Мацкевіч: ) "Традыцыйна, са старых часоў Беларусь – краіна грашовая. Нягледзячы на тое, што ў XVII-XVIII ст. гандаль на беларускіх землях ажыцьцяўляўся магнатамі, усё ж такі гандлёвыя адносіны ў гарадах і нават на вёсцы былі. У адрозьненьне ад Расеі. У Беларусі да грошай ставіліся больш па-эўрапейску. А вось тое дзіцячае стаўленьне – гэта наступства савецкага часу. І ў гэтым сэнсе мы нічым не адрозьніваемся ад іншых народаў. За выключэньнем тых, хто праз пратэстанцкую этыку меў каштоўнасьці прыбытку, заможнасьці. І тут адрозьненьні нават паміж беларусамі заходнімі і ўсходнімі. Я яшчэ застаў часы, калі ў Гарадзенскай вобласьці сяляне марылі пра каня, пра тое, каб ім вярнулі зямлю й гэтак далей. На жаль, гэта былі старыя людзі, якія засьпелі яшчэ польскі час. І сёньня іх дзеці ўжо пра гэта ня мараць. Але ўсё ж такі людзі пра грошы пачалі дбаць. І перасталі саромецца лічыць грошы, таргавацца".

(Дубавец: ) “Калі ісьці за прыкладам нашых балтыйскіх суседзяў альбо палякаў, дык можна зрабіць выснову, што менавіта капіталізм, грашовыя дачыненьні давершаць працэс фармаваньня беларускае нацыі, якая запынілася ў сацыялізме, нібы ў сваім уласным дзяцінстве. Вам не даводзілася назіраць, як памякчэлі апалягеты камунізму пасьля таго, як сталі пераводзіць свае зьберажэньні ў амэрыканскія даляры? Аднак ёсьць у паводзінах з грашыма беларусаў і прадстаўнікоў іншых народаў і паказальныя адрозьненьні. Вось што кажа на гэты конт філёзаф і бізнэсовец Уладзімер Мацкевіч”.

(Мацкевіч: ) "Што тычыцца, напрыклад, каўкаскіх народаў... Грошы яны, так бы мовіць, любяць. Шануюць. Але ж там няма індывідуалізму. У стаўленьні да бізнэсу, да грошай. Там сям'я, тэйп, клан. І грошы ходзяць у кланавых групоўках, ну амаль як у голдынгах. Таму нельга сказаць, калі маем справу з заможным каўказцам, што гэта яго грошы, што гэта ён зарабіў. Гэта грошы сям'і. У беларусаў гэтага няма. Беларусы больш эканомныя, больш сьціплыя, чым расейцы. Расейцы грошы не шануюць звычайна. Таму ўсе заробленыя грошы пускаюцца на жыцьцё, на прадметы раскошы. У беларусаў гэта таксама назіраецца. Таму што некаторыя бяруць прыклад з так званых "новых рускіх". Не па сродках звычайна жывуць тыя, хто добра зарабляе. Але ж не ў такой ступені, як у Расеі. Больш значныя адрозьненьні ўсё ж такі існуюць там, дзе ёсьць пратэстанцкае стаўленьне, той так званы дух капіталізму. Гэта эстонцы, латышы. Нават меншае адрозьненьне паміж беларусамі і летувісамі ў гэтым сэнсе. Гэта што тычыцца звычайных паводзінаў чалавека, беларуса. Іншая справа – гэта ўмовы. Пагадзіцеся, што не мэнталітэт звычайнага беларуса вінаваты ў тым, што ў краіне за больш чым 10 гадоў незалежнасьці так і не зьявілася ўласная грашовая адзінка, што мы да сёньня жывем зь незразумелымі грашыма, якія як былі разьліковымі білетамі, уведзенымі проста ў сытуаці крызысу, так яны й засталіся. І вось гэтая сарамлівасьць на дзяржаўным узроўні, узроўні тых, хто кіруе нашай эканомікай, не зьяўляецца наступствам мэнтальнага стаўленьня беларуса да гэтага”.

(Дубавец: ) “Што да расейцаў, дык не аднойчы даводзілася назіраць, як чалавек, гатовы аддаць табе "апошнюю кашулю" або рассыпаць мільёны пад ногі цыганам, акажацца скнарай у самай дробнай дробязі. Урэшце, пацьверджаньне такой рысы даюць і самі расейскія назіральнікі і пісьменьнікі, а я згадаў пра гэта таму, што ў беларусаў такой рысы няма. Беларус у справе грашовых аб'ёмаў больш адэкватны і ня стане выкідаць многа і шкадаваць мала. Напэўна, калі гэта не беларус, які "новы рускі". Дарэчы, адносіны паміж "новым рускім" беларусам і "новым рускім" расейцам ці палякам, ці літоўцам – таксама маюць у падмурку сваім тэму грошай. Спадар Мацкевіч кажа пра гэта наступнае:”

