Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забойства жывёлаў. Недасканалы сьвет


Сяргей Дубавец, Вільня

Нядаўна ў “Нашай Ніве” быў апублікаваны ліст чытачкі з рытарычным пытаньнем: “Які цяпер год у нас ідзе?”

“Сапраўды, – піша аўтарка, – пра гэта можна задумацца, пабачыўшы здымкі на сёмай старонцы. Газэта растыражавала дзікі звычай забіваць на вачох сотняў людзей, сярод якіх ёсьць і дзеці”.

Аўтарка спасылаецца на фотарэпартаж пра сьвяткаваньне Курбан-Байраму ў Іўі. Там распавядалася, што івейская татарская супольнасьць адзіная ў Беларусі захавала спрадвечныя традыцыі. Цытую той рэпартаж: “Ахвярапрынашэньне для мусульман мае вялікае значэньне, і гэтага абраду яны ніколі не ігнаравалі. Вось і сёлета ў ахвяру было прынесена некалькі свойскіх жывёл. На двары каля мячэту чакалі свайго канца некалькі бараноў, тры двухгадовыя быкі і пара пеўняў. Пасьля асьвячэньня жывёл зьвязалі і дружна павалілі на правы бок, а там і прырэзалі”.

Здымкі каля тэксту ілюструюць гэты працэс, што і выклікала абураны водгук чытачкі, які газэта зьмясьціла ў наступным нумары. Вось яшчэ радкі зь яе допісу: “Можа быць, тады варта ўсім чытачам-немусульманам патлумачыць, у чым жа прыгажосьць забойства безабаронных жывёл? Спасылка на традыцыю беспадстаўная. Так можна спасылацца на яшчэ больш старадаўнюю традыцыю чалавечых ахвярапрынашэньняў. Пра якое зьмякчэньне нораваў можна марыць, бачачы такія здымкі? Гэтай публікацыяй вы далі нагоду яшчэ раз пераканацца ў тым, што прыгожага забойства не бывае! Там, дзе ліецца кроў, заўсёды боль, пакуты і сьмерць. Вы заклікаеце любавацца сьмерцю?”

Апошняе пытаньне рэдакцыя “Нашай Нівы” пакінула без адказу. Завісла немая паўза. Што тут можна сказаць? Усе мы, і мусульмане, і немусульмане, ямо тое мяса. А што рабіць з нашай вясковай традыцыяй калоць кабана да Калядаў, шматкроць апетай у фальклёры?.. Зь іншага боку, і ў тым абураным лісьце ёсьць рацыя, што кранае за жывое.

Вось жа ў сёньняшняй “Вострай Браме” гаворка пойдзе пра маральнасьць нашай традыцыі ў яе сёньняшнім выглядзе, а таксама пра тое, да чаго ў гэтай справе дадумаўся “ўвесь цывілізаваны сьвет”?

У беларускай літаратуры, як і ў беларускім жыцьці, мы знаходзім цэлы дыяпазон адносінаў да свойскай жывёлы. У Быкава ў “Знаку бяды” парсючок успрымаецца ледзьве не чальцом сям’і. У іншых – калярытна выпісваюцца дэталі забойства кабана, яго смаленьня і разьдзелкі. Мне згадваецца цэлая анталёгія на гэтую тэму, сабраная Ўладзімерам Сьцяпанам. Чым толькі ні забівалі тых парсюкоў – і электрычнасьцю, і бэнзапілой, і нават цэляфанавым пакетам...

Калі прыходзіць час калоць кабана, удзельнікі працэсу падзяляюцца: нехта падстаўляе конаўку пад струмень сьвежай крыві, а нехта зашываецца ў дальні куток двара, каб ня чуць сьвінскага віску і не глядзець на сьмерць. Маральнае пытаньне заўсёды было і застаецца ў гэтай справе адкрытым. Права чалавека на такое забойства і правы жывёлаў абуджаюць самыя зацятыя спрэчкі па ўсім сьвеце. У нас пакуль ідзе знаёмства зь нескажоным сэнсам самога гэтага слова – права.

Калі Сяргей Харэўскі распавёў мне пра тое, як прыгожа ў Жухавічах пад Наваградкам бацька ягонага сябра коле кабаноў, я запрасіў калегу ў сёньняшнюю перадачу, каб пачаць размову з традыцыйнага, так бы мовіць, мясажэрскага погляду. Якія аргумэнты прыводзяць сёньня прыхільнікі забойства жывёлаў?

(С.Харэўскі: ) “Аднаго разу ў Туркмэністане я стаў сьведкам таго, як вырабляюць найлепшы каракуль, што йдзе на футры ды шапкі. Дзеля гэтага рэжуць ягнятаў адпаведнае пароды. Дзясяткі тысяч ягнятаў гінуць адно дзеля свайго прыгожага футра. Бачыць, як іх, безабаронных і сьмешных, рэжуць – цяжка.

Зьвярнуўшы ўвагу на мае пачуцьці, сівабароды туркмэн у вялізарнай папасе растлумачыў тое, што адбываецца. У іншых народаў, казаў ён, ёсьць сады й палі, якія яны ўрабляюць і зь якіх зразаюць плады; наш сад – гэта нашыя статкі.

І праўда, на тэрыторыі Туркмэністану былі выгадаваныя самыя старажытныя пароды авечак, коней ды козаў. На іхную сэлекцыю пайшло 5 ці 6 тысяч гадоў. Ва ўмовах бязводнага стэпу адно толькі быдлаводзтва дазволіла тут людзям выжыць. Таму ягоныя прадукты – галоўны тавар і аснова тамтэйшае кухні”.

(С.Дубавец: ) “Напэўна, сёньня ўжо сьвет дастаткова зьмяніўся з таго часу, калі толькі прадукты жывёльнага паходжаньня забясьпечвалі туркмэнам выжываньне. Эканамічныя і бізнэсовыя матывацыі таксама выглядаюць непераканаўча, калі супярэчаць лёгіцы і маралі. Іншая рэч – рэлігія. Тысячагадовыя традыцыі забойства жывёлаў адлюстраваныя ў тысячагадовых рэлігійных прадпісаньнях...”

(С.Харэўскі: ) “Праблема забойства жывёлаў і ўжываньня мяса ў аўрамічных рэлігіях (юдаізме, хрысьціянстве й ісьляме) сягае да аднае зь першых прыпавесьцяў – пра Каіна й Абэля. У ёй Госпад нібы аддае перавагу ахвяраваньням Абэля – прадуктам земляробства.

Але ў запаветах, што даў Бог Майсею, ужо проста ўказана на неабходнасьць крывавых ахвяраў. Адзінымі абмежаваньнямі тут ёсьць забарона праліваць крывю ахвяры на хлеб, пакідаць тлушч ад ахвяры на ўсю ноч да раніцы й варыць казьляня ў малацэ ягонае маткі. Хоць яны тлумачацца не сэнтымэнтальнымі меркаваньнямі, а старажытнымі забабонамі, паводле якіх, напрыклад, акт кіпячэньня малака мог нанесьці шкоду статку – маўляў, прападзе малако ў быдла.

Забарона на зьмяшаную ежу распаўсюджаная ці не ва ўсіх кутках сьвету. У беларусаў такая забабоннасьць тычыцца ў першую чаргу зьмяшэньня малочных і рыбных прадуктаў (за выняткам Заходняга Палесься). Хоць нават у Майсеевым законе гэткія абежаваньні нічым не тлумачацца.

Да гэткіх самых архаічных уяўленьняў можна далучыць і закон пра “чыстых” і “нячыстых” жывёлаў зь Пяцікніжжа, дзе наўпрост гаворыцца: “Усялякае быдла, у якога раздвоеныя капыты й якое жуе жвачку – ешце”. Беларусы паводле тае традыцыі не ядуць каніны, бо ў коней, як найменей, капыты не раздвоеныя. Беларусы пазьбягаюць ужываць казьляціну. У многіх, пераважна заходніх, рэгіёнах краіны йснуе таксама табу на ўжываньне мяса дзічыны. Часьцяком шкодніка-дзіка, што зьбяёдаў поле, проста забіваюць і закапваюць, не разважаючы над коштам і вартасьцямі ягонага мяса.

