Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нацыянальныя прэміі, падобныя да калядных падарункаў.


Сяргей Дубавец, Вільня

Сёлета напярэдадні Калядаў мы гаворым пра падарункі – пра нацыянальныя творчыя прэміі, пра іх месца і ролю ў беларускай культуры – колісь і цяпер. Нашы прэміі ня сталі такімі знакавымі зьявамі як усясьветная Нобэлеўская альбо француская братоў Ганкураў. Яны недаўгавечныя і сёньня ўжо сапраўды нагадваюць калядны падарунак – то гэта скульптурка, то проста букет кветак. Некалі былі савецкія прэміі – уручаліся яны з сапраўдным імпэрскім размахам і паводле грашовага аб'ёму і паводле значэньня. Іван Шамякін нядаўна ў ЛіМе згадваў пра сваю Сталінскую прэмію і пра тое, як яна ператварала маладога пісьменьніка ў ідэалягічнага паўбога. Казалі, што ўсе творы, вылучаныя на тую прэмію, чытаў сам Сталін. Сёньня калегі Івана Шамякіна, у адрозьненьне ад яго, найчасьцей імкнуцца ня згадваць свае сталінскія і ленінскія ўганараваньні. Стварылася і некалькі новых прыватных прэміяў, але яны, як правіла, зусім сымбалічныя. Дзяржаўныя прэміі здэвальваваліся яшчэ за савецкім часам і ніяк не ўплываюць на культурны працэс. Гэта пры тым, што такі ўплыў – галоўная задача творчага прэміяваньня. Дастаткова згадаць, колькі марыцца ў нас пра Нобэлеўскую прэмію для Васіля Быкава, што рашуча паўплывала б на прэстыж беларушчыны найперш у самой Беларусі і зьмяніла грэблівае стаўленьне беларускага начальства да роднае мовы, культуры, нацыі.

У апошнія савецкія гады прэстыж савецкіх прэміяў быў зусім непараўнальны з тым размахам і вагою сталінскіх прэміяў, пра якія згадвае Іван Шамякін. Што, да прыкладу, напачатку 80-х значыла якая-небудзь прэмія Ленінскага камсамолу Беларусі. Акурат такую прэмію атрымаў тады мастак Віктар Маркавец. Зь ім пра гэта гаворыць Сяргей Харэўскі.

(Харэўскі: ) "Вывучаючы мастацтва ХХ стагодзьдзя, я зьвярнуў увагу на тое, што чым бліжэй да мяне па часе творца, тым цяжэй нешта пра яго даведацца. Няма дзёньнікаў, шчырых лістоў. Але самае істотнае: з апошніх энцыкляпэдыяў і даведнікаў прападаюць цэлыя плоймы твораў, што стваралі мастакі, напрыклад, пра Леніна ці сацыялістычны Віетнам. Прападаюць дэфініцыі: "член КПСС з такога году" альбо "Ляўрэат прэміі Ленінскага камасамолу". Прападаюць нават гады адукацыі, ці па-іншаму пішуцца месцы нараджэньня. Каб ня страціць тыя ўспаміны, я запытаўся ў мастака Віктара Маркаўца, які атрымаў прэмію Ленінскага камсамолу Беларусі 1980 году, за што ж уганаравалі яго?"

(Маркавец: ) "У цэлым гэта звалася "сэрыя, прысьвечаная беларускаму вясковаму жыцьцю", гэта былі палотны "Дзед Балесь і бабка Марыся", "Сьвята ў Докшыцах", "Купальле", вось гэтыя тры. Гэта быў час такога "пацяпленьня", калі прыйшлі нашыя дэмакраты: Шчамялёў і Сьвентахоўскі. Яны былі ва ўправе Саюзу мастакоў і цягнулі сваіх беларускіх хлопцаў. Такая тады была пазыцыя".

(Харэўскі: ) "Як мне ўяўляецца, дык такія падзеі мусілі адбывацца ў надзвычай папмпэзнай абстаноўцы..."

(Маркавец: ) "Гэта было сьціпла. Быў вечар у Палацы чыгуначнікаў. За мною былі такія асобы як "Верасы" й слаўны "славяніст" Папкоў, паэт. Вось што я запомніў".

(Харэўскі: ) "Віктару Маркаўцу далі тады 500 савецкіх рублёў. Мала ці многа, як на той час?"

(Маркавец: ) "Ой, грашовая прэмія! 500 рублёў. Я нават ня помню. Прэміі былі абсалютна розныя. Камусьці болей, камусьці меней. Адным словам, на банкет не хапіла б".

(Харэўскі: ) "Дзіўна, што за нацыяналістычную творчасьць раздавалі савецкія прэміі. Гледзячы на цяперашні час гэта здаецца амаль неверагодным. Якія ж пачуцьці цьвелілі тады душу маладога камсамольскага ляўрэата?"

(Маркавец: ) "Мяне гэта зьдзівіла. Я нават крыху моршчыўся тады. Але як хлопцы казалі, што сваіх трэба цягнуць, то ў партыю, то куды яшчэ... Марачкіны тады хадзілі, Басалыгі... Тады гэта лічылася беларусізацыяй грамадзтва... Сорамна цяпер – ня сорамна... Я тады болей думаў пра работу. Тады ўспрыняў як само сабой зразумелае".

Віктар Маркавец згадвае, што адзінае, дзеля чаго яму спатрэбілася ў жыцьці званьне ляўрэата прэміі Ленінскага камсамолу Беларусі – гэта магчымасьць падпісаць знакаміты ліст беларускай інтэлігенцыі да Гарбачова. Напісаў той ліст Яўген Кулік, а падпісвалі толькі імянітыя творцы. Вось жа камсамольская прэмія надавала чалавеку імянітасьці. Сёньня стаўленьне да прэміяў зьмянілася на адваротнае. Найбольш радыкальна выказаўся на гэтую тэму пісьменьнік і выдавец Адам Глёбус. Заняты ў кніжным бізнэсе, Глёбус існуе акурат паміж такімі паняцьцямі як літаратура і грошы.

(Глёбус: ) "Мой зямляк Кандрат Крапіва напісаў найлепшы твор пра прэміі. "Дыплямаваны баран" называецца. Ведаюць тую байку ў школцы, паўтараць ня буду. Скажу яшчэ пра літаратурныя прэміі. Яны патрэбныя пачаткоўцам, графаманам з правінцыі, уладзе і чынавенству. Тое чынавенства стварае ўяўную гіерархію літаратуры. Уяўную, бо Багдановіч з Багушэвічам і Гаруном ніякіх прэміяў не атрымлівалі, а стварылі новую беларускую літаратуру. За прэміі пісьменьніку павінна быць сорамна. Гэта галоўнае – сорамна павінна быць. Мяркую, Брылю сорамна за Сталінскую прэмію, як Быкаву – за Ленінскую. Сартру вось было сорамна за Нобэлеўскую прэмію. Сартр, дарэчы, адмовіўся ад грошай і ад прэміі. Мужны ўчынак. У нас ніхто ніколі ад прэміяў не адмаўляўся і доўгі час не адмовіцца. Такія мы ўжо сьціплыя, беларусы. Вось Аркуш даў мне прэмію "цагліны". Зьняважлівая, між іншым, прэмія. І назва зьняважлівая. А я не адмовіўся. Сказаў, што машына ў мяне зламалася, не паехаў, не атрымаў. Але ж і не адмовіўся. Калі ты сапраўдны літаратар, ты мусіш рыхтавацца не да атрыманьня Нобэля, а да адмаўленьня ад Нобэлеўскай прэміі".

Адам Глёбус выступае за адмаўленьне ад прэміяў, аднак сам на такое адмаўленьне не знаходзіць у сваім беларускім характары рашучасьці. Такім чынам, зьяўляецца на сьвет яшчэ адна мэтафара беларускай сьціпласьці. У нас сапраўды ад прэміяў не адмаўляюцца.

Праўда, зараз жа згадваецца апошні выпадак, калі валанцёры ў Курапатах адмовіліся ад прэміі "Хартыі'97". Верагодна, забракавала хлопцам ды дзяўчатам сьціпласьці. Зрэшты, сьціплы чалавек і ня мусіць лезьці на вочы будаўнікам кальцавой дарогі і начамі грэцца ў намёце на месцы будучага мэмарыялу. Сьціплы сядзіць дома.

Найбольш вядомыя сёньня беларускія прэміі – якраз недзяржаўныя. Гэта ляўры Беларускага пэн-цэнтру, прэмія часопіса Arche і "Гліняны Вялес" Таварыства Вольных Літаратараў. Апошні зьявіўся на сьвет з ініцыятывы Алеся Аркуша і ўручаецца ўжо амаль 10 гадоў.

(Аркуш: ) "Пра літаратурную прэмію "Гліняны Вялес" казаць і проста, і складана. Проста, бо ёсьць што распавесьці, прэмія прысуджаецца ўжо з 93-га году, калі яна была заснаваная Таварыствам Вольных Літаратараў – за гэты час вакол "Вялеса" паўстала шмат розных легендаў, здарылася безьліч прыгодаў і проста цікавых гісторыяў. А складана таму, што "Гліняны Вялес" па-ранейшаму застаецца непрызнанай прыватнай ініцыятывай, да якой шмат хто ставіцца скептычна, а шырокая культурніцкая грамадзкасьць упарта яе ігнаруе. "Гліняны Вялес" застаецца гэткім андэграўндным, маргінальным мерапрыемствам, калі казаць больш дакладна – нефармальным. А ў Беларусі звыкліся прызнаваць толькі тое, што мае афіцынае "паходжаньне" – сыходзіць ад дзяржавы і ўлады. Зусім рэдка сустрэнеш у біяграфіях "вялесаўскіх" ляўрэатаў згадкі пра ўганараваньне тэвээлаўскай прэміяй. Вазьміце новыя біяграфічныя даведнікі – ні ў Арлова, ні ў Славаміра Адамовіча, ні ў Разанава згадак пра "вялесаўскае" ляўрэацтва няма. Хаця зусім нядаўна можна было даведацца, хто зь беларускіх пісьменьнікаў зьяўляўся ляўрэатам Ленінскага камсамолу. Выключэньнем у гэтым шэрагу, бадай, зьяўляецца Людка Сільнова, якая паведаміла пра сваю "вялесаўскую" адзнаку ў даведніку Кембрыджскага Біяграфічнага Цэнтру".

У расповедзе Алеся Аркуша вычуваецца яшчэ адзін матыў – заўсёдны спадарожнік усялякага прэміяваньня – крыўда. Тут гэта крыўда за непрызнаньне Вялеса як сур'ёзнай літаратурнай зьявы. Магчыма галоўныя чыньнікі, якія надаюць прэміі прэстыж – гэта ейнае доўгажыхарства, ейная матэрыяльная каштоўнасьць і спраўджаная гадамі правільнасьць выбару ляўрэатаў, якія ўжо самі ўтвараюць пэўны алімп нацыянальнае культуры.

(Аркуш: ) "Пры ўсім гэтым "Гліняны Вялес" застаецца ці не адзінай беларускай незалежнай літаратурнай прэміяй, якая прысуджаецца выключна за літаратурныя дасягненьні. Ёсьць яшчэ прэміі Беларускага Пэн-цэнтру (імя Францішка Багушэвіча і імя Алеся Адамовіча), але імі адзначаюцца перадусім змагары за свабоду слова. Цяжка назваць літаратурнай прэміяй і прэмію часопіса Arche, бо яна надаецца не за мастацкі твор, а за культурніцкую дзейнасьць. Сярод ейных ляўрэатаў пераважна публічныя дзеячы палітыкі і культуры. А "Глінянага Вялеса" можа атрымаць пчаляр, або сельскі настаўнік, які стварае ў сваім жыцьцёвым зацішку літаратурныя творы і друкуе, пераважна за ўласныя грошы, свае кнігі. "Гліняны Вялес" – гэта не капэрта з грашыма, якімі часам узнагароджваюць перадвікоў працы за творчыя дасягненьні з нагоды прафэсійнага сьвята або Дня перамогі. Гэта хутчэй сяброўскае цёплае слова, пахвала паплечнікаў зь літаратурнага цэху. Таму "Вялес" і не "крыштальны", і не "залаты", і нават ня срэбны. Ён гліняны, з самага творчага, непадкупнага матар'ялу, зь якога Бог зрабіў чалавека, і ўва што ператвараецца чалавек па сканчэньні жыцьця. "Гліняны Вялес" адмыслова прысуджаецца за лепшую мастацкую кнігу году, бо зусім недастаткова напісаць твор, або надрукаваць яго ў пэрыёдыцы. Для Беларусі па-ранейшаму застаецца актуальнай праблема нацыянальнай кнігі, якая мусіць выходзіць ва ўсіх кутках не такой ужо і малой нашай краіны, а тэвээлаўская літаратурная прэмія павінна гэтаму працэсу спрыяць.

Зусім іншую значнасьць мае "Гліняны Вялес" для Полацку і Полаччыны. Уганараваньне прэміяй сталася ўжо важкай традыцыяй мяцовага культурнага жыцьця. Урачыстасьць адбываецца ў Полацкім музэі беларускага кнігадрукаваньня – прыгожая, нефармальная цырымонія, сапраўднае сьвята краснага пісьменства.

А наконт гісторыяў… Іх шмат, і зь іх можна скласьці цэлую кнігу. Пра тое, як Анатоль Сыс скраў стода "Вялеса" ў Славаміра Адамовіча. Або пра тое, як старшыня Саюзу пісьменьнікаў Вольга Іпатава прапаноўвала мне абмяняцца прэміямі – мы, тэвээлаўцы, уганаруем каго-небудзь з СП, трэба меркаваць, кагосьці зь ягонага кіраўніцтва, а "афіцыйныя" пісьменьнікі выдзеляць адну дзяржпрэмію нам, на выбар – ці то Мележа, ці то Караткевіча, ці якую-кольвечы іншую. Вядома, прадзешавіць "Вялеса" мы не пагадзіліся. Жарт, канечне… А калі сур'ёзна, дык "Вялеса" можна зарабіць толькі сумленна – стацца аўтарам цікавай, таленавітай мастацкай кнігі".

Алесь Аркуш згадаў прэмію часопісу Arche і сказаў, што яна не літаратурная, бо даецца не за літаратурныя творы. У чым тут спэцыфіка і якое месца прэмія Arche займае сярод іншых беларускіх уганараваньняў – пра гэта я гаварыў з адным з заснавальнікаў згаданай прэміі Андрэем Дыньком.

(Дынько: ) "Прэмія Arche была задуманая ў 1999 годзе, і задумлялася яна як нелітаратурная прэмія альбо, дакладней, ня толькі як літаратурная. На той момант ужо існавалі дзяржаўныя прэміі, "Гліняны Вялес" Таварыства Вольных Літаратараў, прэміі Пэн-клюбу... А нам хацелася трохі пашырыць кола. Рэч у тым, што ўсё беларускае даволі часта зводзілі да літаратуры, часта заганялі ў межы такога літаратурнага гета. Нам хацелася гэтай прэміяй яшчэ раз падкрэсьліць, што не адно літаратурнае слова на сёньня важнае і што не адно яно можа пашыраць межы беларушчыны. Увогуле прэмія задумлялася як прэмія для таго самага важнага, што пашырае межы беларускага маўленьня. Ёсьць у нашай прэміі ўжо пэўная традыцыя. На яе могуць прапаноўваць намінантаў сябры рэдакцыі часопіса Arche. Тыя, хто вылучае намінантаў і ўдзельнічае ў галасаваньні, ня могуць быць прапанаваныя ў якасьці намінантаў на прэмію. Апошнія два гады адбывалася так, што менавіта тыя, хто быў вылучаны на апошнім паседжаньні, яны і станавіліся ляўрэатамі прэміі Arche. У 99-м годзе на апошнім паседжаньні мы чамусьці адзінадушна прыйшлі да думкі, што ляўрэатам мусіць стаць палітык, што гэта мусіць быць прэмія за сумленнае слова ў палітыцы. І тады выбар рабіўся паміж Вінцуком Вячоркам, які ўзначаліў БНФ "Адраджэньне" і Юліяй Чыгір, якая адчайна змагалася за тое, каб уратаваць мужа, выцягнуць яго з турмы. У 2000-м годзе ідэя каб уганараваць музыку таксама вынікла ў апошні момант. І прэмія дасталася Лявону Вольскаму, сьпеваку, які якраз перад гэтым вызначыўся надзвычайнымі як для беларускай музыкі альбомамі. Ня ведаю, хто будзе наступным ляўрэатам прэміі Arche. Выказваюцца самыя розныя ідэі. Прэмія Arche ўручаецца пры канцы вясны. Яшчэ ёсьць час".

(Дубавец: ) “Гэта фіксаваная, грашовая прэмія?”

(Дынько: ) "Ведаеце, гэта на сёньняшні момант не грашовая прэмія. У 99-м годзе сымбалічную суму мы ўручылі, у 2000-м не было нават сымбалічнае сумы. Гэта прэмія, якая зводзіцца да букету кветак".

Галоўны рэдактар "Нашай Нівы" і заснавальнік часопіса Arche Андрэй Дынько лічыць, што нацыянальная прэмія павінна быць "камэрнай", а камісія, якая прэмію прызначае – невялікай, як Француская акадэмія. На думку майго суразмоўцы, з часам беларускія прэміі стануць буйнымі ў грашовым эквіваленце. За ляўрэатам прэміі ТВЛ будуць бегаць дзяржаўныя і недзяржаўныя выдавецтвы, прапануючы высокія ганарары. А прэмію Arche будуць фундаваць разам дзяржава і кампаніі. Апраўдваючы камэрнасьць недзяржаўных прэміяў, Андрэй Дынько згадвае прэміі дзяржаўныя, якія скампрамэтавалі сябе менавіта сваёй сымфанічнасьцю.

Гэта праўда, што на тле пампэзных раздачаў дзяржаўных прэміяў сам падбор ляўрэатаў ніколі не выглядае пераканаўча. Асабліва калі ўручае тыя прэміі кіраўнік краіны, які ў справах культуры, мякка кажучы, ня дуж. Калі ж казаць пра дзейснасьць прэміяваньня, дык асабіста мне ўяўляецца нейкая яшчэ не прыдуманая літаратурная прэмія, якую заснуюць людзі незалежныя і багатыя. Праўда, гаварыць пра гэта яшчэ рана. У нашай краіне, дзе нацыянальная культура існуе на становішчы вінаватага, які мусіць або хавацца або апраўдвацца за тое, што ён ёсьць, у краіне, дзе на такім самым становішчы знаходзіцца матэрыяльнае багацьце, у нас грошы і літаратура, мабыць, яшчэ ня хутка адважацца на плённае адкрытае супрацоўніцтва.

Такі сам сабою склаўся несьвяточны прагноз. Паўпадпольная культура, паўпадпольны бізнэс і Калядны Дзед, які сёньня хавае свае падарункі.

Тым ня менш, сытуацыя выглядае досыць аптымістычна. Бо ў прэміяваньні ёсьць вялікая радасьць прадчуваньня, а сама ідэя нацыянальных прэміяў разьлітая ў паветры і дазваляе мноства фантазіяў. Тут няма нічога агульнага з афіцыёзным узнагароджваньнем. Бо рухавік гэтых фантазіяў -- у спрадвечным імкненьні чалавека дарыць і гэтым самым прыносіць радасьць.
XS
SM
MD
LG