(Мацкевіч: ) "Што тычыцца расейцаў, расейцы ставяцца да беларусаў, сапраўды, як да меншых братоў. Прычым, без адпаведных падставаў для гэтага. Беларускі бізнэс больш цывілізаваны. Больш эўрапейскі. І гэта відаць ня толькі на прыватных адносінах прадпрымальніка з прадпрымальнікам, фірмы зь фірмай. Гэта і нават на заканадаўчым узроўні таксама адбываецца. У нас у сярэднім бізнэсе, буйнога бізнэсу няма, у нас амаль выключаныя разьлікі "кэшам", наяўнымі грашыма. Што да сёньняшняга дня практыкуецца ў Расеі. Нават калі беларускія фірмы маюць філіялы расейскія, яны адчуваюць значныя складанасьці ў працы, таму што паводзіны бізнэсоўцаў у Беларусі больш цывілізаваныя, чым у Расеі. Але гэта ніяк не зьмяняе стаўленьня расейцаў да Беларусі. Расейцы ставяцца звысака, так скажам. Беспадстаўна. Што тычыцца летувісаў ці латышоў, палякаў, дык тут ня трэба перабольшваць культурных і нацыянальных адрозьненьняў. Бізнэс – інтэрнацыянальная, касмапалітычная справа. Таму маюць справу з чалавекам. І зьвяртаюць увагу на тое, што можна назваць плацёжнай дысцыплінай, уменьнем трымаць слова, адказнасьцю. І ў гэтым сэнсе ніякіх адрозьненьняў паміж бізнэсоўцамі беларускімі і летувіскімі няма".

(Дубавец: ) “А як самі беларусы, у масе сваёй далёка не багацеі, ставяцца да багатых суайчыньнікаў? І як багатыя суайчыньнікі на гэта рэагуюць? Ці не пачуваюцца яны няёмка? Усё ж такі той савецкі фон роўнасьці ў жабрацтве ў Беларусі яшчэ адчуваецца, і калі на гэтым фоне зьяўляецца чалавек з грашыма, ён мусіць пачувацца крыху замежнікам ці, іншы раз, нават іншаплянэтнікам. А яшчэ ён мусіць паводзіць сябе так, каб не даваць падставаў зараз жа накідвацца на яго і прасіць грошы”.

(Мацкевіч: ) "Гэта сапраўды. Ёсьць такая рэч. Жабрацкі этас. Доблесьць у тым, што мы бедныя. Гэта распаўсюджаная справа. Як толькі чалавек дае зразумець асяродку, што ён мае грошы, што ён заможны, ён сутыкаецца вось з гэтым стаўленьнем. Калі ты маеш грошы, дык дай. І тое, што права жабрака прасіць і права чалавека справы, бізнэсоўца, даць ці ня даць – гэта асымэтрычныя адносіны, гэта яшчэ не разумееца. Таму патрэба чалавека беднага ў дапамозе не надае яму права патрабаваць у таго, у каго грошы ёсьць, задавальненьня яго гэтай патрэбы. Вось гэта зь цяжкасьцю разумееца на сёньняшні дзень. Усё ж зьмены ў гэтым сэнсе адбываюцца. І ўсё менш і менш становіцца тых, хто думае, што яго галеча, яго беднасьць дае яму пэўныя правы качаць гэтыя правы. І тут справа ня толькі ў гэтым. Паказваць, што маеш грошы – небясьпечна. Таму што большым вымагальнікам зьяўляецца дзяржава. А ня тыя, хто просіць. Хоць сапраўды, грамадзкія арганізацыі, палітычныя арганізацыі, яны таксама паводзяць сябе, як жабракі. Замест таго, каб уступаць у дзелавыя адносіны з тымі, хто мае грошы. І мог бы спансараваць гэтыя грошы на грамадзкія справы, быць мэцэнатам культурніцкіх нейкіх зьяваў... Трэба аказваць паслугі адзін аднаму, тады й грошы будуць. А калі проста – дайце, таму што мы хочам вось гэта... Ну, гэта непрымальная ў сучаснасьці пастаноўка пытаньня".

(Дубавец: ) “За савецкім часам фраза "прадаць Радзіму" гучала як апошняе злачынства, а падобнае дзеяньне каралася сьмерцю. Мы, натуральна, ня будзем прадаваць сваю Беларусь, але вось пытаньне – ці існуе кошт у Радзімы і калі так, дык якім чынам ён можа быць вызначаны?”

(Мацкевіч: ) "Я лічу, што грошы – адно з самых геніяльных вынаходніцтваў чалавецтва. Грошы – гэта такая мера, унівэрсальная, у якой мы можам параўнаць самыя розныя зьявы нашага жыцьця. Самыя розныя каштоўнасьці. Што б там ні казалі ў такім квазімаральным пляне, што Радзіму нельга прадаваць, што мастацкія каштоўнасьці ня маюць кошту... Ну, сапраўды ня маюць. Але ж іх можна вымераць. Нельга купіць "Мадону" Рафаэля. Але ж яна нешта каштуе. Нават утрыманьне й захаваньне яе ад разбурэньня, і то патрабуе грошай. І чым больш дарагая рэч культуры, тым больш яна патрабуе на сваё захаваньне грошай. Таму грошы дазваляюць усё пералічыць і ўсяму прызначыць свой кошт. І Радзіме. Кажуць, што нельга гандляваць Радзімай. Але ж Радзіма, патрыятызм, любоў да краіны, яны таксама могуць быць вызначаныя грашыма. Ну, напрыклад, такім чынам. Чалавек не зьяжджае ў эміграцыю, нягледзячы на тое, што яму прапануюць большыя грошы, а працуе на радзіме. Таму што ён тут патрэбны, таму што ён любіць гэта. Вось гэта мера. І ўвогуле, грошы даюць магчымасьць абменьвацца каштоўнасьцямі самымі рознымі. Захоўваць каштоўнасьці. І вызначаць – што чаго каштуе".

