Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайсковыя лісты. Памяці Ігара Герменчука


Сяргей Дубавец, Вільня

Я ўспамінаю яго кожнага разу, калі хачу зразумець, як і адкуль гэта ўсё пачалося -- у Ігара Герменчука і ў мяне. Гэта ўсё -- цікавасьць да беларушчыны, якая стала ўрэшце зьместам нашых заняткаў, а ў выніку і жыцьця. А пачалося яно і ў яго, і ў мяне адначасова. Можа быць, з таго дня, калі за дзьвярыма стацыянару факультэту журналістыкі мы апынуліся разам. На іспытах не дабралі балаў. І разам пайшлі на вечаровае аддзяленьне.

Так у нашым сусьветным акіяне зарадзілася жыцьцё...

У тым пачатку для нас сапраўды не было мэтраў-настаўнікаў. Першы імпульс прыйшоў сам сабою. Зрэшты, натуральна, нейкая нота ўжо мусіла гучаць у душы, каб два юнакі раптам дапалі да гістарычных кніг, загаварылі па-беларуску і вырашылі, што ўсё іхнае жыцьцё будзе занятае гэтым. Ён увесь час згадваў свайго дзеда, старога, але дужага вяскоўца, якога параўноўваў зь ветракамі. А я згадваў сваю вясковую бабулю, у якой карэніўся ўвесь мой род. Бадай, гэта нас і зблізіла -- падобнае стаўленьне да продкаў. І продкі былі падобныя -- годныя сяляне-палешукі, дужыя і прыгожыя ў сваім процістаяньні таму, што ім выпала ў жыцьці.

Арыентацыя на дзядоў толькі й магла быць сапраўдным імпульсам. Бо наступныя за імі пакаленьні ўжо жылі з пэўнымі "мутацыямі" душы -- пасьля сталіншчыны і вайны. А першародная жыцьцёвая сіла захоўвалася ў тых, што ўзгадаваліся да ўсяго гэтага.

Яшчэ адна асаблівасьць нашага пачатку ў тым, што ён адразу быў неаддзельны ад палітыкі. Нібы тыя шыцікі, мы выпаўзалі з абсалютных акамянеласьцяў-імёнаў -- Маркса, Энгельса, Леніна...

Згадваю, што дзень нараджэньня Маркса ў нас у сям'і адзначалі не таму, што бацькі былі камуністамі, а міжволі, бо гэта быў ня толькі дзень ягонага нараджэньня, а яшчэ й савецкі дзень журналістыкі (мой бацька быў рэдактарам міліцэйскай газэты), а самае галоўнае, што гэта быў яшчэ й дзень нараджэньня маці. Акурат сёньня -- пятага траўня...

На журфак мы з Ігарам Герменчуком паступілі ў 1977-м. Тыя часы сёньня могуць прыгадаць ужо толькі сталыя людзі. Яшчэ ёсьць Караткевіч, яшчэ Быкаў не напісаў свайго этапнага "Знаку бяды", яшчэ не настала пяцігодка палітычных хаўтураў і Брэжнеў трымаецца без "батарэек".

Вінцук Вячорка яшчэ ў школе. Неўзабаве ён паступіць на філфак і пачне наведваць менскі джаз-клюб. На вечаровым журфаку зьбіраецца цёплая кампанія. Мы з Герменчуком пасьля працы нудзімся на лекцыях, пачынаем пісаць. Ён радок, я радок, ён радок, я радок. Спачатку апавяданьні, пасьля п'есы і нават раманы. У працэсе да гэтае справы далучаецца Віталь Шхіньян. Герменчук працуе на паліграфкамбінаце імя Коласа, езьдзіць на аўтакары, Шхіньян -- на тэлевізіі, я -- у газэце "На страже Октября". Апроч таго, знаходзіцца час, каб сукурсьнікі сустракаліся на кватэры. Найчасьцей у Віталя Тараса. Музыку паслухаць, пагаварыць, пабыць разам...

Паездка ў Мір і ўражаньне ад тамтэйшага замку прыводзіць нас зь Ігарам у Ленінку -- так тады называлі Нацыянальную біблітэку.

