Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканская трагедыя.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Адразу пасьля падзеяў у Амэрыцы інфармацыйныя каналы сьвету перапоўніліся да краёў: сэнсацыі адна за адной, нібы зарніцы ў небе, выблісквалі і прападалі. На тле ўстойлівае тупое нуды, якую заўсёды выклікаюць паведамленьні пра сьмерць, вылучаліся дзьве тэмы. Першая - гэта сьведчаньні ахвяраў, якія яны пасьпелі перадаць з борту захопленага летака або з-пад развалінаў Усясьветнага гандлёвага цэнтру. У гэтых сьведчаньнях ёсьць надзея на штосьці, што яшчэ можа павярнуць фатальную хаду падзеяў, адвесьці дурную, незразумелую пагібель. На жаль, надзея засталася марнай. Але мне падалося, што яна мела падставы. Сцэнар пісаўся ў паветры ці, прынамсі, мог быць удакладнены ў паветры. Карэктывы мусіла ўнесьці Зямля. Але пра гэта - крыху пазьней.

Другая тэма - гэта пошукі спраўцаў злачынства. Магчыма, вядома, у клубах дыму разгледзець твар дэмана, але імёны бандытаў у кожным разе цяпер можна толькі дадумаць - больш ці менш доказна і пераканаўча. Непераканаўчая, хоць і зусім зразумелая, хаатычнасьць першых дзён. Затрыманыя тэрарысты, праз гадзіну - адпушчаныя, аказалася ня тыя. То ўзьнікае вэрсія пра залётных арабаў, што проста перад вылетам чыталі курс пілятажу па-арабску, то яна абвяргаецца іншай: гэта былі прафэсіяналы, рыхтаваліся гадоў пяць. Натуральна, вялізныя ведамствы мусяць выконваць сваю работу і даваць адказы. Яшчэ больш натуральная іхная прага адплаты. І публіка прагне, сьвядома ці не, разумеючы, што імя аўтара ў гэткай сытуацыі можа зьмяніць калі ня ўсё на сьвеце, дык маё прыватнае стаўленьне да многіх рэчаў, маю асабістую філязофію жыцьця.

Сёньня ў Вострай Браме - Амэрыканская трагедыя. Яе ахвяры, яе сьведкі, яе стваральнікі і яе культурны кантэкст.

Пачну з уражаньняў, якія шмат каму пададуцца спрэчнымі. Зьміцер Бартосік шукаў самога сябе ў гэтым ці то зьмененым пасьля трагедыі ці то нязьменным нашым сьвеце. Ягоны погляд зь Менску падаўся мне ня тое што тыповым, але характарыстычным. У ім, нібы ў люстэрку, - гама пачуцьцяў менскае публікі, перадусім моладзі, якая ня мае ўстойлівых паняцьцяў пра самую сябе, сваё спадчыннае месца на зямлі і ў сьвеце, дзеля таго, каб у гэтых каардынатах, быццам у амфары, магло захоўвацца маналітнае і непарушнае рэчыва спагады.

(З.Бартосік: ) "9 верасьня ў сваёй паштовай скрынцы я знайшоў невялічкую рэклямку. І ня мог не ацаніць пачуцьцё гумару тых, хто даслаў яе менавіта ў дзень выбараў беларускага прэзыдэнта. Рэклямка запрашала ўзяць удзел у чарговым розыгрышы грын-картаў у самую лепшую краіну сьвету - Злучаныя Штаты Амэрыкі.