* * *

(Дубавец: ) “Напачатку 1990-х адзін знаёмы журналіст пазычаў ва ўсіх сяброў грошы, абяцаючы вялізныя працэнты. Кажуць, назьбіраў мільён даляраў, а можа і больш. Хлапец быў вядомы, знаўся з мноствам народу, і яму давяралі. Пасьля ён раптам кудысьці прапаў. Адныя казалі, што зьбег з грашыма на другі край сьвету, другія пярэчылі – маўляў, гэты хлапец ня мог учыніць такой здрады, мы яго ведаем. Трэція гаварылі, што злавілі таго журналіста бандыты, грошы адабралі, а самога закапалі ў зямлю так, каб ані сьледу не засталося. Асабіста мяне ў гэтай гісторыі запыняюць адносіны атачэньня. Не кажу ўжо пра мэркантыльную незацікаўленасьць "падманутых укладчыкаў". З часу зьнікненьня журналіста мінула гадоў дзесяць, і ягоная гісторыя паступова забылася. Ніхто сур'ёзна не заняўся расьсьледаваньнем. Тут ня столькі да грошай абыякавасьць, Бог зь імі, з грашыма. А вось чалавек – быў і няма. Зрэшты, можа, каму трэба – той ведае. Я думаю, што менавіта так усе і разважаюць. Мараль гэтай гісторыі ў тым, што калі й вы зоймецеся падобнай справай і некуды зьнікнеце, прападзеце, вас ня будуць шукаць. Гэта ўжо стала адзнакай нашага беларускага капіталізму – не шукаць зьніклых...

Прыблізна ў тыя ж часы пачатку 1990-х такой самай справай зьбіраньня грошай пад працэнты заняўсяся адзін паэт. Гэты за савецкім часам меў добрыя даходы і заўсёды ў сябе ў сваім хлебасольным доме прымаў гасьцей, усім дапамагаў. Словам, такі быў для ўсіх, як бацька. А настаў капіталізм, і спалохаўся паэт, што ня здолее выцягнуць сям'ю, застацца на той матэрыяльнай вышыні, якая колісь дазваляла яму быць такім вось усіхным бацькам. Нібы прорва пагрозьліва раскалолася пад нагамі. І чалавека як падмянілі. А тут яшчэ й фірма, куды ён тыя грошы пад працэнты разьмяшчаў, ляснула. Шэф фірмы, прыхапіўшы банк, уцёк за мяжу. І ўнурыўся паэт. Мусіў кожнаму свайму "кліенту" доўга тлумачыць, што здарылася. Можа ў якой Грузіі яму б і паверылі, але ня ў нас. У нас западозрылі, што ён тыя грошы прысвоіў. І адвярнуліся ад паэта. Тады паэт і зусім заціх і перастаў пісаць вершы. А шкада. І таму мараль гэтай гісторыі – для ўсіх падманутых укладчыкаў. Усё ж такі сапраўдная высокая паэзія нашмат даражэйшая за вашую крыўду...

Трэці знаёмец быў празаікам. Узяў вялізную пазыку пад задуманы бізнэс, а бізнэс ягоны прагарэў. І крэдыторы ягоныя папаліся несэнтымэнтальныя. Таму мусіў празаік прадаць усё, што было ў яго і ягонай радні з рухомага і нерухомага майна. Засталіся ўсе ў чым стаялі. Але вось бяда – і гэтых грошай не хапіла на пакрыцьцё пазыкі. Тады сталі крэдыторы пагражаць празаіку сьмерцю. І мусіў ён уцячы ў іншую краіну і так глыбака схавацца там, што вось ужо шмат гадоў ніхто ў нас у Беларусі пра яго нічога ня ведае...

Усе гэтыя людзі належаць да майго пакаленьня, якое нясе найбольшыя выдаткі, аплочваючы капіталізацыю радзімы і станаўленьне нацыі па самым высокім рахунку, аддаючы за гэта хто жыцьцё, хто талент, а хто свабоду і славу.

Можна распавядаць яшчэ многа гісторыяў, зьвязаных з грашыма, якія ламаюць чалавечыя лёсы. Але хай гэта будуць ужо іншыя тэмы, штуршок якім далі тыя чалавечыя пачуцьці, якія завязаліся вакол той валюты, тых матэрыяльных рэсурсаў ці, зусім ужо па-вулічнаму, бабак”.
XS
SM
MD
LG