А яшчэ ў той самы час зьяўляецца ідэя што-небудзь выдаваць. Пасьля мы ўсё жыцьцё будзем друкаваць газэты, часопісы, кнігі. А тады ідэя выданьня зводзілася да стварэньня падпольнай друкарні.

Каб ня войска, тая эпоха не была б так падрабязна і дэталёва зафіксаваная на паперы -- у нашых лістах.

“Во -- пісаў мне Ігар -- прачытаў у "Маладосьці" нейкага Каханоўскага -- дасылаю -- каб жа нам так пісаць”.

Мы тады яшчэ ня ведалі нікога з старэйшых і з тых, хто мог бы паспрыяць у нашай беларусізацыі. Такія знаёмствы ўзьнікнуць пазьней, пакуль жа нас -- вельмі вузкае кола: Вінцук Вячорка з сваёй яшчэ ня жонкай Арынай, Герменчук і я. І я адпраўляюся ў войска. Пачынаецца перапіска.

Ігар на паліграфкамбінаце сочыць за ўсім, што там друкуецца. Пра ўсё падрабязна піша мне. Ён таксама сядзіць у бібліятэцы -- вышуквае рарытэты, якія пераздымае фотаапаратам. Да прыкладу, паэму "На Куцьцю" Янкі Купалы, якая ў той момант лічылася забароненым творам і ў выданьні паэта не ўваходзіла. А яшчэ ён здае залікі на факультэце журналістыкі.

Зь ліста 30 сьнежня 1978 году, Менск:

"... Яшчэ ў хуткім часе пойдзе цікавая рэч. "Драўлянае дойлідзтва Беларускага Палесься". Даволі тоўстая будзе. Бачыў пакуль толькі вокладку. Намаляваны такі магутны вятрак, потым цэркавак некалькі і яшчэ іншае. Будзе выдавацца Кароткая Энцыкляпэдыя Беларуская, пакуль першы том. Напішы, ці браць табе.

Зараз займаюся ўвесь свабодны час у Ленінцы, зь Вінцуком часам. Знайшлі "На Куцьцю". Гэта такая рэч! Пайду ў нядзелю пераздыму апаратам, потым як-небудзь прывязу, пачытаеш. І "Геаграфію Эўропы" таксама буду пераздымаць. Ня я буду, калі не дастану ўсе творы Караткевіча.

Увесь час рыхтаваўся да заліку па "Гісторыі друку Беларусі". Вось сёньня здаў. І ведаеш, як брыдка. Адзіны я толькі адказваў на мове. Што гэта такое, колькі ж гэта цягнуцца будзе? А гэтай Гусевай я так і ня здаў залік. Але, ну навошта мне, чалавеку, што ня мае нічога агульнага з "великим народом", ведаць, з чаго пачынаецца "Недоросль" Фанвізіна? Навошта мне Радзішчаў? Тады ўжо давайце будзем і армянскую, грузінскую і іншыя літаратуры вывучаць. Дык не ж. Па нашай літаратуры дык невялічкі курс. А тут і XVIII, і XIX, і XX ст."

З армянскай літаратурай -- гэта ён Шхіньяна ўспомніў. На той час Віталь Шхіньян быў на журфаку нашым трэцім. У мяне захавалася мноства і ягоных лістоў. Гэта вялізныя дыскусіі пра нацыянальнае пытаньне. Ён даводзіў, што прапанаваны культурна-палітычны націск павінен ахопліваць ня толькі этнічных беларусаў. Прадстаўнікі ўсіх нацыянальнасьцяў нашай краіны мусяць удзельнічаць у беларускім адраджэньні. Не згадаю, каб гэтая тэма сур'ёзна разьвівалася пасьля тых нібыта наіўных студэнцкіх дыскусіяў. Але ж нельга сказаць, што яна не цікавая і сёньня.

Тым часам Ігар працягваў паведамляць пра ўсе навінкі свайго паліграфа, робячы, паміж іншым, таксама далёкасяжныя назіраньні.