А праз два дні, адзінаццатага верасьня, я сядзеў на эсплянадзе Гандлёвага Дому на Нямізе, Партызанскім півам адзначаў новую пяцігодку, і зьбіраўся затэлефанаваць адной амэрыканскай журналістцы, воляю лёсу закінутай у наш край зь Нью-Ёрку, каб пацешыць яе гісторыяй пра рэклямку. І раптам затэлефанавалі мне. Маці крычала ў слухаўку, што пачынаецца трэцяя сусьветная вайна, што ў Нью-Ёрку гараць хмарачосы, што разбураны Пэнтагон, што ў Амэрыцы тысячы забітых і параненых, і каб я тэрмінова ехаў дадому. Яе гістэрыка перадалася й мне. "Якая вайна? Які Пентагон? Нікуды я не паеду", - крыкнуў я ў адказ і адрубіў сувязь. Тры шыракатварыя хлопцы, што пілі піва за суседнім столікам, ляніва азірнуліся на мой крык. "Гарыць Нью-Ёрк. Гарыць", - сказаў адзін жуючы свой хот-дог. Сказаў так, быццам гаворка ішла пра мінулыя выбары ці пра надвор'е. Я паспрабаваў уявіць тую карцінку ў навакольным краявідзе. Як вялізны самалёт абрынаецца на шэры няміскі гмах, на ўсе гэтыя ўнівэрмагі, на бязладна зашклёныя бальконы зь бялізнаю, на бясьпечных менчукоў. І вырашыў затэлефанаваць адной прыгожай дзяўчыне, каб даведацца пра ўсё больш падрабязна.

"Гарыць твая Амэрыка сінім полымем. Дагуляліся ў вайну", - адказала тая. "І табе не шкада людзей?" "Каго, амерыкашак? Не шкада ні кроплі". "А каго ж табе шкада, расейскіх салдат у Чачэніі?" - завёўся я. "Так, - сказала яна, - іх вельмі шкада". Цікава, што мая знаёмая - зусім не закончаная дурніца і не прыроджанай лукашыстка. І нічога кепскага ёй Амэрыка не зрабіла. Адкуль жа гэткі антыамэрыканізм у аматаркі амэрыканскіх фільмаў ды грошай? У асобы, якая не пасьпела пабыць нават савецкай піянэркай?

Я бадзяўся па вуліцах і зазіраў у твары мінакоў. Намагаўся адчуць, што ў гэтым сьвеце сапраўды адбылося нешта настолькі непрадказальнае, што цяжка паверыць. Але людзі паводзілі сябе так, як паводзяць заўсёды. Толькі адзін заклапочаны твар я сустрэў на працягу гадзіны - знаёмага актора, чыя дачка жыве ў Чыкага. Цікава, у колькіх нашых грамадзян трагедыя на тым беразе акіяну выклікала не спачуваньне, ня страх перад гэтым непрадказальным сьветам, не жаданьне хоць чым-небудзь дапамагчы... а радасьць. Маленькую, подленькую радасьць. Не ад таго, што загінулі ідэалягічныя ворагі ці былыя супернікі ў халоднай вайне. А толькі ад таго, што загінулі нашмат багацейшыя й дужэйшыя. Загінулі тыя, хто мог дазволіць сабе ня ведаць, хто такі Лукашэнка. Загінулі тыя, хто заробак атрымлівае ў далярах, а ня ў зайцах. Хто жыве на шыкоўных вілах, замест таго, каб жыць у сьмярдзючых хрушчобах. Хто адпачывае на Багамах, замест таго, каб ехаць саджаць буракі на дачу. Хто п'е добры віскі замест "Крыжачка". І хто сьмела ды ўпэўнена глядзіць у заўтрашні дзень. І вось заўтрашняга дня - ня будзе. Мы будзем. А яны - не.

Дабраўшыся да тэлевізара, я быў уражаны прыгажосьцю той трагедыі. У вялікай краіне нават катасрофы выглядаюць прыгожа й велічна. Як у кіно. Да тае пары, праўда, пакуль буйным плянам не пакажуць людзей у вокнах. У гэты момант кіно сканчаецца. Бо разумееш – людзі, якія трапілі ў пастку самых верхніх паверхаў праз кароткі час загінуць. Але машучы хусткамі, яны яшчэ спадзяюцца на нешта.

Якімі дробнымі й пратэрмінаванымі здаліся раптам усе тыя жарсьці, якімі я жыў яшчэ пазаўчора. Усе нашыя Ганчарыкі й Лукашэнкі, стаяньні пад парасонамі й дзяльба амэрыканскіх грантаў, развагі пра эміграцыю. Ні на Палац рэспублікі, ні на галоўную Рэзыдэнцыю Боінг не ўпадзе. Нават кукурузьнік. Не заслужылі пакуль. І пасьля ўбачанага ўжо напэўна ніводзін нягоднік ня скажа, што Штаты ваююць за дэмакратыю, плоцячы чужой крывёю.

А за вокном тым часам працягвалася жыцьцё. Мясцовыя алкашы знайшлі сабе такую нагоду для п'янкі. Гэта ж трэба – Нью-Ёрк гарыць! Тут табе й за ўпакой, і за здароўе. Але памыляюцца тыя, хто радуецца. Нават пад руінамі хмарачоса, сярод аскепкаў Боінгаў, сярод пылу Мангэтэна ляжаць зусім не такія, а вольныя й багатыя людзі".

(С.Дубавец: ) "Слухаючы Зьмітра Бартосіка, я згадаў нядаўнюю менскую трагедыю на Нямізе. Тады ўлады адрэагавалі, як адрэзалі: ня трэба шукаць вінаватых. Хоць мала хто паверыў, што галоўны вынаваты ў масавай пагібелі моладзі - банальны травеньскі дожджык, які і стыхіяй не назавеш. У Амэрыцы задача знайсьці і адплаціць была пастаўленая адразу. Злачынства прагучала як выклік цывілізацыі. Але фізычных выканаўцаў не існуе ў прыродзе. Гэта значыць, што ў тым выкліку трэба разглядаць зьяву. Яе назвалі міжнародным тэрарызмам. Магчыма, яна шырэйшая і больш складаная, чым толькі гэтыя групкі непрымірымых ісламіслаў у афганскіх гарах.

Паўтару - самымі даставернымі з усіх фактаў выглядаюць сьведчаньні пацярпелых. Тых, што званілі з мабільнікаў з борту самалёта перад самай сьмерцю. Або тых, хто выбраўся з-пад завалаў жывым.

"Арабская" вэрсія выглядае найпрасьцейшай, але яна патрабуе наўпроставых доказаў, якіх няма. Насьцярожвае, што ні ў адным званку з захопленых самалётаў не называліся арабы. Насьцярожвае і тое, што такую маштабную акцыю наўрад ці можна было ў Амэрыку прыўнесьці звонку - больш праўдападобна, што яна высьпела ўсярэдзіне.

Ужо на другі дзень пасьля здарэньня такія сьведчаньні мільганулі ў друку і прапалі, накрытыя хвалямі новых і новых фактаў.

Мне запомнілася сьведчаньне 25-гадовай Тацяны. У часе першага выбуху яна была на 29-м паверсе Ўсясьветнага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку:

"Працаваць у адной зь вежаў-блізьнятаў Міжнароднага гандлёвага цэнтру, якім ганарыліся жыхары амэрыканскага мэгаполіса, было ня толькі прэстыжна, але й прыемна. Раніцай, калі ў падземным паверсе адкрываліся шматлікія буцікі, а народ сьпяшаўся на цягнікі ў бок Нью-Джэрзі, у натоўпе можна было заўважыць мноства турыстаў. Адныя кіраваліся да хуткасных ліфтаў, каб з глядзельнай пляцоўкі паўднёвай вежы пад назваю "Вяршыня сьвету" паглядзець на захапляльную панараму Нью-Ёрку. Іншыя з разяўленымі ратамі разглядалі маладых "япі" - жанчын у бездакорна белых блюзках і мужчын з масыўнымі кейсамі - супрацоўнікаў самых вядомых кампаніяў сьвету, офісы якіх разьмяшчаліся ў двух 110-павярховых будынках. А тыя, абмяняўшыся прыветным "Morning" з аховай, імкнуліся ў свае ўтульныя кабінэты. Да 9 гадзіны прыбіральшчыкі акурат сканчалі сваю працу. І можна было, наліўшы кубачак кавы, каторы раз акінуць вокам як прачынаецца горад і зноў зьдзівіцца бурлівай энэргіі і вечнаму руху. Потым спраўдзіць электронную пошту, даведацца навінаў, пабалбатаць з калегамі".

25-гадовая Тацяна працавала фінансавым аналітыкам аднаго з найбуйнейшых банкаў. І раніца 11 верасьня была для яе зусім звычайнай. Прыйшоўшы на працу крыху раней за дзявятую гадзіну, яна зьбіралася зрабіць званкі, але тут адбылося непамыснае. Будынак раптам гайдануўся, "нібы яго ўдарыла вялізнай бэйсбольнай бітай". У першы момант Тацяна вырашыла, што пачаўся землятрус, але зараз жа адчула жудасны пах гары і дым, які разьядаў вочы. Ва ўнісон зьвінелі супрацьпажарная сыстэма і сыстэма бясьпекі, людзі кінуліся ў калідоры. Ліфт не працаваў. Тады ўвесь народ апынуўся на лесьвіцы запаснога выхаду. На шчасьце, Тацяне ўдалося дабрацца да падземнага гаража да таго моманту, як абрынулася вежа. Адтуль зьнямелую ад жаху яе разам зь іншымі адводзілі па нейкіх лябірынтах у памяшканьне, падобнае да бомбасховішча і далі магчымасьць затэлефанаваць сваякам. Той час, што яна адседжвалася ў бясьпецы падаўся ёй самым страшным.

"Я думала пра тое, што цяпер адбываецца на паверхні і ў думках разьвітвалася са сваімі блізкімі. Праз чатыры гадзіны, выйшаўшы на вуліцу, я ўбачыла на месцы вежаў месіва з абгарэлых чалавечых целаў, кавалкаў мэталу, аскепкаў шкла і абгарэлай паперы. І тады я зразумела, што мой сьвет болей не існуе. Я зазірнула ў ацалелую вітрыну - адтуль на мяне глядзела сьсівелая і моцна напалоханая жанчына. Цяпер над горадам стаіць хмара ванітоўнага смуроду, падобнага на шкловату, а вуліцы абляпілі мільёны папераў. Усё што здарылася не ўспрымаецца як рэальнасьць, я хутчэй як фінальная сцэна фільма "Байцоўскі клюб".

На думку Тацяны, тэрарысты, якія зьнішчылі Міжнародны гандлёвы цэнтар у Нью-Ёрку, нанесьлі ўдар па маладых славалюбцах, па тых, хто ўвасобіў амэрыканскую мару і атрымаў працу ў найбуйнейшых міжнародных кампаніях. І хоць мала хто цяпер кажа пра псыхалягічны аспэкт трагедыі, яе ўплыў на амэрыканскую нацыю будзе сакрушальным і страшным.

Тацяна згадвае кінафільм "Байцоўскі клюб". Ён і сапраўды па-свойму вытлумачвае тое, што адбылося. Прынамсі такая вэрсія можа мець месца. Герой фільма - такі самы славалюбец з прэстыжнай фірмы. Але, у адрозьненьне ад Тацяны, яму мала гэтага ўтульнага сьвету ўсеагульнага руху і самасьцьверджаньня. Калі жыцьцё ідзе перадвызначанаю каляінай - гэта ўжо несвабода. Інакш кажучы, гэтага мала, каб адчуць, што жывеш напоўніцу. Бо не пакідае думка, што хоць ты і гома сапіенс у белым каўнерыку, але пры тым застаесься жывёлінай - валасатай малпай зь невядома якімі таемнымі вірамі на самым дне душы. Якім чынам тут раскрыцца? Герой знаёміцца з такім самым, як і ён, чалавекам. Два нармальныя, звычайныя, дастаткова разьвітыя маладыя бізнэсмэны сустракаюцца, гавораць пра што заўгодна, намацваючы тую супольную мяжу жаданьняў. І аднойчы калега кажа герою: "Слухай, дай мне ў морду. Ну, праўда, дай". "Проста так даць?" "Проста так"... Большасьці людзей не ўласьціва даць іншаму ў морду. Нейкі бар'ер, нейкая перашкода замінае. А інтуіцыя падказвае ім - ага, вось дзе твой бар'ер, твая несвабода, твая абмежаванасьць і немагчымасьць жыць напоўніцу.

Герой размахваецца і ня вельмі рашуча наносіць удар калегу. Што адбылося? Штосьці незразумелае, але прыцягальнае. Істота адчула сябе поўнай і неабмежаванай. Цяпер чарга калегі... Словам, два зусім добрапрыстойныя дзецюкі знаходзяць сваё вызваленьне ў гэтым. Удзень яны ўлягаюць у сваіх прэстыжных фірмах, а па вечарох "адцягваюцца" ў бойцы. Каб знайсьці сваю свабоду, яны ня пішуць вершаў і не кахаюцца бесьперастанку, як гэта рабілі іхныя папярэднікі-гіпі. Яны намацалі той комплекс, які з маленства закладзены ці ня ў кожным мужчыну і вырашылі яго разбурыць. Далей высьвятляецца, што такіх, як яны, - мора. Вялізнае мноства мужчын па ўсёй Амэрыцы, для якіх пераадоленьне таго няўменьня даць іншаму ў морду, што глыбака засела з маленства, становіцца ледзьве не рэлігіяй. У выніку маленькі напачатку байцоўскі клюб нашых герояй ператвараецца ў сетку такіх клюбаў па ўсёй краіне. Пасьля таго, як арганізацыя структуруецца, яна мусіць знайсьці сабе ідэалёгію. Калі ідэалёгіі няма, зьяўляецца жорсткая сыстэма падпарадкаваньня і грандыёзная мэта - зрабіць акурат тое, што мы пабачылі ў аўторак 11 верасьня.

Адзін авіядыспэчар зафіксаваў голас тэрарыста ў захопленым самалёце. Адна толькі фраза: "Бяз глупстваў" - была сказаная без акцэнту і акурат так, як гэта мог сказаць Брэд Піт у "Байцоўскім клюбе".

Хадзілі чуткі, што "Байцоўскі клюб" забаронены да публічнага паказу ў ЗША. Можна зразумець, чаму. Там прырода тэрарызму выводзіцца на сучаснай амэрыканскай глебе і тэрарыстамі робяцца такія зразумелыя клеркі з офісаў, пекары-аптэкары і развозчыкі піцы. Камікадзэ можа выгадавацца і ў нетрах самай звычайнай амэрыканскай публікі, на глебе знаёмай амэрыканскай мары і амэрыканскае маскультуры, у фантазіі стваральнікаў якой пасажырскія самалёты ўжо не аднойчы таранілі вежы Усясьветнага гандлёвага цэнтру.

Цяпер - пра выратаваньне, пра тое, што магло зьмяніць хаду падзеяў. Пасьля аўторкавых падзеяў у Амэрыцы свае парады апублікаваў адзін палкоўнік расейскага ФСБ:

"Аўтобусы, вакзалы, аэрапорты і самалёты - найбольш улюбёныя месцы ў тэрарыстаў. Таму лепей прыяжджаць на вакзал ці ў аэрапорт як мага бліжэй да адыходу цягніка, аўтобуса ці да пачатку рэгістрацыі. У аэрапорце трэба як хутчэй прайсьці ўсе фармальнасьці, каб чакаць пасадку ў адмысловым сэктары, які ахоўваецца. Абіраючы дату падарожжа, супастаўце яе з календаром: ці не прыпадае яна на якое рэлігійнае сьвята, памятную падзею ці гадавіну тэракту. У дарогу апранайцеся непрыкметна, не бярыце з сабой упрыгожаньняў і не дэманструйце рэлігійныя знакі. Лепш ляцець эканомклясай, бо салён першае клясы тэрарысты захопліваюць у першую чаргу і разьмяшчаюць там свой "штаб". У аўтобусе сядайце ў сярэдзіну салёну. У самалёце найбольш небясьпечныя месцы каля праходаў і аварыйных люкаў, празь якія спэцназ пачынае свае апэрацыі дзеля выратаваньня закладнікаў. Галоўная задача - не ўступаць з тэрарыстамі ў кантакты, не супраціўляцца і не выяўляць ініцыятыву. Не глядзіце яму ў вочы, ня скардзіцеся, нічога не патрабуйце, не выказвайце страху і будзьце непрыкметным. Той, хто мітусіцца, загіне першым. Памочнікі тэратыстаў могуць быць і сярод пасажыраў, таму ні з кім не размаўляйце. Нічога не даставайце з кішэняў або сумкі. Сядзіце ціха і прышпіліцеся рамянём, бо пры выбуху ў расколіну зацягваюцца ня толькі прадметы, але й людзі".

Натуральна, у жыцьці ўсё адно непазьбежныя адхіленьні ад інструкцыі. Пра тое сьведчаць пасажыры самалёта, які ўрэзаўся ў будынак Пэнтагону. Тэрарысты паведамілі людзям, што перад сьмерцю яны могуць затэлефанаваць сваякам праз мабільную сувязь. З тых званкоў не вынікае - хто такія былі захопнікі. Вядома толькі, што яны былі ўзброеныя нажамі і што сагналі пасажыраў у заднюю частку машыны. І вось там, сярод гэтага натоўпу, у якім кожны, верагодна, імкнуўся выглядаць непрыкметным, апынулася жонка намесьніка міністра юстыцыі ЗША Тэадора Олсана. Былі там таксама супрацоўнікі сэнату, тры школьныя настаўнікі з Вашынгтону. Ня кажучы пра іншых, ужо толькі зь пералічаных можам дапусьціць, што гэта былі людзі, здольныя цьвяроза ацаніць сытуацыю і паспрабаваць нейкім чынам распарадзіцца ўласным лёсам ды паўплываць на лёсы іншых. Усім ім далі загад затэлефанаваць сваякам і паведаміць, што яны зараз памруць.

Барбара Олсан, якая да таго ж была некалі фэдэральным пракурорам і вядомай тэлекамэнтатаркай, затэлефанавала свайму мужу двойчы. Два разы па адной хвіліне. Першы раз яна сказала: "Наш самалёт захоплены". Муж тэрмінова зьвязаўся зь міністэрствам юстыцыі, дзе яму адказалі, што афіцыйным асобам нічога не вядома пра захоп гэтага самалёта. Празь некалькі хвілінаў Барбара зноў зьвязалася з сужэнцам і спытала: "Што я павінна сказаць пілёту?" Гэта былі яе апошнія словы. Высьветлілася, што яна ня мусіла ляцець гэтым рэйсам, бо забранявала квіток на іншы час. Але ў мужа быў дзень нараджэньня і яна захацела прыляцець раніцай, каб пасьпець пасьнедаць зь ім разам.

Апошні званок сьведчыць, што разумная і відавочна валявая жанчына не зьмірылася зь лёсам і не жадала склаўшы рукі чакаць сьмерці. "Што я павінна сказаць пілёту?" Адказу на гэтае пытаньне мы ня знойдзем у інструкцыях, не знайшоў гэтага адказу і яе муж. Што ён мог сказаць ёй? Хіба словы суцяшэньня? Але гэта ня той выпадак, калі суцяшаюць безнадзейна хворага. Жонка прасіла ў мужа таго слова, якое магло паўплываць на пілёта і зьмяніць хаду падзеяў. Верагодна, калі яна пыталася пра гэта, яна мела ўжо нейкую размову з захопнікамі, прынамсі мела доступ да таго, хто вёў самалёт у сьмерць. Магчыма яна нават паабяцала ўжо нешта сказаць яму. Вось толькі адзін званок і адтуль ёй перададуць гэтае самае запаветнае. "Што я павінна сказаць пілёту?"

Мне чамусьці здаецца, што калі б яны былі ісламскімі фундамэнталістамі, дык тут сытуацыя магла б выглядаць прасьцей. Ня ведаю, якім словам спыніць мусульманіна, але дапускаю, што такое слова ёсьць. Гэтая вера, якая б фанатычная яна ні была, рэгулюецца словам. У мужа спадарыні Олсан было некалькі хвілінаў, каб падумаць у гэтым накірунку. "Што я павінна сказаць пілёту?"

А калі гэта не мусульманін? Калі ўчынак тэрарыстаў не афарбаваны ніякімі культурнымі ці культавымі фарбамі? Калі гэта і сапраўды - байцоўскі клюб? Нават тады напачатку ўсяго гэтага ляжала ідэя, задума, выказаная словам. Вось яна і прасіла СЛОВА. Паэтычнага, магічнага, фантастычнага...

"Што я павінна сказаць пілёту?"

Тут усё - ад дзіцячага "чароўнага слова" да талстоўскага "Што я павінен сказаць сьвету?" - ёсьць калясальная вера ў сілу слова, якое здольнае зьмяніць бачаньне ўсяго навокал і адвярнуць трагедыю. Але маўчыць муж на тым баку сувязі. Маўчыць інструкцыя палкоўніка ФСБ. Маўчаць Шэксьпір і Дастаеўскі, маўчаць Цыцэрон і Чэрчыль, маўчаць Купала і Колас. Маўчыць наша паважаная цывілізацыя.
Гэтым разам яна прайграла.
Гэтым разам яна прамаўчала.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG