Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусізацыя Амэрыкі. Памяці Кена Кізі


Аўтар Сяргей Дубавец, Вільня

Калі тыдзень таму паведамілі пра сьмерць амэрыканскага пісьменьніка Кена Кізі, я зразумеў, што прысьвячу ягонай памяці чарговую "Вострую Браму" і нарэшце дабяруся да таго, што ніяк не давалася ў папярэдніх перадачах - пра Гершвіна, Голдынга або Сэлінджэра. Вось жа з гэтага і пачну.

Амэрыканская ці - шырэй - сучасная заходняя культура ў Беларусі мае зусім іншае прачытаньне або ўспрыманьне, чымся ў Амэрыцы або на Захадзе. У нас яна ператвараецца ў нешта цалкам адметнае, інакш уплывае, інакш нараджаецца і зьнікае. Мы гартаем тыя самыя кнігі, слухаем тую самую музыку, глядзім тыя самыя фільмы, але пры тым прачытваем, бачым, чуем зусім ня тое, што нашы сучасьнікі на захадзе. Акурат Кен Кізі і падказвае гэткую выснову. Кажучы проста, часам мы нават большыя амэрыканцы, чым самі амэрыканцы. І тое, што там праходзіць у патоку шоў-бізнэсу, тут часьцяком пакідае ў душы пажыцьцёвы адбітак. Мы сапраўды больш удзячныя чытачы, слухачы і гледачы. І так адбываецца таму, што наш сьвет іншы і наша ўспрыманьне зусім іншае. Сёньня ў "Вострай Браме" - культавы раман Кізі "Палёт над зязюльчыным гняздом" і аднайменны фільм Мілаша Формана, які, верагодна, лепей знаёмы ў Беларусі, чым літаратурны арыгінал. Заўважу, што і кнігу і фільм мы маглі чытаць і бачыць толькі ў расейскіх перакладах.

Якое дачыненьне Кен Кізі мае да Вострай Брамы? Пэўна ж ён не стаяў у ёй. Зрэшты, хто ведае. Гісторыя і літаратура - рэчы непрадказальныя. Вось жа нарадзіўся Кізі 17 верасьня. Праўда, беларускі народ тады яшчэ ня ведаў, што будзе адзначаць гэты дзень як адно з найвялікшых сваіх нацыянальных сьвятаў. Да ўзьяднаньня Заходняй і Ўсходняй Беларусі заставалася чатыры гады. Акурат як маленькі Кен пачне выяўляць цікавасьць да кніжак, па ўсёй Беларусі назавуць вуліцы днём ягонага нараджэньня. Праўда, гэта ўсё ж даволі фармалізаваны падыход. Зь іншага боку, у гарадах нашых і мястэчках, на тых вуліцах 17 верасьня некалі зьявяцца так званыя гіпары - апалягеты поўнае свабоды, рок-н-ролу і вольнага каханьня. Кізі будзе аб'яжджаць амэрыканскія правінцыі на сваім аўтобусе, а дзе-небудзь у Полацку Вінцэсь Мудроў будзе зачытвацца ягоным раманам. Гэты аброслы патламі дзяцюк яшчэ ня ведае, што стане ці ня самым акрэсьленым гіпі ў беларускай літаратуры, які апіша сваю бітнікаўскую маладосьць самымі сьветлымі зыкамі роднае мовы. Ці ж мог я не запрасіць яго ў гэтую перадачу - на разьвітаньне з кумірам, які пакінуў нас тыдзень таму.

(Вінцэсь Мудроў: ) "Простым паваротам рэгулятара на стальных дзьвярах старэйшая сястра можа пускаць насьценны гадзіньнік з такою хуткасьцю, як ёй трэба: заманулася ёй паскорыць жыцьцё, яна пускае іх хутчэй, і стрэлкі круцяцца на цыфэрбляце, як сьпіцы ў коле".

Прывёў гэтую цытату зь "Зязюльчынага гнязда" дзеля ілюстрацыі ўласных пачуцьцяў. Пасьля сарака неяк асабліва гостра адчуваеш плынь часу: валадар хронасу безразважна круціць рэгулятар, час ляціць і ўсё, што хвалявала колісь сэрца і розум, незваротна патанае ў шэрым калейдаскопе дзён. Але што дзіўна: тыя два золкія верасьнёўскія дні, калі я, паваліўшыся на тапчан і паклаўшы на грудзіну тры сшыткі "Новага міру", чытаў раман Кізі "Над зязюльчыным гняздом", запомніліся да драбностак. Было гэта ў 1987 годзе, у таёжным цюменскім пасёлку, за сотні кілямэтраў ад цывілізацыі; знадворку сьпяваў віскуцень, па даху вагончыка, у якім я жыў, ляскатала адарваная бляха, а па мокрай шыбе паўзла, спрабуючы выбрацца на сухое, самотная мушка.

"Уяві сабе, — казаў герой раману індзейцу Бромдэну, — Вялікі Правадыр Бромдэн ідзе па бульвары — мужчыны, жанчыны і дзеці задзіраюць галовы і глядзяць на яго," - я чытаў гэтыя радкі і ўяўляў, як мы, тры маладых хлопцы, ішлі ў верасьні 70-га па наваполацкай вуліцы: басанож, у падзертых капелюшах, у кашулях, расфарбаваных анілінавымі фарбавальнікамі ня горай ад таго аўтобуса, на якім Кен Кізі выпраўляўся ў свае вандроўкі, і мужчыны, жанчыны і дзеці задзіралі галовы й глядзелі на нас. Як і героі знакамітага раману, мы бунтавалі. Дзяржава, у якой мы жылі, давала сваім грамадзянам мінімум даброцьцяў: малагабарытную двухпакаёўку, сьціплую еміну, нейкую вопратку — той жа балоневы плашч на плечы. Мы праглі большага, нам было цесна ў савецкім малагабарытным загоне. Нам хацелася слухаць "Білз" і "Ролінгаў", чытаць Кізі і Бёрджэса, насіць на худых азадках "левісаўскі" лэйбл, мы марылі наведаць Лівэрпуль і фэст у Вудстаку, а яшчэ мы праглі, узьбіўшыся на званіцу сваёй недасяжнай мары, дыхнуць на поўную грудзіну і плюнуць на ленінскі камсамол. Дакладней, на прылізаных камсамольскіх важакоў, якія ў тыя далёкія 70-я гады спрабавалі нас выхоўваць.

Надарылася тое, што і павінна было надарыцца. Мушка, якая завіхалася на мокрым шкле, так і ня выбралася на свой мацярык, вязень псыхушкі Макмёрфі — герой "Зязюльчынага гнязда" — зазнаў паразу, бунтар Кен Кізі ўрэшце махнуў на ўсё рукой і зьехаў у Арэгон, дзе стаў вырошчваць сэльдэрэй і арцішокі, а былыя камсамольскія работнікі, па большасьці, вясковыя мальцы, сталіся ў Беларусі гаспадарамі жыцьця. Сёньня ў гэтых калгасьнічкаў, якія з маладых дзён ведалі — што дзе казаць і куды лізнуць, якія зроду ня слухалі "Ролінгаў" і не чыталі Кена Кізі, усё схоплена. І я дзячу Богу, што яны яшчэ не схапілі нас, былых кізістаў: людзей, якіх на золку жыцьця наведаў бунтарскі дух.

Чытаючы жыцьцяпіс бітніка прыгожага пісьменства, міжволі шукаеш раўналежнікі паміж колішнімі сваімі інтэнцыямі і жыцьцёвай філязофіяй Кена Кізі. На жаль, а можа і на шчасьце, мы, тады яшчэ наіўныя падлеткі, ня мелі магчымасьці прачытаць ягоных раманаў і закладзеная ў іх філязофія ня сталася этыкетам нашых паводзінаў. І ўсё ж мы маем права назваць сябе кізістамі, ці, лепш сказаць, кізікамі. І хай гэты наватвор ня надта лагодзіць слых, але затое ён напоўніцу адпавядае маладзёвай эстэтыцы 70-х. Пасьля невялічкай паўзы заўважым: не прайшлі міма нас і наркотыкі. Ну, вядома, гэта быў не гераін, і ня "Lucy in the Sky with Diamond", а нейкая брыда, якую прывозіў з грузінскага Руставі адзін мой знаёмы па мянушцы Жыган.

У папулярныя сярод савецкага афіцэрства папяросы "Казбек" замест тытуню была напханая каляная трава, ад якой, як казаў Жыган, можна было заляцець на аблокі. Па сьведчаньні знаёмца, травой гэтай забаўляўся сам Пол Макартні, і такі аргумэнт прымусіў з понтам, як тады казалі, стукнуць папяросінай па пачку і шчоўкнуць запальніцай. Нічога не адчуўшы, я высмаліў яшчэ пару папяросін, а потым цэлую гадзіну ванітаваў у прыбіральні, дарэшты ўсьвядоміўшы, што чалавечае сталеньне складаецца ня толькі з душэўных парываньняў, але і з памылак.

Раман, пра які тут гаворка, зьявіўся сьвету ў 1962 годзе. Цікавы быў час: на парыскай сцэне сьпяваў пра апалае лісьце Іў Мантан, за акіянам пачынаў брынкаць на гітары Піт Сігер, а на нябачным з-за шчыльнага ідэалягічнага туману Альбіёне ўжо гучаў дуэт Джона і Пола. "Над зязюльчыным гняздом" сталіся прадвесьцем цэлай эпохі — зь яе бітнікамі, гіпі, антываеннымі дэманстрацыямі, барыкадамі ў Лацінскім квартале і гіпнатычнымі зонгамі Джыма Морысана. Скончылася бурная эпоха напачатку 70-х, акурат тым часам, калі моладзь захапілася іншай эстэтыкай і іншым бэстсэлерам: аповесьцю Эрыка Сігала "Love story". І гэта дае магчымасьць сьцьвярджаць, што рэпэрнымі пунктамі гісторыі зьяўляюцца не рэвалюцыі, а кнігі.

Пісьменьнік Кізі ўважаў акаляючы сьвет задужа прагматычным, сур'ёзным і хцівым, а таму й непрымальным для сябе. Пісьменьнік ня толькі сваёй творчасьцю, але й эксцэнтрычнымі паводзінамі змагаўся з усясьветным прагматызмам, сур'ёзнасьцю і хцівасьцю. І, як Ільіч аб ста тысячах трактараў, марыў аб ста тысячах размаляваных школьных аўтобусаў. Сьмерць Кізі ня выклікала патэтыкі. Пабачыўшы на тэлеэкранах партрэт свайго колішняга куміра, сівагаловыя амэрыканцы, ангельцы і французы сумна пасьміхнуліся, згадаўшы паношаныя джынсы, дэманстрацыі на 5-й авэню і саладжавы пах марыхуаны. Дзея ў Марксавай парадыгме: чалавецтва весела разьвітваецца з сваім мінулым.

Апошнім часам мне здаецца, што там, на другім баку сусьвету, душа — хай і на кароткі час — стрэнецца з душамі іншых людзей. Я паспрабаваў пералічыць тых, с кім хацеў бы стрэцца. Такіх людзей аказалася няшмат: дзьве блізкія мне жанчыны, Максім Багдановіч, Джон Ленан, і вось сёньня далучыў да сьпісу Кена Кізі.

Так што, уздыхнуўшы і падвысіўшы голас, скажам: — Bye-bye, mister Kesey... І да сустрэчы".

(С.Дубавец: ) У 60-я гады Кен Кізі езьдзіў па Амэрыцы на сваім аўтобусе і прапагандаваў наркотыкі. З гэтых падарожжаў вырасла цэлая культура. Чым ня роля для сучаснага інтэлігента. Хто сказаў, што творца на захадзе - гэта ўсяго толькі прафэсіянал, а не прарок. Гэтаксама як і кожны прарок, ён адрынуты правільнай публікай і горача вітаны носьбітамі альтэрнатыўных каштоўнасьцяў. Прапагандысты апэльсынавага соку, разьведзенага з кіслатою, былі сапраўднымі аднадумцамі. У іхным аўтобусе стварыўся культавы рок-гурт "Grateful Dead", першая група так званага кіслотнага року. Пазьней на гэтую плынь адгукнуцца і Бітлз, і Джымі Хендрыкс, і Джэніс Джоплін, плынь будзе названая музыкай "абуджанае сьвядомасьці". Чым ня тэрмін з гісторыі беларускага адраджэньня. Вынікам аўтобусных падарожжаў стала тое, што ЛСД у ЗША пакаштавалі два мільёны чалавек. Сёньня гэты наркотык забаронены ва ўсіх амэрыканскіх штатах.

Раман Кізі ў нас шырэй вядомы ў кінавэрсіі, хоць яна і моцна адрозьніваецца ад арыгіналу. Сёньня пра зьяўленьне фільму на савецкіх экранах і той час згадвае Сяргей Харэўскі:

(С.Харэўскі: ) "Гэты фільм зрабіў на маё пакаленьне вялізнае ўражаньне. Мы, навучэнцы Менскае мастацкае вучэльні, хадзілі на яго шматкроць і кожнага разу як упершыню. Шчыра кажучы, на тое быў шэраг прычынаў. Макмэрфі з амэрыканскай "дуркі" надта надаваўся нам, што зьбіраліся "адкасіць" ад абавязковага разьмеркаваньня немаведама куды, а пасьля - ад савецкага войска. Натуральна, не апошім матывам для савецкага падлетка была эротыка, акуратна, але казытліва ўплішчаная ў тканіну фільма Мілаша Формана. Вясёлы й разумны Макмэрфі быў тым пэрсанажам, да якога хацелася быць падобным, насуперак сыстэме ўмоўнасьцяў і татальнае перадвызначанасьці, у якой мы жылі. Надта нішчымна было навокал. І сымболіка вар'ятні спаміж такога жыцьця выглядала нават прывабна. Адзін мой знаёмы, гіпі й студэнт мастацкага інстытуту, проста так і казаў, перафразуючы Махатму Гандзі: толькі прайшоўшы "дурку" чалавек можа стаць самім сабою.

Адчуваньне велічы фільма нарастае, ажно пакуль у другой палове ты, прыкуты да крэсла ў залі, забываешся дыхаць. І першы, і другі, і трэці раз чакаеш нейкае іншае разьвязкі. Бо тая, што ёсьць - трагічная - заварожвае. Людзі пакідаюць залю ў цішыні, зь цяжкім і трывожным пачуцьцём. Халодная й вільготная рука страху бярэ за самае сэрца. Няўжо гэта адбудзецца і са мною? За часоў Брэжнева вар'ятні складалі цэлае паралельнае жыцьцё - настолькі маштабнае, што гэта наша юнацтва выглядала ў ім як аазыс.

Канфлікт у "Палёце" сфармуляваны дакладна: Макмэрфі спрабуе вывесьці на свабоду сваіх сяброў па няшчасьці, людзей з насамрэч "вывіхнутымі" мазгамі. Ці павінны людзі мець свабоду, калі яны яе ня хочуць, а то й не разумеюць што гэта такое? А што рабіць адміністратарцы, мэдычнай сястры Флэтчар, ад якой залежыць тое, што завецца "парадкам"? Падазраю, што частка гледачоў выходзіла з кіназаляў з пачуцьцямі, супрацьлеглымі маім.

Сам Кізі быў абураны трактоўкай свайго твору, нават падаў у суд. Яго раззлавала інтэрпрэтацыя вобразу Макмэрфі, які ў выкананьні Джэка Нікалсана стаў вялікай трагічнай фігурай, што зацьміла ўсё астатняе. Паміж напісаньнем раману й ягонай экранізацыяй прамінула 12-13 гадоў. Кізі ў тыя часы ўжо не пісаў, абраўшы сабе самотніцкі лад жыцьця. Стваральнікі фільма памкнуліся зьляпіць з аўтара раману прататып МакМэрфі. І правакатар Нікалсан зрабіў гэта бліскуча. Канфлікт творцы й публікі, гуру й ягоных пасьлядоўнікаў стаў публічным. І якім публічным! 5 Оскараў зараз.

Фільм Формана патрапіў на савецкія экраны амаль празь дзесяць гадоў пасьля таго, як быў створаны. Раман у расейскім перакладзе быў надрукаваны яшчэ пазьней. Савецкая публіка змагла спрычыніцца толькі да рэха падзеяў, ідэяў і драмаў прамінулае на іншым канцы сьвету эпохі.

Cёньня з імем "Кен" у моладзі хутчэй зьвязаныя асацыяцыі з "мужам Барбі". Я зь цяжкасьцю магу сабе ўявіць, каб нехта зь беларускіх дзецюкоў захапляўся тымі вобразамі з "Палёту над зязюльчыным гняздом"... Маладафротнавец ён ці дробны гандляр са стадыёну "Дынама". Кіно, як на сёньня, ня "экшэн", яго трэба глядзець цярпліва. Раман 1962 году, завязаны на цэлай плойме тагачасных штатаўскіх асацыяцыяў. Хто ўбачыць цяпер, сёньня, адпаведнасьць сваім пачуцьцям у вобразе зухаватага крымінальніка-сымулянта ў псыхіятрычнай лякарні? Можа быць гэты час яшчэ наперадзе?"

(С.Дубавец: ) Дапушчэньне Сяргея Харэўскага пра тое, што час зязюльчынага гнязда для нас яшчэ наперадзе, мае сэнс. Рэч у тым, што сымболіка свабоды ў творах Кізі і Формана для заходняга чалавека мае агульнагуманістычны сэнс. Вар'яты - гэта зусім не вар'яты, а іншыя людзі. Асаблівая ўвага надаецца творчасьці іншых. Таму рэвалюцыя паводле Кізі ёсьць вызваленьнем гэткага чалавечага патэнцыялу так званых ненармальных, распараджацца якім так званыя нармальныя ня маюць ніякага маральнага права. Зусім па-іншаму ўсё гэта выглядае ў нас. Сымболіка свабоды набывае тут сацыяльнае і нацыянальнае гучаньне. Вось чаму фільм Формана ў савецкія часы ўспрымаўся як прадвесьне пераменаў. Вось чаму сёньня ён успрымаецца ледзьве не як дапаможнік у паліталёгіі. Згадайце, колькі ў нас пішацца пра сьвядомасьць народу альбо электарату, пра тое, што нашы людзі самі ня хочуць свабоды і незалежнасьці і не разумеюць гэткіх перавагаў. Мэтафара настолькі яркая, што асьляпляе.

Кен Кізі перажыў многіх сваіх сяброў-бітнікаў. Сам ён аказаўся творцам культуры, у сьпісе аўтараў якой Джэк Керуак, Уільям Бэроўз, Ален Гінзбэрг. Пачынальнік бітніцтва Керуак пісаў:

"Трэба, каб сьвет запоўнілі вандроўнікі з пляцакамі, якія адмаўляюцца падпарадкоўвацца ўсеагульнай вымозе спажываньня прадукцыі, паводле якой людзі павінны працаваць дзеля прывілею спажываць усю гэтую лухту, якая ім насамрэч зусім непатрэбная. Перад мною ўстае мроя пляцаковае рэвалюцыі, тысячы і нават мільёны маладых амэрыканцаў падарожнічаюць з пляцакамі за сьпінай, караскаюцца на горы, пішуць вершы, якія прыходзяць ім у галаву, бо яны добрыя і, робячы дзіўныя ўчынкі, яны падтрымліваюць адчуваньне вечнай свабоды ў кожнага, ва ўсіх жывых істотаў..."

Джэк Керуак, 1945 год. Самае прадвесьне руху гіпі. Мы чытаем такое па-свойму. Чым не Багушэвіч са сваім "хай жа ўсе, усе хто можа, возьмуць свой кіёк дарожны" і адправяцца - у сьвяты паход. Чым ня нашы адраджэнцы ўсіх без выключэньня плыняў, для якіх падарожжа было заўсёды галоўным спосабам існаваньня. А мы ж і ня ведалі, што з падарожжа пачаўся рух гіпі. Вандруючы то ў Зэльву да Ларысы Геніюш, то ў Мір да замку, то ў Полацак, то на Палесьсе ў фальклёрныя экспэдыцыі, мы й ня ведалі, што такім чынам гіпуем. Вы скажаце, што гэта ўсё было іншае. Ня ведаю. З вонкавых прыкметаў нічога не адрозьнівалася. І музыку мы слухалі тую самую. Проста выгляд і значэньне гэтых вандровак у нашай сытуацыі былі нібыта свае. Але зноў жа - нібыта.

Кен Кізі рана разьвітаўся зь літаратурай. У адрозьненьне ад многіх сваіх сяброў, што не вярнуліся з наркатычнага фронту, ён пераадолеў залежнасьць і стаў вырошчваць гародніну на фэрме. Сваёй сапраўднай вынаходкай ён лічыў ня прозу, а той самы размаляваны школьны аўтобус, які езьдзіць па сьвеце, сымбалізуючы свабоду і супраціў няшчырасьці закасьцянелых грамадзкіх прынятасьцяў. Тыдзень таму Кізі ня стала. Але ягоны аўтобус, бадай, будзе працягваць сваё падарожжа, бо ягоная місія ня скончыцца ніколі і нідзе ў сьвеце. Гэта ягоныя пасажыры штогод выпраўляюцца ў вандроўкі па Беларусі. Гэта ягоных пасажыраў можна пабачыць на акцыях пратэсту ў Менску. Гэта яны ставяць сёньня свае намёты ў Курапатах.
XS
SM
MD
LG