Зь ліста 1 лютага 1979:

"У хуткім часе ў нас будзе выходзіць Быкаў. Там яго апошняя аповесьць "Пайсьці і не вярнуцца" і шчэ штосьці. Барадулін будзе таксама. Шамякіна штосьці. Калі што-небудзь цікава, я прывязу. Але Быкава трэ будзе пачытаць абавязкова. Бо піша ён нядрэнна. Вайна -- гэта таксама гісторыя. Для нас яна мо не такая ўсё ж далёкая, але ж нашчадкам патрэбны будзе Быкаў, як зара нам Караткевіч".

А ў гэтым лісьце гаворка ідзе пра "капэрты" -- так мы называлі заплянаванае нелегальнае выданьне. Гермянчук займаўся даўкамплектацыяй падпольнай друкарні. Ігар выносіў з камбінату літаркі, якіх не ставала. Запуск выданьня, якое мусіла зьмяшчаць маніфэст, мы называлі ў лістах "адпраўкай капэрты на конкурс". Гэты запуск адкладаўся. Спрэчкі вяліся вакол спосабу распаўсюджаньня.

Зь ліста 5 сакавіка 1979 году, Менск:

"Ты зноў трымаешся сваёй пазыцыі па распаўсюджваньні капэрт. Вельмі ты ўжо наіўна глядзіш на адпаведныя ўстановы, на іх магчымасьці. Адмаўляеш іх выхад на нас. Штосьці і ты, і мой Вінцук мне не падабаецеся гэтымі сваімі прапановамі. Але зразумейце, што праз гэтыя вашыя шляхі распаўсюду мы вельмі хутка будзем там, дзе камусьці гэта патрэбна. Патрэбны трэці шлях. Трэці! Прамежны! Я ўжо рабіў некалькі сынтэзаў, але вынікі незадавальняючыя. Зразумей, што для сучаснай крыміналістыкі нават папера пахне целам яе ўладальніка. Тут яшчэ думаць, думаць і думаць..."

Не скажу, каб мы былі антысаветчыкамі. Гэта быў яшчэ той стан, калі цалкам прызнаваўся Ленін, але ягоныя нашчадкі ўжо адмаўляліся. І сама рэчаіснасьць, у якой мы жылі, нічога, апроч скепсысу, не выклікала. Скажы нам тады пра "вяртаньне да ленінскіх нормаў", мы б пагадзіліся і, бадай, спрычыніліся да таго вяртаньня. Іншая рэч, што мы ў такое вяртаньне ня верылі, і гэта змушала нас усё глыбей спазнаваць прыроду таго ладу, у якім мы існавалі. А гэта ўжо непазьбежна вяло і да перагляду поглядаў на Леніна.

Зь ліста, напісанага перад самым выездам на службу, 10 траўня 1979 году:

"Я ўжо амаль лысы. Заставіў толькі 2-3 см... Слухай, Сяргей, у партыю табе трэ ўступіць абавязкова і мне таксама. Таму што першым пакараньнем нашым у якім-небудзь выпадку будзе выключэньне з партыі. Strata nievialikaja".

Так фармавалася пэўная стратэгія. Ленін яшчэ прызнаваўся, а ўжо сучаснае партыйнае членства было прыдатнае толькі на тое, каб яго цынічна выкарыстоўваць. І гэты цынізм успрымаўся ўжо не як цынізм, а як здаровы і чысты розум.

У нашай перапісцы мы не пакідалі Мір. Гэта была прыдуманая намі на двух навуковая праца, таксама яшчэ наіўная, але тая, што "заводзіла" і прымушала гадзінамі сядзець у бібліятэцы, перагортваючы сотні кніг па-беларуску, расейску і польску, што мы рабілі, нібы цаліньнікі, унікаючы ў загадкі сярэднявечча, а загадак там было мноства. Чаму, скажам, уладальнік Міра -- малады і дужы ваяка і князь Юры Ільлініч у дваццаць сваіх гадоў адпісвае Мір у спадчыну хвораму аднагодку князю Радзівілу Сіротку, які ледзьве трымаецца на гэтым сьвеце. Неўзабаве Ільлініч памірае. Каб дазнацца, як гэта ўсё адбылося, трэба было пераворваць горы крыніцаў. І мы гэта рабілі. Чыталі, канспэктавалі, спрачаліся, езьдзілі на месца. Гэта яно нас і заваражыла. З аднаго выгляду яго здавалася, што пра гэтую фантастычную руіну -- Мірскі замак -- ня ведае ніхто ў сьвеце, і што нікому яна непатрэбная. А значыць, трэба сьпяшацца, дашуквацца зьвестак і імкнуцца расказаць пра гэта ўсяму сьвету.

Так мы пазнаёміліся з рэстаўратарам Валянцінам Калніным, аўтарам праекту аднаўленьня Мірскага замку. Калі Ігар застаўся адзін, ён працягваў нашыя супольныя пошукі, і кожны крок падрабязна апісваў мне:

"Ты ня думай, што мы толькі адныя працуем над гэтым. А Калнін? Памятаеш, ён паказваў нейкія пераздымкі архіўных справаў? Дык вось што, я да яго хутка буду зьвяртацца наконт пасяджэньняў па Міру і разам папрашу ў яго ўсе гэтыя дакумэнты. І шчэ што трэ зрабіць, дык гэта схадзіць у выдавецтва "Навука і тэхніка" і паразмаўляць, як яны глядзяць на падрыхтоўку нашай манаграфіі (так, так, манаграфіі. Што? У цябе адразу зьяўляюцца з гэтым словам уяўленьні пра штосьці такое вузканавуковае? Ты памыляешся. Памятаеш манаграфію, такую зялёненькую, Кісялёва "Пошукі імя". Дык яна чытаецца як найцікавейшы дэтэктыў".

Гэта быў яшчэ адзін важны мэтадалягічны пошук -- куды прыкласьці сілы, у якім жанры і ў якой галіне рэалізаваць сябе -- пісаць раманы ці вершы (зрэшты, мы ўжо пладзілі і першае, і другое) ці сур'ёзна займацца гісторыяй, ці мовазнаўствам. Нібы той Мірскі замак, уся агромністая беларушчына бачылася нам закінутай і нікому непатрэбнай. І толькі грунтаўней унікаючы ў яе, мы раптам сустракалі людзей, якія даўно і ўпарта займаюцца ёю -- беларушчынай. На журфаку такі быў выкладчык мовы Мікола Каваленка.

Ігар пісаў лісты на занятках, проста з натуры. Да прыкладу, 11 красавіка 1979 году:

"У Барадуліна ёсьць цікавыя радкі:

Менск.
Продак струны ціха кратаў.
Менск.
Правяраў лязо мяча.

І ўсё ў такім стылі. Гэта Мікола Каваленка прыводзіў такія прыклады па назыўным сказе. Дарэчы, на апошнім занятку гэты ж Мікола вось што сказаў: "Во да якога фіналу дайшлі. Нават цяжка знайсьці чалавека сярод журналістаў, які б валодаў жывой мовай народу". Гэта ён расказваў пра Бураўкіна, які наведаў студэнтаў-выпускнікоў журфаку. І, цікавячыся, як яны адносяцца да мовы і ўвогуле да Беларусі, на якія тэмы пішуць, адбіраў сабе людзей. Выходзіць, чалавек зацікаўлены, калі сам падбірае сабе кадры".

Крыху раней пра тое, што Генадзь Бураўкін узначаліў дзяржаўны камітэт радыё і тэлебачаньня, мне пісаў Віталь Шхіньян. З прыходам Бураўкіна зьвязваліся вялікія перамены. Зрэшты, і цяпер ягонае кіраўніцтва асацыюецца з пэрыядам беларусізацыі беларускага радыё і тэлебачаньня.

...Праз паўгоду пасьля мяне "загрымеў" у войска і Ігар. У ваенкамаце называліся варыянты -- Украіна або Ленінград. Аднак, як гэта часта бывае ў такіх выпадках, аказалася ня першае і не другое. Аказаўся Архангельск, на вайсковым жаргоне "Архара" -- своеасаблівая расейская цьмутаракань, пра што Ігар пісаў у кожным сваім лісьце. Зь іншага боку, гледзячы сёньня на пачаткі нашых захапленьняў, тое, што яго забралі на службу, павялічыла аб'ёмы нашае перапіскі. Вось ягоны першы вайсковы ліст.

"Дзень добры, браце. Вось ужо з 14 траўня я сапраўды твой калега. Але самае горшае, што лёс закінуў мяне за цэльных дзьве тысячы кілямэтраў ад родных мясьцін. Як тут называюць, у "город трескі, город тоскі". Зараз стаю днявальным. Тры гадзіны ночы. А на вуліцы сапраўдны дзень".

Зьвярніце ўвагу, якія экзатычныя рысы дадаліся ў нашым эпісталярным рамане. Праўда, нашмат цікавей чытаць пра згадваных у перапісцы людзей, якія ўпершыню зьяўляліся на небасхіле нашага лёсу, асабліва тых, якія на гэтым небасхіле і застануцца на ўсё жыцьцё.

Зь ліста 8 сьнежня 1979, Архангельск:

"Спытай у Вінцука, ці ведае ён такога Юры Цыбіна, здаецца, таксама член джаз-клюбу. Вольны паэт. Асоба даволі цікавая, патрэбная. Гадоў 22-23. Зь ім не знаёмы. Ведаю толькі па гаворках, якія пачуў тут".

Вось выкрунтасы нашай беларускай супольнасьці. Выглядае, што я пра Юрыя Цыбіна ўпершыню даведаўся ад Ігара Герменчука, які пачуў пра яго ў Архангельску! Альбо яшчэ адзін прыклад.

Зь ліста 27 верасьня 1980 году, Архангельск:

"Прывітаньне, братка.

Зь месяц таму ў мяне была адна з самых прыемных сустрэч за апошнія паўтара году. Неяк зайшоў павячэраць у сталовую. Стаю ў чарзе. Уперадзе невялічкая група. З выгляду турысты. І тут пачуў, што барадаты, які стаіць наперадзе мяне, павёў гаворку на мове, з прыемнейшым беларускім вымаўленьнем. Я да яго. Сапраўды, зь Менску. Яго і астатніх зьдзівіла, што на мове размаўляю. У іх было дужа мала часу. Сьпяшаліся ў аэрапорт. Ужо дамоў ляцелі. З хвілін дзесяць-пятнаццаць (пакуль стаялі ў чарзе і елі) гаварыў зь імі. У асноўным з гэтым барадатым. Назваўся Садоўскім, навуковы супрацоўнік з інстытуту мовазнаўства. Да халеры знаёмае прозьвішча, думаю. Толькі адкуль, не магу ўспомніць. А неяк, перачытваючы "ЛіМы", якія ў апопшні раз даслаў Вінцук, зноў праглядзеў артыкул аднаго з чэрвеньскіх нумароў, у якім ідзе гаворка аб мове і вымаўленьні дыктараў беларускага радыё, TV, артыстаў тэатра і г.д. Аўтар -- гэты ж Садоўскі. Яшчэ больш стаў паважаць яго.

За гэты час напісаў апавяданьне і даслаў у "Маладосьць". Вось зара чакаю... пахаронку".

Яшчэ крыху, і Архангельск гатовы стаць нашым пупом зямлі. Там гавораць пра Юрыя Цыбіна, там можна сустрэць Пятра Садоўскага і там Гермянчук піша свае апавяданьні, на якія такі прыйдзе яму пахаронка з "Маладосьці". Фармулёўка будзе для 1979-га году забаўная: "У апавяданьні не раскрыты канфлікт". І гэта ў часы самага росквіту сацрэалістычнай бесканфліктнасьці!

Калі пісаліся апошнія лісты з Архангельску, у Менску ўжо дзейнічала Майстроўня, а звыклае "прывітаньне Вінцуку" дапаўнялася словамі -- і ягонай жонцы. Мы абмяркоўвалі "хісткую атмасфэру", што панавала ў Майстроўні ды ўсе свае ранейшыя клопаты і заняткі.

Выснова пра тое, чым і як займацца, была такая:

Зь ліста 1 красавіка 1981 году, Архангельск:

"Дужа хочацца зноў узяцца за Мір. Дарэчы, як усё ж такі вырашылі з замкам? Мне здаецца, што ўсе гэтыя размовы адносна яго захаваньня -- ня больш чым пустая баўбатня, імкненьне замарозіць пытаньне. Калі так яно на самой справе, нам трэба зноў узяцца за матэрыял. Толькі больш прафэсійна і грунтоўна весьці расьсьледаваньне праблемы, чым першы раз. І дабіцца, чаго б гэта ні каштавала, публікацыі.

Дарэчы, шмат пытаньняў, вырашэньне якіх спрыяла б руху нашай справы наперад, можна падняць у друку. Дык чаму нам не займацца гэтым?! І менавіта так ты прынясеш больш карысьці справе. Калі мы жадаем дабіцца посьпеху, нам трэба дамагацца канкрэтных рашэньняў адпаведных органаў".

Далей згадваецца адна з нашых акцыяў -- патрабаваць у газэтных шапіках беларускі варыянт "Вячэрняга Мінску":

"Што датычыць формаў і мэтадаў, то, наколькі я інфармаваны, яны за апошнія паўтара-два гады зьмяніліся ў нас не нашмат. Мы, мо, як і раней, купляем "Вячорку", абражаючы кіяскёраў?"

А яшчэ празь месяц Гермянчук вярнуўся, і патрэба ў перапісцы адпала. Наперадзе было шмат новых людзей, шмат усяго-ўсяго рознага, словам, цэлае вялікае жыцьцё, скажы нам пра якое тады, мы ні за што б не паверылі.

Ігар вярнуўся і аднавіўся на журфаку, але ў іншай групе, на дзённым аддзяленьні, бо вечаровае за гэты час зьліквідавалі. Мы зноў былі разам. І яшчэ ня ведалі, што новая група, куды патрапілі, стане абсалютна ўнікальнай з усіх груп, усіх факультэтаў і ўсіх ВНУ. Яна дасьць ня толькі цэлую плойму вядомых сёньня журналістаў, але й некалькіх прафэсійных паэтаў. Нават двух рускамоўных, адным зь якіх апекаваўся Рыгор Барадулін і ў якога нядаўна ў Амэрыцы згарэў дом, а другі ўзначаліць пісьменьніцкую арганізацыю Сахаліна. З нашай групы выйдуць такія празаікі, як Астравец і Пятровіч. Два палітыкі ўсебеларускага маштабу -- Гермянчук і Навумчык, дэпутаты Вярхоўнага Савету. Людзі з нашага курсу робяць калыханкі на БТ і рэпартажы для РТР...

Чаму так сталася? У мяне няма іншага вытлумачэньня, апроч таго, што так склаліся зоркі.

Далей цікавасьць да беларушчыны пачне нарастаць у геамэтрычнай прагрэсіі. Масавыя беларускія арганізацыі, шматтысячныя мітынгі пад бела-чырвона-белым сьцягам, распад Савецкага Саюзу, нашыя газэты, сапраўднае грамадзкае і сваё асабістае шчасьце і натуральна -- цэлае мора расчараваньняў і перашкодаў, якія мы ўпарта штурмавалі да самага апошняга моманту, пакуль на тое хапала ў нас сілаў.

Калега Харэўскі, якога я папрасіў агучыць у гэтай перадачы лісты Герменчука, заўважыў, што пісаныя яны нібы сёньня -- тая ж "стромапація", тыя ж моўныя клопаты, той самы матыў абароны помнікаў. Маўляў, нічога не зьмянілася ў Беларусі. А мне падумалася, што заўсёды шчырае юнацкае памкненьне гучыць актуальна -- што дваццацігадовае даўніны, што стогадовае, што з часоў Антычнасьці. Заўсёды актуальнае самае першае сур'ёзнае пачуцьцё.
XS
SM
MD
LG