Ды й стаўленьне да працэсу паляваньня ў беларусаў істотна зьмянілася за ХХ стагодзьдзе. “З вудай і стрэльбай гаспадар дрэньні” – можна пачуць у Панямоньні. Падобныя ж забабоны йснуюць да сёньня ў многіх раёнах Усходняе Афрыкі, у народаў нанда, масаяў, увататура, дзе таксама не спажываюць мяса ані свойскае, ані дзікае казьляціны. Зрэшты, як і дзікае птушкі”.

(С.Дубавец: ) “Ня думаю, што калі мы гаворым пра самое забойства, так істотна, свойская гэта жывёліна ці дзікая. Гэта нагадвае мне спрэчку са сьвятымі прыказаньнямі. Маўляў, сказана “не забі”, але не сказана – каго не забі. Проста “не забі”. У тым ліку і жывёлу – удакладняюць абаронцы правоў братоў нашых меншых. А якія яшчэ ёсьць аргумэнты ў іхных антаганістаў-мясажэраў?”

(С.Харэўскі: ) “Мяса свойскага быдла для беларусаў, як і для бальшыні народаў па ўсім сьвеце, – натуральны прадукт на стале. І тут беларуская, як і ўся хрысьціянская традыцыя, разыходзіцца зь юдэйскай і мусульманскай у дачыненьні да сьвініны.

Колькі мне даводзілася гутарыць з рознымі мусульманамі, гэтулькі ж вэрсіяў табу на сьвініну я чуў. Адныя гавораць, што сьвіньня проста брудная, іншыя пераказваюць нейкі апокрыф, што Бог кінуў грэх і казаў жывёлам – ешце, адна толькі сьвіньня нібы зьела, трэція кажуць, што сьвіньня рые рыхтык як араты, а таму амаль як чалавек... Для Беларусі ж гэтая жывёліна неаддзельная ад нашае спракаветнае традыцыі. Крыніца й харчу, і натхненьня.

Што адбывалася б, каб людзі ўсё ж адпусьцілі на волю тых істотаў, якіх яны стварылі на свой капыл? Гэткія прыклады ёсьць – мустангі ў Амэрыцы й на поўдні Францыі, вярблюды й буйвалы ў Аўстраліі, сабакі, каты ды галубы па ўсім сьвеце. Але гэта выключэньні, што вытлумачваюцца выпадковым зьбегам рэдкіх прыродных перадумоваў. Ну, а куды сыдзе сьнежнай зімою кабан польска-кітайскае пароды, больш за тону вагою, ламаючы ногі ад уласнага цяжару? Альбо куды дзенецца нядоеная карова з поўным вымем малака?..

Адмаўляючыся ад забойства, людзі былі б змушаныя спыніць рэпрадукцыю свойскага быдла, перакрэсьліць плён шматтысячагадовае працы быдлаводаў і заняцца ўтрыманьнем да скону мільёнаў свойскіх жывёлаў, якім даўно няма месца ў натуральным асяродзьдзі.

Аднак спачатку мы мусілі бы адмовіцца ад сваіх рэлігіяў, што змушаюць нас прыносіць быдла ў ахвяры й есьці яго. Ці можа быць вэгетарыянцам хрысьціянін, які прычашчаецца сымбалямі цела й крыві Гасподніх?”

(С.Дубавец: ) “Сапраўды, што цяпер рабіць з тым польска-кітайскім кабаном? Ці з поўнымі фэрмамі ягоных супляменьнікаў? Паставіць на дзяржаўнае ўтрыманьне? Ці дамовіцца гэтых пазабіваць, а новых ужо не разводзіць? Маўляў, завершым апошнім забойствам сваё немаральнае стаўленьне да жывёлаў. Зьямо, каб не прападала, а тады пачнем новае жыцьцё. Проста ад панядзелка...

Шчыра кажучы, я не знайшоў колькі-небудзь даходлівых аргумэнтаў як на карысьць цяперашняй, так і на карысьць заўтрашняй этыкі. Разьбіраючы шматлікія прапановы, я заўважыў, што кожная новая сэнтэнцыя раскладаецца на мноства пытаньняў, а пытаньні памнажаюцца і памнажаюцца.

Я адчуваў сябе нэандэртальцам, які хоча паляцець у космас, але ня ведае, што гэта такое і як гэта зрабіць. Справа забойства жывёлаў упершыню так ярка высьветліла, што і наша цывілізацыя ў гістарычнай пэрспэктыве – па-свойму дзікунская. Аднак што яна думае пра гэта сама? Я папрасіў Тацяну Поклад распавесьці пра найноўшыя дасягненьні ў справе маральнага абыходжаньня з жывёламі”.

(Т.Поклад: ) “У сьвеце сёньня адзначаюць спад актыўнасьці і адступленьне абаронцаў правоў жывёлаў. Шматлікія арганізацыі гэтага кірунку працягваюць вядома, дзейнічаць, зьяўляюцца і новыя ініцыятывы. Але пры гэтым назіраецца разгубленасьць шырэйшага грамадзтва ў пытаньнях, што лічыць жорсткасьцю, а што – нормай”.

(С.Дубавец: ) “Якія апошнія тэорыі абмяркоўваюцца?”

(Т.Поклад: ) “Да прыкладу, пра тое, што жывёлы могуць адчуваць боль, таксама, як і чалавек – розьніца не прынцопавая, яна ў “адценьнях” (ёсьць розныя колеры, а ёсьць адценьні аднаго колеру). Такім чынам, жывёлы, якія адчуваюць боль, маюць права, каб зь імі не абыходзіліся як з рэчамі. Ня тое, што жывёлам належыць даць усе правы чалавека, але тое, што жывёлы не зьяўляюцца рэчамі і з гэтага варта зыходзіць у дачыненьнях зь імі. Апраўдваючы забойства ці якое іншае катаваньне жывёлаў і дэманстрацыю гэтага, людзі апраўдваюць катаваньне тых, хто адчувае боль”.

(С.Дубавец: ) “Вось вам і новая пастка казуістыкі. Але ж і расьліны адчуваюць боль! Гэта з аднаго боку. Зь іншага, можна забіваць так, каб ніхто ня бачыў і каб болю нібы й не было. Чык – і ўсё. Людзі давялі такі мэтад да дасканаласьці ў працэдуры сьмяротнага пакараньня адзінак свайго віду... Якія яшчэ мы маем правы жывёлаў?”

(Т.Поклад: ) “Супярэчнасьць сучаснага сьвету палягае ў тым, што жывёлы – уласнасьць людзей, як нерухомасьць. І пры гэтым людзі разважаюць пра межы жорсткасьці і мараль. Гэта параўноваюць з колішнім рабаўладаньнем і развагамі пра чалавечнае стаўленьне да рабоў. Як некалі аджыло і адышло рабства людзей, так адыходзіць час рабства жывёлаў.

Менавіта канчатковае, як здавалася, умацаваньне думкі пра “чалавечнае” выкарыстаньне жывёлаў і прывяло ў 1970-я гады да выбуху актыўнасьці руху абаронцаў жывёлаў. Перажыўшы за 30 гадоў і “заняпады”, і “ўзьлёты”, гэты рух сёньня разьвівае ня столькі маральна-філязофскую ці экалягічную аргумэнтацыю, колькі лёгіку і права ў сфэры дачыненьняў “чалавек – жывёла”.

(С.Дубавец: ) “Значыць, усё ж такі спыняюцца на недасканаласьці чалавека. Маўляў, калі-небудзь людзі дарастуць да гарманічнага суіснаваньня з жывёльным сьветам. А пакуль... Пакуль людзі навучыліся клянаваць жывёлаў і неўзабаве пачнуць клянаваць самых сябе. Магчыма, поступ ідзе ў нейкім іншым, непрагназаваным кірунку. І тады адзінае, на што мы здольныя, гэта асабліва не зазіраць наперад, а толькі паступова разьвітвацца з традыцыйнымі ўяўленьнямі, якія сёньня выглядаюць несправядлівымі”.

(Т.Поклад: ) “Сучаснае грамадзтва пераглядае традыцыі і іх разуменьне. Абаронцы новай маралі кажуць: па-першае, існаваньне пэўнай сваёй традыцыі ўжо не зьяўляецца бясспрэчным аргумэнтам – свая традыцыя параўноўваецца зь іншымі – бо каб жыць у сучасным сьвеце, толькі сваёй традыцыі не дастаткова.

Па-другое, калі нешта практыкуецца і гэтая практыка мае статус культурнае традыцыі – як бы прыкрыцьцё – дык гэта яшчэ нічога ня кажа нам пра маральнасьць гэтае практыкі. Да прыкладу, расізм ці сэксізм і цяпер часам апраўдаваюцца традыцыяй, хаця ў гэтай сфэры такія спасылкі ўжо ня ўспрымаюцца ўсур’ёз.

Тое, што спажываньне мяса і крыві зьяўляецца традыцыйнай практыкай, сьведчыць, як шырака гэта распаўсюджана ў культуры спажываньня, і толькі. І калі сёньня нехта даводзіць, што традыцыя апраўдвае практыку, гэта звычайна азначае, што больш нічога і нельга сказаць ў падтрымку гэтае практыкі”.

(С.Дубавец: ) “Рудымэнтарныя часткі традыцыі ў часы нацыянальнага адраджэньня... Узнаўляць ці не ўзнаўляць? Мы толькі падступаемся да ажыўленьня сваёй культуры, у якой шмат чаго, аказваецца, трэба перагледзець. Скажам, агромністы пласт побыту – харчаваньня, вопраткі... А як гэта ў тых народаў, што даўно прайшлі этап адраджэньня?”

(Т.Поклад: ) “У эўрапейскіх народаў існуе трывалая традыцыя спажываньня мяса, скуры і футраў і выкарыстаньня жывёлаў у відовішчах (цыркі, радэо), але нельга сьцьвярджаць, што ёсьць традыцыя адкрыта дэманстраваць “крывавыя расправы”, асабліва перад кабетамі і дзецьмі.

Мы вучым дзяцей не катаваць жывёлаў, бо інакш яны ня будуць разумець чужы боль і вырастуць небясьпечнымі для грамадзтва, і апрача таго, мы вучым дзяцей ня быць жорсткімі і агрэсіўнымі, бо тады яны самі будуць ахвярамі агрэсіі – пачынаючы хаця б з таго, што “не рабі балюча сабачку, бо ўкусіць”...

(С.Дубавец: ) “Аднак і тут пытаньне. Наш самы рахманы ў сьвеце дзядзька, які коле кабана і п’е сьвежую кроў, ня робіцца ад гэтага агрэсарам. Мне даводзілася назіраць, як дратуюць сьвіны лыч або кастрыруюць парасятаў. Праўда, заўважу, што і ў тым рабленьні і ў назіраньні за ім быў нейкі нудлівы водгалас змушанасьці...

А яшчэ мяне бянтэжыць гэтае абурэньне “дэманстратыўнасьцю забойства”. Хіба схаванае ад вачэй яно лепшае? Яшчэ Альбэр Камю некалі, пішучы пра сьмяротнае пакараньне, заўважыў, што калі кат і сапраўды робіць справядлівую, маральную справу, дык хай робіць гэта прылюдна на плошчы, а не ў глыбокіх сутарэньнях. Ізноў напрошваецца думка пра недасканаласьць сьвету. І куды ж ён ідзе?”

(Т.Поклад: ) “Напэўна, людзі схільныя ў сваім разьвіцьці рухацца менавіта ў бок зьмяншэньня агрэсіі супраць жывёл, якую вымагае спажывецтва – да вэгетарыянства, значыць. Тое, што мяса не зьяўляецца фізіялягічна неабходным для чалавека, ужо амаль не абмяркоўваецца – пройдзены этап. Усё, маўляў, даўно даказана, застаецца толькі выбар.

Грамадзкасьць у Карэі пратэстуе супраць традыцыі есьці сабак (іх дзеля таго забіваюць адмысловым жорсткім катаваньнем), Эўрапейскі Зьвяз забараняе экспарт з Францыі гусіных вантробаў на знакаміты гусіны паштэт, бо дзеля гэтага далікатэсу, як высьветлілася, жорстка зьдзекуюцца з гусей.

“Крывавая жорсткасьць дзеля ежы б’е па нашых нэрвах” – так вельмі характэрна назваў свой артыкул карэспандэнт “The Times” Джон Бэлзэр. Ён піша: “Я асабіста ем мяса, нашу скураны абутак – як і многія людзі, але я супраць бессэнсоўнага і вытанчанага зьдзеку з жывёлаў і дэманстрацыі гэтага зьдзеку як новых дасягненьняў дзеля смаку і росту прадукцыйнасьці. Для ўсіх нас добрая вестка, што такія гіганты, як McDonalds, Burger King пад націскам PETA (“Людзі за этычнае абыходжаньне з жывёламі”) кантралююць сваіх фэрмэраў-пастаўшчыкоў на прадмет абыходжаньня з жывёламі”.

Іншы праваабаронца жывёлаў заўважыў: “Мы ня можам радыкальна мяняць свае звычкі, але ўжо не жадаем спрычыняцца да жорсткасьці”.

(С.Дубавец: ) “Такім чынам, мы зьмяняемся, гуманізуемся нерадыкальна. Якія ж формы гэтай гуманізацыі прапануюцца на заўтра?”

(Т.Поклад: ) “Ужо нібы вымаўленае “А”, але сказаць “Б” большасьць людзей яшчэ не гатовая ці не сьпяшаецца. Ды й не зусім ясна, якім тое “Б” будзе. Магчыма такім, як гэта ўяўляецца сучасным вэгетарыянцам, якіх у разьвітых краінах – 5-10%. Калі гэта вестуны новае маралі, дык і ня дзіўна, што іх мала. Шырокая грамадзкасьць ужо не высьмейвае вэгетарыянцаў, як гэта было раней.

Калі заклікі да адмены тавараў жывёльнага паходжаньня выглядаюць сёньня экстрэмальнымі, – дык ня менш экстрэмальным некалі выглядала прапанова адмовіцца ад крывавых ахвяраваньняў у храмах… Тое, што сёньня мы называем колішнімі мітамі, у далёкія часы было штодзённай практыкай. Нездарма сёньняшнюю жорсткасьць людзей навукоўцы тлумачаць менавіта агрэсіўнай спадчынай.

І наконт рабства жывёлаў. Выглядае, што грамадзтва рыхтуюць да закону пра адмену ўласнасьці на жывёлаў. У тых краінах, дзе прынамсі ёсьць юрыдычная база і ўсялякія акты супраць кепскага абыходжаньня з жывёламі”.

(С.Дубавец: ) “Ну, вось закон – гэта ўжо гучыць рэальна. Зноў параўноўваю сытуацыю зь сьмяротным пакараньнем. Адмена яго была прыдуманая інтэлектуаламі і ўрэшце ўведзеная ў многіх краінах “зьверху”, з пэўным цывілізацыйным апярэджаньнем, бо большасьць народу нідзе такую адмену не падтрымала. Цяпер падобным чынам будзе ўведзены закон пра адмену ўласнасьці на свойскую жывёлу...

Існуе вялікі збор чалавечае думкі пра тое, што мы рана ці позна мусім адмовіцца ад забойства жывёлаў.

Леанарда да Вінчы пісаў так: “Я не сумняюся, што лёс чалавечае расы і яе паступовае ўдасканальваньне прывядзе да адмовы есьці жывых істотаў гэтаксама няўхільна і пэўна, які дзікія плямёны перасталі есьці адзін аднога, калі пачалі кантактаваць з больш цывілізаванымі”.

Альбэрт Эйнштэйн: “Нішто так моцна не паспрыяе здароўю чалавецтва і шанцу захаваць жыцьцё на Зямлі ўвогуле, як эвалюцыя чалавецтва да вэгетарыянскай дыеты”.

Перакананымі вэгетарыянцамі былі Плютарх, Пітагор, Бэнджамін Франклін, Ганды...

Нашы аргумэнты “за” і “супраць” наводзяць на думку пра адзінства маралі. Ці ёсьць такое адзінства? Вось жа сёньня паралельна з пошукамі выйсьця зь мясаедзтва, шмат пішуць і пра канібалізм, нават пра “культуру канібалізму”, як культуру спажываньня. У беларускай традыцыі я знайшоў згадкі пра “культурнае людажэрства” хіба што ў Адама Мальдзіса. Апісваючы побыт нашых продкаў 18 стагодзьдзя, ён згадвае, што ў кухні трымалі аптэчку, дзе паміж іншага захоўваліся розныя тлушчы – гусіны, барсуковы, воўчы і чалавечы – апошні куплялі ў катаў.

Польскі часопіс “Czas kultury” цэлы свой апошні нумар прысьвячае антрапафагіі, дзе выкрываюцца этнографы, што няслушна апісвалі людажэрства, бо самі ня бралі ў гэтым удзелу. Насамрэч людажэрства ў нашых краёх даўно стала мітам. Яно, кажа “Czas kultury”, ідзе ад спрадвечнага імкненьня чалавека да эга- і этнацэнтрызму. Пажыраньне людзей стала прыпісвацца прадстаўнікам іншае нацыі або расы – жыдам, да прыкладу, якія нібыта дадавалі ў мацу кроў хрысьціянскіх немаўлятаў. Што яшчэ трэба для таго, каб узбуджаны натоўп распачаў жыдоўскія пагромы?

Калі перанесьці такі мэханізм на наша сёньняшняе мясаедзтва, дык цяжка нават уявіць, наколькі скажонае і міталягізаванае нашае ўяўленьне пра жывёльны сьвет. Нягледзячы на ўсе дасягеньні навукі ў гэтым накірунку.

Традыцыйнае разуменьне маральнасьці зьвяртаецца да ідэалу, да абсалютнае чысьціні. І калі чалавек усьведамляе ідэал, дык быць неадпаведным яму – амаральна. На гэткіх асновах стаіць усё наша выхаваньне і навучаньне. Інакш кажучы, нельга быць крыху маральным. Затое крыху амаральным – можна. Напрыклад, у палітыцы, якую паводле вызначэньня называюць бруднай справай.

Калі ж мы прызнаем тую пераходнасьць нашага стану ад дзікага да цывілізаванага, дык разбурым увесь наш маральны ідэалізм, бо прызнаем адноснасьць маралі. А гэта ці не прывядзе да разбурэньня ўсёй сыстэмы, на якой трымаецца сьвядомае грамадзтва?

Магчыма, для такіх пытаньняў не прыйшоў час, няма яшчэ чаго асэнсоўваць і гаворка ідзе пра агітацыйны пэрыяд. Як са згаданай сьмяротнай карай. Што да Беларусі, дык тут найчасьцей трымаюцца за старое, звыклае, зразумелае забойства. І любыя зьмены ў гэтай справе пачнуцца з асэнсаваньня ў культуры. Скажам, беларуская літаратура яшчэ ня ведае тэмы вэгетарыянства. Яна ніколі яшчэ не сутыкалася з тэмай маральнага абыходжаньня з жывёламі. Што казаць, калі нават забойства чалавека для яе пакуль што – трагічная канстатацыя, ня болей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG